Ангельскамоўны тэрмін GoNGO трывала ўвайшоў у лексыку актывістаў беларускіх НДА. У перакладзе на беларускую мову панятак GoNGO хоць і гучыць досыць абсурдна (урадавая недзяржаўная арганізацыя), аднак збольшага адлюстроўвае сытуацыю. У адрозьненьне ад НДА, арганізацыя тыпу GoNGO - гэта "кіраваная дзяржавай недзяржаўная арганізацыя, створаная з мэтай выглядаць грамадзкім аб'яднаньнем". Да ліку GoNGO ў Беларусі можна аднесьці масавую моладзевую арганізацыю БРСМ, РГА "Белая Русь", афіцыйныя прафсаюзы, шматлікія вэтэранскія і жаночыя арганізацыі etc. Сьпіс можа быць вельмі доўгім. Усе гэтыя структуры лучыць высокая ступень залежнасьці ад уладных інстытуцыяў, несамастойнасьць у прыняцьці рашэньняў, а таксама падтрымка афіцыйнага курсу кіраўніцтва краіны. Падобныя гібрыдныя ўтварэньні павінны стварыць у грамадзтве ілюзію ўдзелу грамадзянаў у працэсе прыняцьця рашэньняў, а таксама кансалідаваць прыхільнікаў рэжыму.
Зыходзячы з традыцыйнага вызначэньня НДА, распаўсюджанага на Захадзе, "NGO - гэта арганізацыі, якія дзейнічаюць на карысьць грамадзтва, і не кантралююцца з боку ўраду". Пры гэтым наўрад ці які-небудзь закасьнелы заходні бюракрат назаве НДА правадніком інтарэсаў іншых краінаў ці агентам замежнай выведкі. То бок незалежнасьць НДА ад дзяржавы зусім не азначае аўтаматычнага апазыцыйнага статусу з наступным перасьледам паводле крымінальных артыкулаў. У Беларусі, на жаль, склалася іншая сытуацыя, калі любая праява самастойнага курсу недзяржаўнай арганізацыі можа прывесьці да спыненьня дзейнасьці. Імітацыя палітычнай "адлігі", спушчанай па загадзе з Адміністрацыі прэзыдэнта ў 2007 годзе, наўрад ці можа ўвесьці ў зман актывістаў дэлегалізаваных структураў, паколькі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Працэдура рэгістрацыі "апазыцыйнага" аб'яднаньня ёсьць у лепшым выпадку складанай, а часьцей за ўсё невыканальнай задачай. Зь ліку няўдачаў 2007 году - спробы легітымізацыі руху А.Мілінкевіча і "Маладога Фронту".
Зь іншага боку, ні ў РГА "Белая Русь", ні ў БРСМ ніколі не ўзьнікалі праблемы юрыдычнага пляну. На гэтых прыкладах мы бачым своеасаблівую практыку беларускага заканадаўства ў дачыненьні да НДА, што фактычна супрацьпастаўленыя "масавым арганізацыям, якія падтрымліваюцца грамадзтвам". Апошнія ня маюць нічога супольнага з самастойнымі актарамі грамадзянскай супольнасьці, якімі прызваныя быць НДА. Паколькі НДА ў клясычным разуменьні ня могуць быць аднесеныя да кіраванай грамадзянскай супольнасьці, то для імітацыі дэмакратычных працэсаў ствараюцца падкантрольныя інстытуцыі гібрыднага характару - квазіграмадзкія НДА.
Для пазьбяганьня тэрміналягічнай блытаніны ў гэтым матэрыяле прапануецца выкарыстаньне тэрміну "квазіграмадзкія арганізацыі" ў дачыненьні да структураў, створаных з ініцыятывы кіроўных колаў.
Асноўны крытэр у вылучэньні квазіграмадзкіх арганізацыяў - залежнасьць ад дзяржавы. Існаваньне арганізацыяў, якія ствараюцца і функцыянуюць на дзяржаўныя грошы, аднак маюць самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў, робіць выкарыстаньне гэтага крытэру недастатковым. Адразу зазначым, што падобных структураў беларускага паходжаньня няма. Прыкладам такой арганізацыі зьяўляецца амэрыканская USAID, якая ажыцьцяўляе падтрымку дэмакратычных ініцыятываў ва ўсім сьвеце.
Трэці сэктар вызначаецца сукупнасьцю прыкметаў. У гэтым артыкуле мы разгледзім шэсьць найбольш важных рысаў НДА, прапанаваных у межах міжнароднага дасьледаваньня Ўнівэрсытэту Джона Хопкінса (Балтымар, ЗША):
Зыходзячы з рысаў НДА, можна вылучыць наступныя крытэры, у суаднясеньні зь якімі будзе прааналізаваная адна з самых масавых квазіграмадзкіх арганізацыяў краіны – БРСМ:
Структура арганізацыі Для БРСМ характэрная не гарызантальная, а вэртыкальная арганізацыйная структура, абцяжараная бюракратычнай герархіяй. Гэтая акалічнасьць ёсьць ці не асноўным адрозьненьнем праўладнага моладзевага саюзу ад НДА, у якіх гарызантальныя сувязі аб'ядноўваюць людзей для вырашэння пэўных сацыяльных праблемаў альбо рэалізацыі агульных інтарэсаў.
Лідэрам БРСМ можа стаць толькі ляяльны да сыстэмы чалавек, што мае, як правіла, досьвед працы на дзяржаўнай службе. Часьцяком кіраўнік БРСМ спалучае фармальны ўдзел у арганізацыі з працай у дзяржаўных установах.
