Зьмест

Дзейнасьць без грамадзтва

За сваю пяцігадовую гісторыю БРСМ зладзіў мноства акцыяў, якія атрымалі рэзананс у беларускім грамадзтве. Не прэтэндуючы на аб'ектыўнасьць, прапануем увазе чытачоў топ-пяцёрку найбольш правальных акцыяў прадзяржаўнага саюза моладзі.

На пятым месцы рэгіянальная акцыя "Эх, рокнем", якая праходзіць ужо некалькі апошніх гадоў у Мазыры. Традыцыйна правільны рок-фэст з удзелам "самасуйных" калектываў зьбірае мізэрную колькасьць наведнікаў. Адным словам, рэклямы шмат, але адміністрацыйнае стырно функцыянэры з БРСМ часам забываюцца падлучыць. Затое ёсьць плюс - падчас правядзеньня фэсту праблемаў з міліцыянтамі, прадстаўнікамі службы МНС ды людзьмі ў цывільным не паўстае.

На чацьвёртым месцы - акцыя, якая ладзілася ў 2004 напярэдадні чарговага рэфэрэндума. Мерапрыемства адбылося пад назвай "Ачысьцім інтэрнэт ад бруду". Мэтай акцыі зьяўлялася "прыцягненьне ўвагі моладзі да сур'ёзных палітычных падзеяў". На практыцы цягам тыдня каля 700 запраграмаваных ботаў флудзілі на альтэрнатыўных дыскусійных пляцоўках.

На трэцім месцы - удзел фан-клюбу прэзыдэнта ў будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. Так, у красавіку 2007 году з 30 актывістаў БРСМ быў сфармаваны адмысловы атрад, які мусіў злучыць БАМ са сталіцай Якуціі. Чым скончылася дадзеная ініцыятыва - пакуль невядома. Магчыма, брсмаўцы праклалі ўжо чыгунку да самой Японіі. Спэцыялісты кажуць, што тэхнічна гэтую задуму ажыцьцявіць магчыма.

Другое месца - акцыя "За любімую Беларусь", што праходзіла ў лютым 2007 году ў межах рэспубліканскай кампаніі "ЗА Беларусь!". Рэгіянальныя кіраўнікі БРСМ арганізавалі конкурсы малюнкаў і сачыненьняў на тэму "Любоў… як многа ў гэтым слове…". У пярвічках БРСМ ствараліся "Сямейныя альбомы" ды праводзіліся тэматычныя конкурсы "Валянцінка майму куміру". Як вы думаеце, хто больш за ўсё атрымаў валянцінак? Не, зусім не ўдзельнікі хлапчуковай групы "Тяни-Толкай". А наш Аляксандр Рыгоравіч.

І, нарэшце, на першым месцы - маладзёвы марафон "5 лет вместе". Паводле ўмоваў кампаніі, формы дзейнасьці падчас марафону тэрытарыяльныя пярвічкі меліся вызначаць самі. Галоўнае, каб ўсе былі "в месте". Якім? Члены БРСМ не паведамілі.