Зьмест

Разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу: ведаць як

Неабходнасьць мець юрыдычны адрас выклікае масу праблемаў у працэсе стварэньня і функцыянаваньня грамадзкіх аб'яднаньняў. У рубрыцы "Кансультацыя" юрыст Вольга Смалянка адкажа на пытаньні, якія найбольш часта ўзьнікаюць у кіраўнікоў і сяброў грамадзкіх аб'яднаньняў што да разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу, заключэньня дамоваў, бязвыплатнага карыстаньня і г. д.

Што такое юрыдычны адрас? Якія патрабаваньні заканадаўства да разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу грамадзкага аб'яднаньня (і іншых некамэрцыйных аб'яднаньняў)?

У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" юрыдычным адрасам ёсьць месца знаходжаньня кіроўнага органу.

Грамадзкае аб'яднаньне мусіць мець юрыдычны адрас у нежылым будынку (памяшканьні). Гэтыя памяшканьні могуць разьмяшчацца як у дзяржаўнай, камунальнай (абласной, гарадзкой, раённай), так і ў прыватнай уласнасьці.

Заключэньне дамовы арэнды нежылых памяшканьняў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай і камунальнай уласнасьці, як правіла, ажыцьцяўляецца з ўзгадненьня бакоў ці шляхам правядзеньня аўкцыёну (конкурсу) на продаж права заключэньня дамоваў арэнды ў адпаведнасьці зь дзейсным заканадаўствам. Аднак мясцовыя выканаўчыя распараджальныя органы могуць вызначаць асаблівасьці парадку здачы ў арэнду нежылых памяшканьняў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці адпаведнай тэрыторыі .

Абвестка пра правядзеньне аўкцыёну публікуецца ў сродках масавай інфармацыі (рэспубліканскіх альбо мясцовых) на выбар арганізатара аўкцыёну не пазьней, чым за 30 дзён да даты правядзеньня. Асоба, ахвотная паўдзельнічаць у аўкцыёне, не пазьней за тэрмін, пазначаны ў паведамленьні пра правядзеньне аўкцыёну, мусіць выплаціць зададатак, памер якога публікуецца ў абвестцы аўкцыёну, шляхам пералічэньня грашовых сродкаў на разліковы рахунак арганізатара аўкцыёну. Таксама арганізатару аўкцыёну мусіць быць пададзеная заява на ўдзел з усімі неабходнымі дакумэнтамі .

Грамадзкае аб'яднаньне можа мець юрыдычны адрас у індывідуальным (блякаваным ці аднакватэрным) жылым доме ці яго частцы. Пры гэтым аднакватэрны жылы дом складаецца з адной кватэры, уваход у які арганізаваны з прысядзібнай тэрыторыі. У сваю чаргу, блякаваны дом - гэта жылы дом, дзе месьцяцца дзьве ці болей кватэраў, уваход у кожную зь якіх знаходзіцца непасрэдна на прысядзібнай тэрыторыі. Аднак выкарыстаньне індывідуальных жылых дамоў ці іх часткі для разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу (выкарыстаньне не паводле прызначэньня) у адпаведнасьці з арт. 8 Жыльлёвага кодексу Рэспублікі Беларусь адбываецца на ўзгадненьне зь мясцовымі выканаўчымі і распараджальнымі органамі з захаваньнем правілаў горадабудаўніцтва, нормаў санітарнай гігіены і супрацьпажарнай бясьпекі.

Выкарыстаньне ўласьнікам іншых жылых памяшканьняў (памяшканьняў, прызначаных і прыдатных для пражываньня грамадзянаў) для разьмяшчэньня арганізацыяў і іхных арганізацыйных структураў дапушчальнае толькі пасьля пераводу гэтых памяшканьняў у нежылыя. Цікавым ёсьць той факт, што, забараняючы грамадзкім аб'яднаньням выкарыстоўваць жылое памяшканьне для разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу, заканадаўца замацоўвае гэтае права за камэрцыйнымі арганізацыямі. У адпаведнасьці з Дэкрэтам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. №11 "Аб упарадкаваньні дзяржаўнай рэгістарцыі і ліквідацыі (спыненьня дзейнасьці) суб'ектаў гаспадараньня" (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі па стане 02.04.2007 г.) месцазнаходжаньнем прыватнага ўнітарнага прадпрыемства можа быць жылое памяшканьне (кватэра, жылы дом) фізычнай асобы - уласьніка маёмасьці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства пры ўмове, што гэтае памяшканьне належыць яму паводле права ўласнасьці, а таксама са згоды ўсіх паўналетніх сямейнікаў.

