Зьмест

Дэмакратыя з прыстаўкай "квазі"

Прэфікс “квазі” найлепшым чынамі перадае сутнасьць сёньняшняй сытуацыі. Як бы і не аўтарытарызм, паколькі ўладныя колы апэруюць лексыкай дэмакратычнага дыскурсу. Аднак і не дэмакратыя, бо існуе яна толькі для сваіх. А тыя, хто супраць, самі ведаеце хто.

Нядаўна ў чарговы раз вырашыла зайсьці на сайт ці ня самай вядомай беларускай арганізацыі - БРСМ. На галоўнай старонцы - шчасьлівыя твары моладзі, афіцыйная сымболіка… Ёсьць і навіны, якія асьвятляюць дзейнасьць арганізацыі. У прынцыпе, любое аб’яднаньне імкнецца да інфармаваньня грамадзтва пра свае добрыя справы - гэта ўжо стала неад’емнай рысай мэнэджмэнту. У вочы кідаецца іншае: маштаб правядзеньня мерапрыемстваў. І hiр-hор pаrtу ладзяць, і рок-канцэрты, і да прафіляктыкі СНІДу маюць дачыненьне, і ў Доме афіцэраў узброеных сілаў сходы сакратароў пярвічак праводзяць. А пра дабрачынныя акцыі і казаць няма чаго. Тут ужо БРСМаўцы - перадавікі, спаборнічаць ніхто зь імі ня можа.

Усё было б добра. Ну, ладзяць там сабе канцэрты тыпу “Эх, рокнем” і годзе. У кожнага свая мэтавая група і мэтады выхаду на яе. Аднак іншым арганізацыям, тым, што не падтрымліваюць БРСМ, - нельга. Узгадваю нядаўні выпадак, які здарыўся ў адным з нашых гарадоў. У сваю навучальную ўстанову школьніцы прывялі польскую дэлегацыю. Нічога кепскага замежнікі не зрабілі, нікога не вербавалі, алькаголь не расьпівалі. Напэўна, пасьля была зладжаная адукацыйная сустрэча, ужо па-за межамі ўстановы. Гэта няважна. Важна тое, што праводзілі мерапрыемства не свае, а чужыя. У выніку, правіну дырэктара згадалі на сходзе ў гарвыканкаме і паабяцалі звольніць з працы.

З гэтай нагоды ўзьнікае пытаньне: ці далі калі-небудзь высьпятка, хаця б звычайнаму настаўніку, за супрацоўніцтва з БРСМ? Так і бачыцца дакладная: прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці супрацоўніка школы такога за дазвол арганізаваць членам Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі для дзяцей n-най клясы конкурсу малюнкаў “Валянцінка майму куміру”. Такое ўявіць немажліва. Чаму? Ды таму, што ва ўладаў свае структуры грамадзянскай супольнасьці, а ў звычайных людзей іх увогуле быць не павінна. Для гэтага ёсьць ужо створаныя арганізацыі. Як казаў у свой час Аляксандар Рыгоравіч: “Я адказваю апанэнтам: “Мы па-рознаму бачым грамадзянскую супольнасьць”.

Як мусіць выглядаць правільная грамадзянская супольнасьць, таксама агучылася: структуры, якія падтрымліваюць дзяржаўную палітыку і актыўна ўдзельнічаюць у справах дзяржавы. Тое, што грамадзянская супольнасьць - гэта сыстэма гарызантальных камунікацыяў грамадзянаў па-за і апроч дзяржавы, што пры патрэбе можа супрацьстаяць празьмернаму ўмяшальніцтву дзяржавы ў жыцьцё грамадзянаў, кіраўніцтва краіны, напэўна, забылася. А можа, і не забылася, а проста, як падкрэсьліваў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Рубінаў, адрозная ад заходняй інтэрпрэтацыя. Мяркуецца, пад заходняй спадар Рубінаў разумеў менавіта мажлівае супрацьстаяньне ўмяшальніцтву дзяржавы. Вось так, у вас свая каша, а ў нас - свая. Пры гэтым для тых, хто падтрымлівае дзяржаўны курс, знаходзяцца і лыжка, і мёд, і нават дэмакратыя. А для апанэнтаў - цяжкасьці з рэгістрацыяй, немажлівасьць трапіць у адукацыйныя ўстановы, запалохваньне, крымінальныя артыкулы і г. д. Сьпіс можна працягваць бясконца.

Вось такая атрымліваецца несапраўдная дэмакратыя. Ці, як называюць некаторыя палітолягі, квазідэмакратыя. (Прэфікс “квазі” паводле значэньня суадносіцца са словамі “ілжывы”, “надуманы”, “нібыта”.) Быццам бы і апазыцыя ёсьць, і грамадзянская супольнасьць будуецца, і нават выбары рэгулярна праводзяцца. Але так, незнарок.

Алеся Пабегава