Зьмест

Сыс у найноўшай Гісторыі

Збор сродкаў на надмагільны помнік паэту Анатолю Сысу хтосьці можа назваць прыкметай рэдкай салідарнасьці беларусаў. Піяршчыкі не палічылі б гэтую акцыю надзвычайнай. Вядома, што карцінка “пахаваньне героя” (гэтаксама як дзеткі, прыгожыя жанчыны) ёсьць бяспройгрышным вобразам, пад які хутка зьбіраюцца галасы выбарцаў ці грошы. Узгадайма пахаваньне Васіля Быкава ў чэрвені 2003 году. Разьвітаньне з народным пісьменьнікам пераўтварылася ў шматтысячнае шэсьце на галоўным праспэкце сталіцы. Бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнымі стужкамі суправаджалі ў апошні шлях нацыянальную легенду. Улада не адважылася перашкаджаць “правядзеньню несанкцыянаванай акцыі”, бо рэакцыя засмучаных людзей магла б стаць непрадказальнай.

Паэта Анатоля Сыса не называлі легендай пры жыцьці, хаця і адзначалі ўнікальнасьць таленту. Героем беларускага наратыву1 Анатоль Сыс становіцца цяпер, пасьля сьмерці. Гісторыя - гэта не падзеі і факты. Гэта наратыў, які апісвае падзеі і факты. Падворак паэтавай хаты ў вёсцы Гарошкаў пад Гомелем, як і Кастрычніцкая плошча пасьля сакавіка 2006 году, становіцца для беларусаў знакавым месцам. Тое, што мясцовыя ўлады другі год запар не даюць памяшканьня для правядзеньня чытаньняў у гонар Сыса, грае толькі на карысьць пісаньня легенды. Вакол асобы Сыса ствараецца арэол супраціву, які ўводзіць паэта ў Гісторыю.

У траўні 2008 году, да трэціх угодкаў сьмерці Анатоля Сыса, на магіле паэта ў Гарошкаве будзе ўсталяваны помнік. Аўтар эскізу надмагільля, скульптар Гэнік Лойка, пагадзіўся працаваць бясплатна. Сродкі на аплату матэрыялаў, працу рабочых ды транспартаваньне помніка ў Гарошкаў (каля 1,5 тысячы даляраў) былі сабраныя за адзін рок-канцэрт, зладжаны ў касьцёле сябрамі паэта. На знак павагі да вялікага паэта музыкі пагадзіліся выступаць бяз грошай. Больш за тое, некаторыя артысты нават пакрыўдзіліся на арганізатараў дабрачыннай імпрэзы, бо не былі запрошаныя да ўдзелу.

Прычыны крыўды зразумелыя: безь перабольшаньня, Сыс цяпер дае ўнікальную магчымасьць для кожнага ня толькі паўдзельнічаць у стварэньні наратыву, але і пакінуць сваё імя ў нацыянальнай Гісторыі. Трэба аддаць належнае тым людзям, якія ўсьведамляюць эпахальнасьць падзеі. Але, на жаль, нават самыя “прасунутыя” забываюцца на вечнае перад будзённымі праблемамі.

Тут гаворка пра тых, каго цяпер некаторыя называюць “Праляскоўскі і кампанія”. Ня хочацца чарговы раз вярэдзіць пачуцьці фанатаў, але выглядае на тое, што 40 хвілінаў размовы з галоўным ідэолягам зрабілі больш, чым гады паўпадпольнага (але легендарнага!) існаваньня. Нібыта з рацыянальнага пункту гледзішча ўсё выглядае слушна: разумны дыялёг, імкненьне абараніць калегаў па цэху. Але гэта ня ўчынак герояў, а паводзіны звычайных людзей, якія клапоцяцца пра сям’ю, заробак ды творчую рэалізацыю. Хай бы насамрэч на тую сустрэчу даслалі замест сябе палітыка, як гэта прапанаваў кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін! Палітыкаў рэдка калі называюць “сумленьнем нацыі”, таму нават сумнеўныя дамовы іхнаму іміджу ня шкодзяць.

Рызыкну прагназаваць, што ў хуткім часе індэкс цытаваньня беларускіх рокераў зьнізіцца. Калі раней Лявона Вольскага журналісты прасілі выказаць меркаваньне з ўсялякай нагоды, дык цяпер ён будзе цікавы выключна адмыслоўцам. У беларускім наратыве рок-музыкам цяпер пакінутае месца толькі персанажаў другога пляну.

А беларусам трэба шукаць і ствараць іншых актораў для сваёй Гісторыі. На шчасьце (ці на гора?), імя Анатоля Сыса ў нацыянальны пантэон герояў занесенае ўжо назаўжды.

Юнэля Сальнікава

Заўвагі

1 Наратыў (анг. і фр. narrative - аповед, апавяданьне) - панятак з гістарыяграфіі, які тлумачыць сэнс гістарычнай падзеі ў кантэксьце аповеду пра гэтую падзею. Удалай спробай падаецца стварэньне нацыянальнага наратыву найноўшага часу пад назвай “Плошча”. Некалькі сотняў маладзёнаў, якія мерзлі чацьвёра сутак у намётах, - гэта ўжо гісторыя. Падзея падавалася як сама мала ў дзьвюх вэрсіях: “героі Беларусі” і “малалеткі-наркаманы за грошы Захаду”. Другі, дзяржаўны варыянт інтэрпрэтацыі меў значна большы рэсурс для раскруткі. Але ўрэшце перамогу атрымаў “гераічны” наратыў, які цяпер дапамагае маладым беларусам вучыцца за мяжой, а іхным бацькам - жыць у надзеі.