Што неабходна для ўзгадненьня выкарыстаньня індывідуальнага жылога дому не паводле прызначэньня (разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу ў індывідуальным жылым доме)?

Для ўзгадненьня выкарыстаньня аднкватэрных, блякаваных жылых дамоў ці іх частак не паводле прызначэньня неабходна зьвярнуцца да выканаўчага і распараджальнага органу па месцы знаходжаньня індывідуальнага жылога дому. Пералік дакумэнтаў, неабходных для такога ўзгадненьня, вызначаны Ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 2006 г. №152 "Аб зацьвярджэньні пераліку адміністратыўных працэдураў, ажыцьцяўляных дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі паводле заяваў грамадзянаў" (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі па стане на 06.09.2006 г.).

У адпаведнасьці з гэтым указам у мясцовы выканаўчы і распараджальны орган падаюцца:

  1. заява;
  2. тэхнічны пашпарт і дакумэнт, які пацьвярджае права ўласнасьці на аднакватэрны, блякаваны жылы дом ці ягоную частку;
  3. дамавая кніга (пры ейнай наяўнасьці);
  4. пісьмовая згода паўналетніх сямейнікаў уласьніка аднакватэрнага, блякаванага жылога дому ці яго часткі на выкарыстаньне гэтага жылога дому ці ягонай часткі не паводле прызначэньня.

Працэдура ўзгадненьня ажыцьцяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распараджальнымі органамі бясплатна. Заява мусіць быць разгледжаная на працягу 15 дзён з моманту падачы, а ў выпадку запыту дакумэнтаў і (ці) зьвестак ад іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацыяў (да запытаных зьвестак можа належаць, напрыклад, інфармацыя органаў санітарнага пажарнага надгляду) - на працягу месяца. Рашэньне аб узгадненьні выкарыстаньня не паводле прызначэньня аднакватэрных, блякаваных жылых дамоў ці іх частак дзейнічае бестэрмінова.

Ці зьяўляецца гарантыйны ліст аб аддаваньні памяшканьня для разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу грамадзкага аб'яднаньня дакумэнтам, які пацьвярджае наяўнасьць такога адрасу?

Гарантыйны ліст у гэтым пытаньні - гэта дакумэнт, які пацьвярджае толькі намер адной асобы аддаць другой асобе памяшканьне пасьля ягонай дзяржаўнай рэгістрацыі.

Пасьля рэгістрацыі грамадзкія аб'яднаньні часта забываюць пра неабходнасьць заключэньня грамадзянска-прававых дамоваў (дамовы арэнды, бязвыплатнага карыстаньня), што пацьвярджаюць перадачу ў часовае валоданьне і карыстаньне ці ў часовае карыстаньне будынку альбо пабудовы (часткі будынку альбо пабудовы), здавальняючыся гарантыйным лістом. Аднак гарантыйны ліст пацьвярджае наяўнасьць юрыдычнага адрасу толькі на стадыі рэгістрацыі.

Апроч таго, неабходна памятаць, што дамова арэнды абавязкова мусіць быць заключаная ў пісьмовай форме шляхам складаньня аднаго дакумэнту, падпісанага бакамі. Дамова бязвыплатнага карыстаньня, згодна заканадаўству, можа быць заключаная як у пісьмовай, так і ў вуснай форме. Аднак рэкамэндуем вам заключаць такую дамову ў пісьмовай форме, напрыклад, для таго, каб пры праверцы вашай арганізацыі органам рэгістрацыі вы пазьбеглі праблемаў пры пацьверджаньні наяўнасьці юрыдычнага адрасу. Таксама орган рэгістрацыі ў выпадку зьмяненьняў і дапаўненьняў у Статут у сувязі са зьменай юрыдычнага адрасу патрабуе падачы такой дамовы.

У якіх выпадках неабходна заключаць дамову арэнды, а ў якіх дамову бязвыплатнага карыстаньня?

