Зьмест

Горадня. Абаронім горад ад разбурэньня

Гісторыя адной кампаніі

Адна з найбольш рэзанансных рэгіянальных падзеяў 2007 году - калектыўная абарона старой Горадні. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра групу жыхароў Горадні, якіх аб'яднала пачуцьцё абурэньня барбарскім стаўленьнем мясцовых уладаў да гістарычнага твару горада Сьвятога Губэрта. Такі ўсплеск маладзёвай ініцыятывы параўнальны хіба што з абаронай менскіх Курапатаў. У выніку рашучых дзеяньняў маладзёвых актывістаў гарадзкія чыноўнікі былі змушаныя малаўцямна распавядаць на старонках дзяржаўнай прэсы пра зацьверджаны прэзыдэнтам плян разьвіцьця гораду, а старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Антоненка ў інтэрв'ю расейскаму тэлеканалу нават паабяцаў зьесьці ўласны гальштук у выпадку пацьверджаньня несанкцыянаваных руйнаваньняў старасьвецкіх камяніцаў.

Ніжэй Вашай увазе прапаноўваецца матэрыял пра змаганьне беларускай моладзі супраць дзяржаўнага левіятана ў выглядзе "рэстаўратараў" старой Горадні.

У апошнія гады кіраўнікі Гарадзенскай вобласьці і абласнога цэнтру ініцыявалі маштабную рэканструкцыю гістарычнага цэнтру гораду. Паводле меркаваньня прадстаўнікоў улады, шматлікія будынкі, што паўсталі ў Горадні ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХ стст., знаходзяцца ў аварыйным стане і не падлягаюць рэканструкцыі.

Замест помніка канструктывізму - клюмба

Інтэнсіўныя працы па "навядзеньні парадку" пачаліся з рэканструкцыі Савецкай плошчы і пасьля перайшлі ўжо на саму гістарычную забудову на вуліцах Урыцкага, Карла Маркса і г. д. Адметны помнік архітэктуры канструктывізму на вуліцы Горкага быў папросту зьнесены, а на ягоным месцы зьявілася клюмба з кветкамі. На сёньня ў сьпісах пад знос знаходзяцца каля 70 аб'ектаў.

Сытуацыя з "добраўпарадкаваньнем" гораду выклікала абурэньне ў часткі жыхароў Горадні, якія распачалі кампанію грамадзянскага супраціву.

Зьяўленьне "гарадзенскай фартэцыі"

Нядбайная рэканструкцыя Савецкай плошчы ў 2006 годзе, падчас якой быў пашкоджаны культурны пласт былога Ратушнага пляцу, падштурхнула групу гарадзенцаў да першай акцыі грамадзянскага супраціву.

Актывісты кампаніі дамагаліся ад гарадзкіх уладаў правядзеньня дадатковых археалягічных дасьледаваньняў, а таксама перагляду пляну пабудовы падземнага пераходу, які мусіў праходзіць якраз праз падмуркі палацу Радзівілаў. Самы напружаны момант супрацьстаяньня - блякаваньне актывістамі кампаніі экскаватара, на якім праводзіліся працы па рэканструкцыі плошчы. Абаронцам гораду ўдалося адстаяць падмуркі Радзівілаўскага палацу, якія ня зьнішчыліся будаўнікамі, а былі закансэрваваныя. Што да гістарычнага пласту - большая частка была зьнятая, шматлікія гістарычныя знаходкі загінулі пад каўшамі экскаватараў.

Наступны этап кампаніі - інфармаваньне насельніцтва Горадні пра руйнаваньне дому №29 на вуліцы Горкага, што быў зьнесены будаўнікамі патаемна і з тэхнічнымі парушэньнямі.

У траўні - ліпені 2007 году, калі ўзьнікла пагроза разбурэньня гістарычнага аблічча цэнтру Горадні, назіралася найбольшая актыўнасьць удзельнікаў кампаніі. Ля будынку №5 на вуліцы Ўрыцкай (канец ХІХ ст.) моладзь ладзіла штодзённыя дзяжурствы, каб зноў, калі спатрэбіцца, стаць на шляху экскаватараў.

Чарговы аб'ект, які імкнуліся ўратаваць актывісты, - гарадзенская сынагога. Каменем спатыкненьня сталася рашэньне мясцовых уладаў пракласьці дарогу паблізу ад помніка архітэктуры. У акцыі супраціву ўдзельнічала студэнцкая моладзь і гісторыкі. Каб суцішыць сытуацыю, да пратэстоўцаў прыехаў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка. Чыноўнік намагаўся пераканаць, што ўсе працы вядуцца згодна з генэральным плянам разьвіцьця гораду, зацьверджаным у 2003 годзе Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля няўдачы Антоненка аддаў загад аб затрыманьні актывістаў.

Першыя сур'ёзныя затрыманьні адбыліся падчас абароны млына ХІХ ст. на вуліцы Васілька. Трынаццаць маладзёнаў, якія сталі на шляху будаўнічай тэхнікі, былі дастаўленыя ў суд Ленінскага раёну Горадні. У выніку, усе паўналетнія ўдзельнікі пратэстнай акцыі атрымалі адміністратыўныя папярэджаньні, адзін быў змушаны выплаціць штраф.

У межах кампаніі па ратаваньні гістарычнай Горадні 30 чэрвеня быў праведзены агульнарэспубліканскі летнік "Гарадзенская фартэцыя". Цягам некалькіх дзён моладзь распаўсюджвала інфармацыйныя матэрыялы і ладзіла тэматычныя флэш-мобы. Па заканчэньні летніка актыўныя дзеяньні практычна згарнуліся.

Спроба правядзеньня рэфэрэндуму

Адным з вызначальных этапаў кампаніі па абароне старога гораду сталася спроба правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму. Цягам некалькіх месяцаў, пачынаючы з траўня 2007 году, у горадзе распаўсюджваліся інфармацыйныя матэрыялы з заклікам далучыцца да кампаніі. Падобныя дзеяньні не атрымалі належнага розгаласу ў грамадзтве. У выніку распаўсюду матэрыялаў да кампаніі далучылася ўсяго каля 15 чалавек.

Чаму не атрымалася рэалізаваць задуму арганізацыі рэфэрэндуму?

Недахопы кампаніі, унутраны погляд

Станоўчыя вынікі

Плюсам кампаніі сталася выкарыстаньне Інтэрнэту для мабілізацыі і інфамаваньня насельніцтва пра навіны зь перадавой абароны гораду. Рэзананс быў даволі вялікі, што выявілася ў рэакцыі ўладаў і дзяржаўнай прэсы. Напрыклад, на гарадзенскім тэлебачаньні зьявіўся сюжэт, у якім абаронцаў архітэктурнай спадчыны палівалі брудам, сьцьвярджалі, што яны не жадаюць, каб родны горад квітнеў і прыгажэў. Галоўны ідэоляг гарадзенскай вобласьці Марыя Бірукова заявіла, што такіх людзей увогуле трэба ізаляваць ад грамадзтва.

Зацікавіліся кампаніяй і замежныя СМІ. Так, расейская тэлевізійная кампанія ОРТ зрабіла сюжэт, у якім і прадстаўнікі ўлады, і ўдзельнікі гарадзенскага супраціву змаглі выказацца што да гэтай праблемы. Грамадзкім актывістам удалося дамагчыся перагляду некалькіх рашэньняў наконт шэрагу будынкаў.

Кацярына Бычак