"Эліту рыхтуем самі" - пад такой прэтэнцыёзнай назвай выйшаў артыкул у дзяржаўнай газэце "Беларуская ніва" (15 сьнежня 2007). Варта адразу зазначыць, што ў матэрыяле закраналіся зусім не дасягненьні айчынных генэтыкаў у галіне вывядзеньня элітных відаў зернебабовых культураў, а праблемы сыстэмы вышэйшай адукацыі. Чыста выпадкова дата выхаду ў друк гэтага матэрыялу супала з 15-годзьдзем Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Ляйтматывам кансьпіралягічнага твору сталася выкрываньне "езуіцкіх спосабаў распаўсюду сьмяротных вірусаў у целы незалежных ад дзяржаваў". Для чытачоў, якія ня ў курсе гісторыі з ЭГУ, аўтар даступна тлумачыць, што ў пэрыяд сваёй дзейнасьці ў Менску гэтая alma mater "выключна арыентавалася на Захад і на яго сумнеўныя цывілізацыйныя каштоўнасьці". Трэба меркаваць, менавіта празаходні вэктар ЭГУ, а не праблемы з арганізацыяй дыетычнага харчаваньня падштурхнулі ўлады да ануляваньня ліцэнзіі недзяржаўнай ВНУ ў 2004 годзе.
Тым часам закрыты ўладамі ўнівэрсытэт працягвае дзейнічаць у суседняй Літве. Змушаная эміграцыя вызначыла ня толькі экстэрытарыяльны стан ЭГУ, але і справакавала адкрыцьцё актуальных для краіны магістэрскіх праграмаў, не прывязаных да зашмальцаваных стандартаў айчыннай адукацыйнай сыстэмы. Калі ў далітоўскі час ЭГУ часьцяком крытыкавалі за кшталтаваньне неадэкватных беларускаму кантэксту тэарэтычных мадэляў і апалітычнасьць, то адкрыцьцё шэрагу бакаляўрскіх і магістэрскіх праграмаў у Вільні часткова здымае гэтае пытаньне. Да прыкладу, аддзяленьне "Дэмакратыя і грамадзянская супольнасьць" зьяўляецца ці не адзінай пляцоўкай для падрыхтоўкі беларускіх палітолягаў. У Беларусі падобных факультэтаў проста няма. Сёлета адбыўся першы выпуск магістрантаў-палітолягаў, гатовых выкарыстаць свае веды для ацэнкі сучаснай палітычнай сытуацыі ў краіне. У гэтым сэнсе "ўнівэрсытэт у выгнаньні" працуе ня толькі на інтэрнацыяналізацыю ўнівэрсытэцкай адукацыі, але і на пэрспэктыву эўрапейскай Беларусі. У 1936 годзе гішпанскі філёзаф Мігель дэ Унамуна ўпершыню выкарыстаў панятак "нэкрафілія" ў дачыненьні да прамовы франкісцкага генэрала Мільяна Астрая ва ўнівэрсытэце Саляманкі. Асноўны мэсыдж вайскоўца заключаўся ў словах: "Няхай жыве сьмерць!". Па заканчэньні прамовы генэрала Унамуна ўзьняўся і зьвярнуўся да аўдыторыі: "Толькі што я пачуў бессэнсоўны нэкрафільскі заклік: "Няхай жыве сьмерць!". І я - чалавек, які прысьвяціў сваё жыцьцё фармуляваньню парадоксаў, што нярэдка выклікалі гнеў неразуменьня, - я магу сказаць вам як спэцыяліст, што гэты парадокс мне агідны (...). Мы знаходзімся ў храме. Гэта храм розуму - і я ягоны вярхоўны жрэц..."
Ад помсты целаахоўнікаў генэрала Астрая састарэлага прафэсара ўратавала заступніцтва дыктатара Франка, якога ў свой час падтрымаў Унамуна.
Хочацца верыць, што дзяржаўныя ВНУ здольныя падрыхтаваць эліту самастойна. Галоўнае, каб ад падобных катэгарычных заяваў не даносіўся саладжавы трупны смурод у стылі мілітарыста Мільяна Астрая.
1991 г. Падчас сустрэчы акадэміка А. Міхайлава, мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта і У. Дунаева зьявілася ідэя стварэньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
1992 г. Заснаваньне прыватнай навучальнай установы "Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт" у Менску. 2002 г. Уступленьне ў міжнародны ўнівэрсытэцкі кансорцыюм Campus Europae, мэтай якога зьўляецца датэрміновая рэалізацыя ідэяў Балёнскай дэклярацыі.
2004 г., ліпень. Пасьля чарговай адмовы на патрабаваньне Міністэрства адукацыі аб адстаўцы рэктара А. Міхайлава Ўпраўленьне справамі прэзыдэнта запатрабавала вызваліць будынак, дзе зьмяшчаліся навучальныя і навуковыя памяшканьні.
На падставе адсутнасьці ў ЭГУ неабходнай колькасьці навучальных і адміністратыўных памяшканьняў Міністэрства адукацыі пазбавіла ўнівэрсытэт ліцэнзіі на вядзеньне адукацыйнай дзейнасьці.
2005 г., восень. Пачатак рэалізацыі бакаляўрскай і магістэрскай падрыхтоўкі ў Вільні (Літва) для студэнтаў зь Беларусі.
2005 г., люты. Наданьне ўрадам Літвы ЭГУ статусу ўнівэрсытэту.
2007 г. Першы выпуск магістратуры ЭГУ ў Вільні.
Паводле сайту www.ehu.lt