Памяшканьні, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай і камунальнай уласнасьці, могуць быць здадзеныя ў арэнду. У бязвыплатнае карыстаньне пазначаныя памяшканьні даюцца арганізацыям, вызначаным заканадаўствам. Так, на сёньняшні дзень, згодна Ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 верасьня 2002 г. № 495 "Аб удасканаленьні парадку вызначэньня памераў арэнднай платы і перадачы ў бязвыплатнае карыстаньне грамадзкіх, адміністратыўных і пераабсталяваных вытворчых будынкаў, пабудоваў і памяшканьняў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці" (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі па стане на 29.01.2007), пазначаныя памяшканьні могуць быць аддадзеныя ў бязвыплатнае карыстаньне грамадзкім дзіцячым і моладзевым спартовым арганізацыям, якія дзейнічаюць выключна за лік добраахвотных ахвяраваньняў, сяброўскіх унёскаў і ўнёскаў бацькоў пад мэтадычным кіраўніцтвам і кантролем адпаведных мясцовых выканаўчых і распараджальных органаў.

Памяшканьні прыватнай уласнасьці могуць быць аддадзеныя грамадзкім аб'яднаньням як на ўмовах арэнды, так і на ўмовах бязвыплатнага карыстаньня, у залежнасьці ад дамоўленасьцяў, дасягнутых з уласьнікам.

Якія існуюць патрабаваньні пра мінімальную плошчу памяшканьня пад юрыдычны адрас?

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не зьмяшчае патрабаваньняў пра мінімальную плошчу памяшканьня пад юрыдычны адрас, роўна як і патрабаваньняў аб абавязковай наяўнасьці вокнаў, тэлефона і г. д. Аднак зыходзячы з таго, што ў заканадаўстве панятак "юрыдычны адрас" атаясамліваецца з паняткам "месцазнаходжаньне кіроўнага органу", лягічна меркаваць, што памяшканьне мусіць быць прыдатнае для правядзеньня паседжаньняў кіроўнага органу.

Ці могуць некалькі грамадзкіх аб'яднаньняў разьмяшчацца на адным юрыдычным адрасе?

Заканадаўства не забараняе разьмяшчэньне некалькіх грамадзкіх аб'яднаньняў на адным юрыдычным адрасе. Як прыклад адваротнага можна прывесьці заканадаўства аб суб'ектах гаспадараньня, фондах. Дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. №11 "Аб упарадкаваньні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненьня дзейнасьці) суб'ектаў гаспадараньня" (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі па стане на 02.04.2007 г.), Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2005 г. №302 "Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці фондаў" (гэтыя нарматыўныя акты не распаўсюджваюцца на грамадзкія аб'яднаньні) наўпростава забараняюць разьмяшчэньне на адным юрыдычным адрасе камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацыяў, прызнаючы гэта падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Ці неабходна паведамляць органу рэгістрацыі аб зьмяненьні юрыдычнага адрасу грамадзкага аб'яднаньня?

У адпаведнасьці з арт. 24 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" грамадзкае аб'яднаньне абавязанае ў выпадку зьмяненьня юрыдычнага адрасу ў месячны тэрмін падаць у адпаведны орган рэгістрацыі ўсе дакумэнты, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі зьмяненьняў і (ці) дапаўненьняў, унесеных у Статут. Такім чынам, у адпаведнасьці з нормамі заканадаўства, калі грамадзкае аб'яднаньне спыніла дамоўныя стасункі на пазначаным у Статуце юрыдычным адрасе, то на працягу месяца яму неабходна знайсьці новы і ўнесьці адпаведныя зьмены ў Статут. Для ўнясеньня пазначаных змяненьняў у орган рэгістрацыі падаюць:

  1. заяву пра дзяржаўную рэгістрацыю зьмяненьняў, унесеных у статут аб'яднаньня, падпісаную ня менш чым трыма сябрамі кіроўнага органу аб'яднаньня, паводле ўсталяванай формы (форму заявы вы можаце знайсьці на сайце Фонду разьвіцьця прававых тэхналёгіяў http://www.lawtrend.org/ru/content/nko/docum альбо на сайце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь http://minjust.by/ru/site_menu/about/struktura/obschestv/registr);
  2. пратакол паседжаньня органу, правамоцнага ўносіць зьмены ў статут аб'яднаньня (пратакол кіроўнага органу);
  3. арыгінал статуту аб'яднаньня;
  4. статут аб'яднаньня з унесенымі ў яго зьменамі (новая рэдакцыя) у двух асобніках;
  5. дакумэнт банку, які пацьвярджае аплату рэгістрацыйнага збору (не падаецца мясцовымі, рэспубліканскімі моладзевымі і дзіцячымі аб'яднаньнямі, аб'яднаньнямі вэтэранаў ВАВ);
  6. дакумэнт, які пацьвярдаже паўнамоцтвы сябра аб'яднаньня рэпрэзэнтаваць інтарэсы аб'яднаньня ў працэсе дзяржаўнай рэгістрацыі зьменаў, унесеных у статут аб'яднаньня (дастаткова адлюстраваньня гэтага пытаньня ў пратаколы, дзе прымаецца рашэньне аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Статут);
  7. дакумэнт, які пацьвярджае права на разьмяшчэньне кіроўнага органу на новым адрасе.

Неабходна памятаць, што ў адпаведнасьці з Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэньнях Рэспубілкі Беларусь (арт. 23.19) непадача службовай асобай ва ўсталяваны тэрмін органу рэгістрацыі інфармацыі пра зьмену юрыдычнага адрасу цягне спаганяньне штрафу ў памеры ад 10 да 20 базавых велічыняў.

Ці маюцца ў грамадзкіх аб'яднаньнях ільготы па арэнднай плаце?

У адпаведнасьці з Указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 верасьня 2002 г. №495 "Аб удасканаленьні парадку вызначэньня памераў арэнднай платы і перадачы ў бязвыплатнае карыстаньне грамадзкіх, адміністрацыйных і пераабсталяваных вытворчых будынкаў, пабудоваў і памяшканьняў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці" (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі па стане на 29.01.2007) для грамадзкіх аб'яднаньняў, якія арэндуюць памяшканьне плошчай да 75 кв. м, вызначаецца заніжаны каэфіцыент 0,1 да базавай стаўкі арэнднай платы. Плошча, якая перавышае 75 кв. м, аплачваецца без ужываньня каэфіцыента, за выключэньнем памяшканьняў, што выкарыстоўваюцца непасрэдна для арганізацыяў дзіцячых і юнацкіх спартовых сэкцыяў і групаў, дзіцячых тэатраў, студыяў, танцавальных, літаратурна-мастацкіх калектываў, для якіх ільгота распаўсюджваецца на ўсе арэндаваныя плошчы. Для грамадзкіх аб'яднаньняў, што арэндуюць памяшканьні камунальнай уласнасьці, паніжальныя каэфіцыенты ўсталёўваюцца рашэньнямі абл(Мінгар)выканкамаў у залежнасьці ад віду дзейнасьці.

Шырокую вядомасьць сярод грамадзкіх аб'яднаньняў атрымаў Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2007 г. №533, якім уносяцца зьмяненьні і дапаўненьні ў вышэйпазначаны ўказ прэзыдэнта №495. Гэтым указам, у прыватнасьці, усталёўваецца, што паніжальны каэфіцыент да базавых ставак арэнднай платы ў памеры 0,1 прымяняльны да плошчаў, якія арэндуюцца:

Паніжальны каэфіцыент памерам 0,1 усталяваны таксама для арганізацыяў пры колькасьці працоўных інвалідаў на арэндных плошчах 50% і болей ад сярэднесьпісавай колькасьці працоўных.

Указ прадпісвае арэндадаўцам памяшканьняў дзяржаўнай уласнасьці ў шасьцімесячны тэрмін пасьля яго падпісаньня прывесьці ў апаведнасьці зь ім дамовы арэнды ў частцы памераў узаемнай арэнднай платы. Аднак зьвяртаем увагу на тое, што палажэньне аб зьмяненьні суб'ектаў, на якія будзе распаўсюджвацца норма аб ужываньні паніжальных каэфіцыентаў да базавай стаўкі арэнднай платы, робіцца правамоцным толькі 24 красавіка 2008 году. Адпаведна, зьмененыя палажэньні дамоваў арэнды ў частцы памераў зьбіранай арэнднай платы мусяць уступаць у сілу не раней за 24.04.2008 году.

На сёньня ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адсутнічае панятак "гуманітарная дзейнасьць", у сувязі з чым падаецца складаным вызначыць, да якіх жа менавіта некамэрцыйных арганізацыяў будзе прымяняцца пазначаны паніжальны каэфіцыент. У апошні час усім грамадзкім аб'яднаньням, што заключылі дамову арэнды зь Дзяржаўнай установай "Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне" былі разасланыя лісты, у адпаведнасьці зь якімі для атрыманьня ільготы па арэнднай плаце неабходна падаць пацьверджаньне ад Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці Ўпраўленьня па справах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.