Часопіс “Асамблея” вяртаецца да чытачоў. За два гады з моманту выхаду ў друк апошняга нумару тэктанічных зрухаў у сфэры ўзаемаадносінаў незалежнага грамадзтва і дзяржавы не адбылося. Большасьць НДА дэмакратычнай скіраванасьці працягваюць існаваць у рэжыме “альтэрнатыўнага грамадзтва”.
Хоць доўгачаканай “адлігі” ў стасунках супрацоўнікаў Мін’юсту і прадстаўнікоў грамадзянскае супольнасьці няма, аднак “палярная ноч” пакуль што над краінай не апусьцілася. Улады дамагліся нэўтралізацыі шэрагу сацыяльных ініцыятываў у выніку кропкавых удараў па незалежным грамадзтве ў дарэфэрэндумны пэрыяд. Апошнія з магіканаў трэцяга сэктару ня хочуць здаваць сваіх пляцдармаў, абскарджваючы рашэньні ў падкантрольных судовых інстанцыях. Аптымістычны максымум - легалізаваны статус і магчымасьць рэалізацыі арганізацыйнай місіі яшчэ на пару гадоў. Пэсымістычныя прагнозы - спаўзаньне да стану “дысыдэнцкіх гурткоў”.
Тактыка “пазыцыйнай вайны”, пад знакам якой прайшоў 2007 год, не задавальняе часовых пераможцаў, паколькі марудныя дзеяньні дазваляюць апанэнтам улады ачомацца, знайсьці ў сабе сілы для рэваншу. Але нематываваная жорсткасьць можа зноў-такі справакаваць новую хвалю абуджэньня грамадзтва. Два бакі на бясьпечнай адлегласьці насьцярожана сочаць за любымі зьмяненьнямі ў лягеры супернікаў ды адцягваюць момант дыялёгу. У гэтым сэнсе пэрыяд зацішша можа азначаць дзьве рэчы. Першая рэч: пры неспрыяльнай каньюнктуры кіраўніцтва краіны ідзе на шэраг саступак для захаваньня ўлады. Для беларускіх НДА такая стратэгія азначае ўмацаваньне ўласных пазыцыяў у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Другая - балянсаваньне на краі прадоньня можа прывесьці да імклівага падзеньня ў аўтарытарызм з усімі наступствамі для альтэрнатыўнага грамадзтва. У гэтым выпадку пад маскай квазідэмакратыі наўрад ці ўдасца захаваць аблічча таталітарнага монстра. Ніводзін з разгледжаных варыянтаў разьвіцьця падзеяў ня можа задавальняць уладны бок, які на гэты момант зьяўляецца ці не галоўным актарам сацыяльна-палітычных трансфармацыяў у постсавецкай Беларусі і нясе адказнасьць за гэтыя зьмяненьні. Жаданьне захаваць статус-кво прывяло да стану няпэўнасьці. Найбольш трапнай мэтафарай гэтага стану якраз і ёсьць зацішша...
Сьведчаньнем зацішша ёсьць ледзь заўважныя рэвэрансы ў бок Захаду ў выглядзе скасаваньня Камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) у 2006 годзе, адносна мірныя правядзеньні апазыцыйных шэсьцяў, спыненьні крымінальных справаў па факце дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў etc. Гэтыя знакі даюцца ўладам зь цяжкасьцю. “Ціхія сыгналы” Брусэлю выкліканыя ня ўплывам рэфармістаў з кіроўнага клану на ўлады, а куды больш празаічнымі праблемамі ў эканоміцы ды парлямэнцкімі выбарамі-2008.
Новы год рыхтуе беларусам мноства сюрпрызаў. Стомленасьць ад акопных рэаліяў “пазыцыйнай вайны” можа прывесьці да патрэбнага дыялёгу. Але ці будзе гатовае да яго незалежнае грамадзтва?