Кіраўніцтва БРСМ фармуецца не на падставе канкурэнцыі ідэяў альбо асабістых якасьцяў лідэраў. Нефармальным патрабаваньнем да прэтэндэнтаў у кіраўнікі зьяўляецца адданасьць рэжыму. Пры бездакорным выкананьні сваіх абавязкаў пасада першага сакратара БРСМ ёсьць трамплінам у Палату прадстаўнікоў, Адміністрацыю прэзыдэнта.
Для беларускіх НДА характэрная сеткавая арганізацыя, што знаходзіцца ў пастаянным узаемаабмене і дазваляе апэратыўна адаптоўвацца да зьменлівых варункаў. Прынцып дзейнасьці БРСМ - у выкананьні пастановаў і загадаў, спушчаных зьверху.
Характар камунікацыі паміж арганізацыяй і ўладай Адной з асноўных характарыстык структураў грамадзянскай супольнасьці зьяўляецца аўтаномія ад уладнага цэнтру. Ад самага пачатку свайго існаваньня БРСМ дэкляруе падтрымку курсу дзейснага прэзыдэнта Беларусі. Амаль увесь спэктар мерапрыемстваў арганізацыі - ад конкурсу "Напішы валянцінку свайму куміру" да акцыі "Ачысьцім Інтэрнэт ад бруду" маюць на мэце фармаваньне патрыятызму. Праўда, што канкрэтна разумеюць пад патрыятызмам кіраўнікі БРСМ, нідзе не афішуецца. Верагодна, ляяльнасьць да існага рэжыму.
Дзейнасьць і функцыянаваньне арганізацыі ажыцьцяўляецца ў межах дзяржаўнай ідэалёгіі. Нельга ўявіць пры ўсім жаданьні акцыю альбо мерапрыемства БРСМ, скіраванае супраць ініцыятываў ураду.
Прынцып функцыянаваньня БРСМ - тыповы прыклад бюджэтнай арганізацыі, асноўным донарам якой выступае дзяржава. Сяброўскія ўнёскі, а таксама пошук пазабюджэтных сродкаў фінансаваньня БРСМ наўрад ці істотна мяняюць карціну поўнай залежнасьці гэтай арганізацыі ад дзяржавы.
Фінансаваньне шэрагу праграмаў БРСМ ідзе непасрэдна са сродкаў дзяржбюджэту, прадугледжаных для арганізацыяў, што ўдзельнічаюць у ажыцьцяўленьні моладзевай палітыкі. У такім разе пытаньне пра самастойнасьць арганізацыі ў прыняцьці рашэньняў што да выкарыстаньня фінансаў здымаецца.
Мэта стварэньня На афіцыйнай інтэрнэт-старонцы праўрадавага моладзевага саюзу BRSM.BY пазначана, што мэтай арганізацыі "зьяўляецца стварэньне ўмоваў для ўсебаковага разьвіцьця моладзі, раскрыцьця творчага патэнцыялу, спрыяньне разьвіцьцю ў РБ грамадзянскай супольнасьці, заснаванай на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасьцях". Калі з "усебаковым разьвіцьцём" усё больш-менш зразумела, то роля БРСМ у спрыяньні фармаваньню грамадзянскай супольнасьці застаецца па-ранейшаму малаўцямнай. Тым больш што гэтая структура прэтэндуе на статус ці не адзінай моладзевай арганізацыі краіны, а гэта супярэчыць адной з асноўных прыкметаў грамадзянскай супольнасьці - наяўнасьці мноства разнастайных інстытуцыяў, у якіх рэпрэзэнтаваныя розныя кампанэнты інтарэсаў.
Характар аб'яднаньня Сяброўства ў шэрагах БРСМ хоць і не зьяўляецца абавязковай умовай паступленьня абітурыента ў ВНУ ці гарантыяй пасьпяховага працаўладкаваньня маладых спэцыялістаў, але вітаецца з боку адміністрацыяў дзяржаўных інстытуцыяў.
Асноўны цяжар у павелічэньні колькасьці першасных арганізацыйных структураў ускладаецца на адукацыйныя ўстановы: школы, вучэльні, ВНУ. Для дасягненьня вялікіх колькасных паказьнікаў часьцяком выкарыстоўваецца адміністрацыйны апарат.
Адной з адметнасьцяў беларускага рэжыму ёсьць навязваньне грамадзтву ўладнай трактоўкі грамадзянскай супольнасьці. У якасьці ілюстрацыі прывядзем словы Лукашэнкі пра НДА ў інтэрвію "Российской газете" ў 2005 годзе: "галоўнае, што няма ў нашай краіне ніякай "дыктатуры". У нас няма таго, што кіраўнік дзяржавы бязьлітасна цісьне нейкую "грамадзянскую супольнасьць". У гэтай жа размове кіраўнік беларускай дзяржавы прадэманстраваў сваю візію фэномэну грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, Лукашэнка адзначыў, што ўлады Беларусі ствараюць грамадзянскую супольнасьць, абапіраючыся на такія грамадзкія інстытуты, як прафсаюзы, вэтэранскія арганізацыі, жаночыя арганізацыі. Паводле прэзыдэнта, гэтыя масавыя аб'яднаньні зьяўляюцца сапраўды моцнымі, а ня "дробнымі", колькасьцю ў 10 чалавек.
Як вынікае з разваг кіраўніка краіны, Беларусі патрэбнае маналітнае грамадзтва, сцэмэнтаванае масавымі прадзяржаўнымі арганізацыямі. У такім разе паўстае праблема імітацыі дэмакратыі, якую можа забясьпечыць толькі кіраваная грамадзянская супольнасьць. Апошняя, дарэчы, і фармуецца з квазіграмадзкіх арганізацыяў кшталту БРСМ.
Я.Крупка