Зьмест

Трэці сэктар напярэдадні выбараў

"служкі за ўсё", "залатыя валянтэры"...

Палітоляг Сьвятлана Навумава - пра апазыцыйныя міты, неарганізаваную грамадзянскую супольнасьць, чалавечыя рэсуры зь "Белай Русі" і выбары-2008.

*Кар.: Як можна ахарактарызаваць стан трэцяга сэктару напярэдадні парлямэнцкіх выбараў – 2008?

Навумава: Вонкаваму назіральніку, незаангажаванаму ў дзейнасьць трэцяга сэктару, вельмі цяжка меркаваць, ці адбыліся за апошні час хоць якія зьмены. Больш за тое, сьлядоў ягонай дзейнасьці няма ніякіх. Гэта ня значыць, што трэці сэктар нічога ня робіць. Проста інфармацыйная блякада настолькі вялікая, што звычайна грамадзянін, нават калі цікавіцца палітыкай, усё адно нічога ня бачыць і не заўважае. А ўвогуле, каб зразумець, што ўсё ж такі адбываецца ў трэцім сэктары, трэба быць вельмі моцна ў яго паглыбленым. Я мяркую, надышоў час пераасэнсаваць структуру і маштабы той зьявы, якую мы называем трэці сэктар у Беларусі. Традыцыйна яго прынята зводзіць да пэўных структураў і арганізацыяў, якія існуюць не адзін год. Сёньня ўзьнікае і набывае моц тое, што атрымала ў акадэмічнай літаратуры назву неарганізаванай грамадзянскай супольнасьці.

Найбольш актуальны для Беларусі прыклад неарганізаванай грамадзянскай супольнасьці, у якой пераважаюць гарызантальныя дачыненьні, - лякальныя кампутарныя сеткі. Праўда, мы не прызвычаіліся іх адносіць ні да грамадзянскай супольнасьці, ні да трэцяга сэктару. Аднак у пэўным сэнсе гэта і ёсьць трэцім сэктарам, калі зыходзіць з азначэньня, што трэці сэктар - гэта не дзяржава і ня бізнэс.

Кар.: Ці адбыліся якія-небудзь структурныя зьмены ў грамадзкім сэктары за апошнія два гады?

Навумава: Вернемся да прыкладу з кампутарнымі лякальнымі сеткамі. Увесь Менск і іншыя беларускія гарады ахутаныя самадзейнымі сеткамі. На практыцы гэта значыць, што знайшоўся актыўны чалавек альбо група неабыякавых людзей (няважна, якія ў іх стасункі з падатковымі органамі), яны арганізавалі жыхароў свайго і суседняга дамоў, набылі дрот, назьбіралі грошы і забясьпечылі працу лякальнай сеткі, а таксама больш-менш хуткі і адносна танны выхад у Інтэрнэт для вялікай колькасьці людзей. Больш таго, ствараючы лякальную сетку, яны сфармавалі нейкую структуру ў трэцім сэктары. Дарэчы, я якраз зьяўляюся чальцом такой структуры, такой супольнасьці. Калі штосьці здарыцца з дасягам у Інтэрнэт, я ведаю, у якую кватэру ў маім доме мне трэба падысьці. Акрамя таго, сябры лякальнага кам'юніці могуць карыстацца тымі інфармацыйнымі рэсурсамі, якія там ёсьць. Напрыклад, фільм "Плошча" Юр'я Хашчавацкага я паглядзела менавіта таму, што ён быў выкладзены на сэрвэр. І што, гэта не грамадзянская супольнасьць, ня трэці сэктар?! Проста, знаходзячыся ў палоне традыцыйных уяўленьняў, мы часам не заўважаем і ня бачым зьменаў, што адбываюцца ў трэцім сэктары.

Новая тэндэнцыя, пра якую шмат пісалася апошнім часам, - моладзевыя структуры, якія паўсталі пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Іх адрозьненьне ад традыцыйных арганізацыяў заключаецца ў тым, што яны аб'ядноўваюць людзей новага палітычнага пакаленьня. У складзе падобных аб'яднаньняў працуюць людзі, у якіх няма маральнага цяжару мінулых праблемаў. У іх іншая рэпутацыя, чымся ў некаторых старых арганізацыяў. Канечне, ім выдаваліся надзвычай вялікія авансы. Маўляў, яны выратавалі гонар беларускага народу ў сакавіку 2006 году, выказваючы пратэст што да прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак самі спробы моладзевых ініцыятываў дыстанцыявацца ад традыцыйных палітычных партыяў, адысьці ад патранату старых НДА, робіць іх даволі цікавымі аб'ектамі для вывучэньня.

