Партугальская рэвалюцыя 1974 году запачаткавала працэс, які Сэмюэл Гантынгтан пазьней назваў трэцяй хваляй дэмакратызацыі. Хваля захлынула недэмакратычныя краіны Лацінскай Амэрыкі, Цэнтральную Эўропу, тэрыторыю былога СССР і г. д. Пасьля 1995 году асобныя дасьледчыкі (напрыклад, Лары Дайманд) абвесьцілі пачатак так званай чацьвертай хвалі дэмакратызацыі. Да пачатку гэтых хваляў, у 1973 годзе, нямногім болей за 30 краінаў былі дэмакратычнымі. У 2006 годзе, паводле зьвестак "Freedom House", свабодных краінаў налічвалася 90. Аднак нягледзячы на такія аптымістычныя тэндэнцыі многія дасьледчыкі адзначаюць спыненьне некаторых дзяржаваў на шляху да дэмакратызацыі. Такія рэжымы Томас Каразэрз (Thomas Carrothers) назваў "шэрымі зонамі", а Лары Дайманд ахарактарызаваў як гібрыдныя. Яны ўлучаюць і рысы аўтарытарызму, і дэмакратыі. Разам з тым, краіны, вынікам трансфармацыі якіх сталася не кансалідаваная дэмакратыя, а спыненьне да яе на паўдарозе, аднесьці да аўтарытарных ці да таталітарных некарэктна. Прынамсі, з той прычыны, што ў многіх сучасных палітычных сыстэмах адбываецца імітацыя дэмакратыі, што прыводзіць да легітымацыі дэмакратычнага дыскурсу, а ў пэрспэктыве і да дэмакратыі.
Квазідэмакратычным рэжымам, адзначае Томас Каразэрз, уласьцівыя некаторыя атрыбуты дэмакратыі: "палітычнае жыцьцё, улучаючы абмежаванае месца для апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, рэгулярныя выбары і дэмакратычныя канстытуцыі". Аднак нягледзячы на гэта квазідэмакратычныя рэжымы маюць сур'ёзныя недахопы, з-за якіх іх нельга аднесці да full democracy. Юрген Габэрмас у працы "Тры нарматыўныя мадэлі дэмакратыі" прапаноўвае ідэю дэлібэратыўнай дэмакратыі, якая ўзьнікае як сынтэз лібэральнай і рэспубліканскай мадэляў дэмакратыі. Паводле словаў Юргена Габэрмаса, дэлібэратыўная дэмакратыя "ўлічвае больш высокую ступень інтэрсуб'ектыўнасьці працэсаў узаемаразуменьня, якія ажыцьцяўляюцца, з аднаго боку, у інстытуцыялізаванай форме нарадаў парлямэнцкага корпусу, роўна як з другога - у сетцы камунікацыі палітычнай грамадзкасьці."
У адрозьненьне ад дэлібэратыўнай мадэлі дэмакратыі палітычны працэс пры квазідэмакратыі мае дэкляратыўны характар. Размова пра кампраміс інтарэсаў, этычную самазгоду ці працэдуру нарады і прыняцьця рашэньняў у гэтым выпадку не вядзецца з прычыны боязі актыўнасьці грамадзянаў і няўменьня ўладаў скіроўваць гэтую актыўнасьць на рашэньне рэальных праблемаў.
Апроч таго, калі пры лібэральнай мадэлі, паводле Юргена Габэрмаса, канкурэнцыя стратэгічна дзейсных актараў за захаваньне ці заваёву ўлады вызначае працэс фармаваньня грамадзкай думкі і палітычнай волі грамадзкасьці, то пры квазідэмакратыі канкурэнцыя ўвогуле адсутнічае. Як вынік - адсутнасьць інтарэсу да палітычнага працэсу з боку грамадзкасьці, хоць ён і імітуецца. Тое ж самае можна сказаць і пра камунікатыўную сетку палітычнай грамадзкасьці, якая таксама ствараецца і кантралюецца ўладай. У выніку, калі пры дэлібэратыўнай дэмакратыі грамадзяне скіроўваць адміністрацыйную ўладу ў вызначанае рэчышча, то пры квазідэмакратыі адміністрацыйная ўлада мабілізуе грамадзянаў для вырашэньня патрэбных ёй задачаў.
Такім чынам, параўнаньне фэномэну квазідэмакратыі з нарматыўнымі мадэлямі дэмакратыі паказала: