Зьмест

Магістэрскія дасьледаваньні

Першыя выпускнікі віленскай магістратуры ЭГУ "Дэмакратыя і грамадзянская супольнасьць" ласкава падалі для часопісу "Асамблеі" тэмы сваіх магістэрскіх працаў. У пытаньнях праведзеных дасьледаваньняў усе ахвочыя могуць ліставаць на скрыню mag @ belngo.info.

Рэлігійна-палітычная прастора ў сучаснай Беларусі

Яраслаў Бекіш

Праведзенае дасьледаваньне дазваляе зрабіць высновы пра тое, што ў сучаснай Беларусі праходзяць працэсы палітызацыі рэлігіі, якія канстытуюць спэцыфічную рэлігійна-палітычную прастору. Дадзеныя працэсы выяўляюцца ў актывізацыі канфэсійных і пазаканфэсійных групаў інтарэсаў і ўзаемаабумоўленыя разьвіцьцём дзяржаўнай палітыкі і шэрагам іншых фактараў.

У працэсе палітызацыі рэлігіі дзяржаўная ўлада робіць спробы, скіраваныя на стварэньне грамадзянскай рэлігіі на падставе праваслаўя. У супрацьвагу гэтаму, правацэнтрысцкай апазыцыяй рэалізуецца праект стварэньня палітычнай рэлігіі пазаканфэсійнага характару нацыяналістычнага тыпу на аснове хрысьціянскай рэлігіі.

У рабоце выкарыстаныя паліталягічныя і рэлігіязнаўчыя мэтады дасьледаваньня, аналіз заканадаўчых актаў, што рэгулююць дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, вывучэньне кантэнтаў вэб-рэсурсаў, абагульненьне, сыстэматызацыя і параўнаньне розных формаў рэлігійна-палітычнай прасторы.

Фармаваньне спажывецкай палітычнай культуры ў Беларусі (на прыкладзе кампаніі "ЗА Беларусь!")

Мікола Бянько

У межах магістэрскага дасьледаваньня аўтар разглядае асаблівасьці фармаваньня палітычнай культуры ў Беларусі. Для пазначэньня спэцыфічнага тыпу палітычнай культуры, якая склалася ў Беларусі ў выніку постсавецкіх трансфармацыяў, быў распрацаваны і ўведзены ў навуковы ўжытак тэрмін "спажывецкая палітычная культура". Асноўнай рысай такога тыпу палітычнай культуры ёсьць імкненьне насельніцтва палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт за кошт адчужанасьці ад палітычнага ўдзелу. "Спажывецтва" ў постсавецкіх грамадзтвах, робіць выснову аўтар, можа стаць элемэнтам, які зробіць аўтарытарную сыстэму ўстойлівай і не адчувальнай для вонкавых імпульсаў.

Правядзеньне кампаніі "За Беларусь" спрыяла ня столькі рэканструкцыі мадэляў паводзінаў, характэрных для савецкай палітычнай культуры, колькі візуальна ўвасобіла нормы спажывецкага грамадзтва. Фукадыянская форма дыскурсіўнага аналізу плякатаў з сэрыі "ЗА Беларусь" прадэманстравала, што ў беларускім грамадзтве атрымалі распаўсюд каштоўнасьці, якія ляжаць у падмурку спажывецкай палітычнай культуры.

Роля няўрадавых арганізацыяў у палітычным удзеле ва ўмовах аўтарытарызму (на прыкладзе Беларусі)

Ганна Канюс

Аўтарка дасьледуе спэцыфіку разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў посткамуністычных краінах. Актуальнасьць працы вынікае з таго, што ў дачыненьні да Беларусі разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў і прыклады іх удзелу ў палітычным жыцьці разглядаюцца часта паэтапна і несыстэмна. Дасьледаваньні, праведзеныя ў магістэрскай працы, дазваляюць прасачыць тэндэнцыі разьвіцьця палітычнага ўдзелу няўрадавых арганізацыяў у пэрыяд з 1991 па 2006 гады.

У працы пададзеныя варыянты працэсу палітызацыі НДА, раскрытыя прычыны палітызацыі НДА ў Беларусі, а таксама ўплыў гэтай зьявы на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці цалкам.

Уплыў Эўразьвязу як вонкавага актара на палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Беларусь

Зьміцер Кухлей

Аўтар разглядае ўзьдзеяньне Эўразьвязу на палітычныя працэсы ў Беларусі. Дасьледаваньне праводзіцца ў межах транзыталягічнай парадыгмы на падставе аналізу літаратуры, гістарычнага аналізу, аналізу афіцыйных дакумэнтаў МЗС Беларусі, інстытуцыяў Эўразьвязу і аналізу зьвестак сацыялягічных дасьледаваньняў. Згодна з аўтарскімі высновамі, "дзеяньні ЭЗ, скіраваныя на дэмакратычную трансфармацыю беларускага аўтарытарызму, маюць недастатковую эфэктыўнасьць".

Актуальнасьць магістэрскай работы - у спробе аўтара распрацаваць крытэры эфэктыўнасьці ўплыву вонкавага актара на палітычныя працэсы краіны. На аснове дасьледаваньня магчымая выпрацоўка рэкамэндацыяў па ўдасканаленьні мэханізмаў уплыву ЭЗ на палітычны працэс у Беларусі дзеля яго дэмакратызацыі.

Фэномэн квазідэмакратыі на постсавецкай прасторы

(на прыкладзе Беларусі)==

Юлія Сівец

Аўтар аналізуе тэндэнцыі фармаваньня квазідэмакратычных рэжымаў на постсавецкай прасторы, раскрывае панятак квазідэмакратыі і акрэсьлівае асноўныя прыкметы гэтага фэномэну.

Выкарыстоўваючы такія мэтады, як аналіз дакумэнтаў, сацыялягічных дасьледаваньняў і навуковай літаратуры, кампаратыўны аналіз, была зробленая выснова, што ў выніку постсавецкіх трансфармацыяў у Беларусі склаўся квазідэмакратычны рэжым са сваімі адметнасьцямі, якія вылучаюць яго сярод падобных рэжымаў на постсавецкай прасторы.

Актуальнасьць работы - у вырашэньні праблемы намінацыі беларускага рэжыму, які ня ёсьць ні аўтарытарным, ні дэмакратычным. Пры дапамозе кампаратыўнага аналізу постсавецкіх транзытаў у Беларусі і Расеі былі вызначаныя наступныя асаблівасьці квазідэмакратыі, уласьцівыя беларускаму рэжыму: пэрсаналізацыя рэжыму, кіраваны характар грамадзянскай супольнасьці, дэкляратыўнасьць правоў і свабодаў, аднабаковая камунікацыя паміж уладай і грамадзянамі.

Дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да некамэрцыйных арганізацыяў у Рэспубліцы Беларусь (1996-2006)

Вольга Смалянка

Мэта працы - вывучэньне характару ўплыву дзяржаўнай палітыкі на НДА ў Беларусі. У межах гэтага магістэрскага дасьледаваньня аўтар засяроджваецца на вызначэньні практыкі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні рэгуляваньня НДА ў краінах посткамуністычнай трансфармацыі на прыкладзе міжнародных стандартаў і досьведу Славакіі. Асноўная выснова працы: беларуская практыка рэгуляваньня НДА не адпавядае міжнародным прававым стандартам у гэтай галіне. Палітыка дзяржавы ў сфэры НДА, абумоўленая календаром выбарчых і іншых палітычных кампаніяў, скіраваная на мінімізацыю ўплыву НДА і іх ізаляцыю ад грамадзтва. Тым жа часам палітыка ўладаў у гэтай плашчыні ня ёсьць стабільнай, часьцяком нясе сытуатыўны характар.

Дзяржаўная палітыка прывяла да расколу трэцяга сэктару паводле прыкметы палітычнай ляяльнасьці (палітызацыя і дэпалітызацыя НДА), дэлегалізацыі многіх НДА, зьмяншэньня значнасьці грамадзкай дзейнасьці НДА, паўставаньня новых формаў грамадзкай актыўнасьці, як у асяродку незалежных НДА, так і праз стварэньне дзяржавай субстытутаў грамадзянскай супольнасьці, якія найбольш выявіліся ва ўмовах кансалідаванага аўтарытарнага рэжыму.

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналёгіі як інструмэнт грамадзянскага ўдзелу ў сучасных дэмакратыях

Яўген Фурсееў

У межах магістэрскага дасьледаваньня аўтарам робіцца спроба вызначэньня магчымасьцяў выкарыстаньня інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў (ІКТ) як сродку дэмакратычнага грамадзянскага ўдзелу ва ўзаемадзеяньнях грамадзянаў і ўладных інстытуцыяў. Праца грунтуецца на аналізе тэарэтычных дасьледаваньняў, прысьвечаных праблемам электроннай дэмакратыі і электроннага ўдзелу, афіцыйных дакумэнтах і праграмах стварэньня электроннага ўраду, разьвіцьця электроннай дэмакратыі і актывізацыі ўдзелу грамадзянаў пры дапамозе ІКТ. Аналіз колькасных зьвестак дэманструе, што нават сярод разьвітых краінаў ня надта высокі індэкс электроннага ўдзелу, пераважаюць мэтады пасіўнага ўдзелу грамадзянаў, патэнцыял электроннага ўдзелу яшчэ далёкі ад свайго поўнага выкарыстаньня.

Істотнымі перашкодамі падвышэньня ролі грамадзянскай актыўнасьці ёсьць два фактары. Па-першае, пагроза таго, што замест дэкляраваных мэтаў можа дасягацца эфэкт росту няроўнасьці і далейшая канцэнтрацыя ўлады элітаў. Па-другое, праблема электроннай сацыяльнай уцягнутасьці, якая зьяўляецца ня столькі праблемай дасягу да ІКТ, колькі праблемай электроннага ўдзелу.