Кар.: Якой мусіць быць стратэгія структураў незалежнага грамадзтва падчас парлямэнцкіх выбараў?

Навумава: Калі мне задаюць пытаньне пра агульную стратэгію трэцяга сэктару напярэдадні выбараў, складваецца ўражаньне, што я раптоўна апынулася ў краіне ўстойлівай стабільнай дэмакратыі. Хіба ў нас ёсьць парлямэнт, выбары, у межах якіх пэўныя актары выпрацоўваюць нейкія стратэгіі? Гэта ўвогуле не пра нашае жыцьцё. З пункту гледжаньня выбарчага заканадаўства беларускія грамадзкія аб'яднаньні могуць удзельнічаць у назіраньні, агітацыі. Зь іншага боку, яны ня могуць вылучаць кандыдатаў. Таму нейкай асаблівай ролі ў іх ня будзе.

Кар.: Як Вы лічыце, ці ўдасца беларускім дэмакратам выступіць адзіным фронтам?

Навумава: Узьнікае пытаньне, ці будзе якая-небудзь агульная стратэгія ў апазыцыі. Як паказваюць апошнія падзеі, наўрад ці. Тое, пра што так доўга казалі ў апазыцыі, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, пра нейкае адзінства дэмакратаў, - на сёньня, мне падаецца, гэта хутчэй міт, чымся рэальнасьць.

Кар.: Вы маеце на ўвазе рух "За свабоду"?

Навумава: Так. Апазыцыі, на маю думку, усё-такі ня ўдасца дамовіцца наконт падзелу акруг. Дэмакратычныя кандыдаты, як гэта бывае звычайна, будуць прымаць рашэньні пра супрацу з грамадзкімі арганізацыямі не паводле нейкай агульнай стратэгіі, а згодна са сваёй дамовай. Сам па сабе трэці сэктар самастойнай ролі ў выбарчым працэсе, на мой погляд, ня грае. Гэта і немагчыма ў межах той палітычнай сытуацыі, што склалася ў Беларусі. Калі зыходзіць з таго, што выбараў як палітычнага рынку, як канкурэнтнага асяродзьдзя няма, то застаецца быць на падхопе. Увогуле, у расейскай уладнай практыцы гэта называлася "служкі за ўсё". Тое ж самае і няўрадавыя арганізацыі. Яны, як "служкі за ўсё", асаблівай сваёй стратэгіі ня маюць.

Кар.: Якую ролю на парлямэнцкіх выбарах будзе адыгрываць нядаўна створаная праўрадавая арганізацыя "Белая Русь"?

Навумава: "Белая Русь" зарэгістраваная як грамадзкае аб'яднаньне, а не палітычная партыя. Таму вылучаць кандыдатаў яны ня будуць. Гэта, зноў-такі, маё назіраньне.

Кар.: Як грамадзкае аб'яднаньне яны зарэгістраваліся хутка. Значыць, пры патрэбе змогуць стаць партыяй?

Навумава: Калі "Белая Русь" стане палітычнай партыяй, то зможа вылучаць кандыдатаў. Мы цяпер абмяркоўваем, якую ролю яшчэ хтосьці будзе выконваць. Зноў складваецца ўражаньне, што ў Беларусі маецца паўнавартасны электаральны працэс. Насамрэч выбары ў Беларусі зводзяцца да наступнага: чалавек захацеў балятавацца ў дэпутаты. Спачатку ён ідзе на зацьвярджэньне сваёй кандыдатуры ў адміністрацыю раёну. На месцы ён вызначаецца, ці будуць яго падтрымліваць. Праўда, гэта ўсё ўмоўная схема. У прынцыпе, працэс можа быць арганізаваны інакш. Напрыклад, сыгнал можа ісьці з адміністрацыі: "Ты, Пётар Іванавіч, мусіш балятавацца. Мы цябе будзем падтрымліваць". І далей усё ідзе на аўтамаце. Пасьля адміністрацыя свайму кандыдату дапамагае атрымаць неабходную колькасьць галасоў. Якім чынам? Гэта іншае пытаньне. Абсалютна дакладна, што вынікі выбараў у нас загадзя прадвызначаныя, бо рэальнай палітычнай канкурэнцыі няма. Парадокс заключаецца ў тым, што нават старшыня ЦВК да канца ня ведае, колькі рэальна за каго было пададзена галасоў. Гэтага ня ведае ніхто. Калі Аляксандар Рыгоравіч прагаварыўся наконт фальсыфікацыі выбараў, ён зусім ня хлусіў. Таму што сапраўды можна намаляваць любую лічбу. Падобны сцэнар будзе рэалізаваны і на гэтых выбарах.

"Белая Русь" будзе граць ролю дэкарацыі, ствараючы быццам бы бачнасьць электаральнага працэсу. Сябры "Белай Русі" прыйдуць і будуць назіраць за хадой выбараў на ўчастках. Падчас выбараў яны могуць падтрымліваць пэўных кандыдатаў і рабіць адпаведныя заявы ў афіцыйнай прэсе. Калі ж казаць пра той працэс, які рэальна праходзіць у Беларусі, я мяркую, "Белая Русь" будзе своеасаблівай кузьняй кадраў. Калі ў адміністрацыі будзе разглядацца пытаньне кандыдатураў, то "Белая Русь" можа быць той рэфэрэнтнай групай, адкуль і будуць брацца гэтыя самыя, прабачце за выраз, чалавечыя рэсурсы. То бок будзе створаны пэўны канал рэкрутаваньня. Падобная шырма пад назвай "Белая Русь", якая будзе закрываць усе хібы электаральнага працэсу, - гэта вельмі патрэбны складнік квазідэмакратыі. Калі паўстане пытаньне пра народны рух падтрымкі дзейснага курсу, то ўлады могуць спаслацца на гэтую арганізацыю.

Кар.: У адным са сваіх інтэрвію напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2004 году Вы выказалі меркаваньне, што ў арганізацыях кампаніяў "будуць задзейнічаныя людзі маладыя, і, на жаль, ненавучаныя". Ці зьмянілася што-небудзь з таго часу? Ці пасталелі тыя маладыя людзі ў сэнсе падрыхтаванасьці да ўдзелу ў выбарах пры новых палітычных варунках?

Навумава: Валянтэрская праца вымагае асаблівых тэхналёгіяў. У гэтым сэнсе ўсе валянтэры апошняй прэзыдэнцкай кампаніі складаюць так званы працэнт "залатых валянтэраў", што атрымалі каштоўны досьвед. Гаворка не вядзецца пра валоданьне такімі выкшталцонымі рэчамі, як НЛП. Хаця, зразумела, вельмі добра, калі валянтэр ёсьць добрым псыхолягам. Але, як вядома, сутнасьць валянтэрства заключаецца ня ў тым, каб пераканаць, а каб праінфармаваць выбарца і пакінуць яму агітацыйны матэрыял. Калі валянтэр пачне пераконваць выбарцаў, то ніякага сэнсу ня будзе.

Мяркую, калі не адбудзецца непазьбежная "ўсушка і ўтрэска" людзей, што ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, то гэта будуць людзі, канечне, з большым досьведам, рэзыстэнтныя, здольныя супрацьстаяць імавернай агрэсіі і г. д. Валянтэры павінны правільна сябе весьці ў стандартным наборы сытуацыяў, зь якімі яны сутыкаюцца. Як правіла, можна вылучыць 5-6 сытуацыяў, у якія трапляе валянтэр падчас выбараў. Звычайнаму чалавеку, якому ніколі раней не даводзілася выконваць падобную працу, бывае вельмі цяжка пераадолець самы просты бар'ер: пазваніць у кватэру і на пытаньне "хто там?" уцямна адказаць. Гэта ня так проста, бо за вечар выпадае кантактаваць зь вялікай колькасьцю незнаёмых людзей, таму досьвед тут моцна дапамагае.

Іншая справа, я яшчэ раз паўтаруся, гэта ня будзе мець вырашальнага значэньня. Нядаўна на блогу адной дэпутаткі я прачытала паведамленьне, якое, дарэчы, выклікала дыскусію, што сфальсыфікаваць выбары магчыма, калі розьніца ў працэнтах галасоў за прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла складае менш за 15 адсоткаў. Калі перавага зьяўляецца больш значнай, наш кандыдат перамагае з большым працэнтам, то як бы адміністрацыя ні хацела, яны не намалююць патрэбнай лічбы. Намалююць! Залежыць гэта не ад колькасьці галасоў, а ад выбару адміністрацыі. Калі раённае кіраўніцтва выдатна разумее, што для яе бясьпечнымі паводзінамі зьяўляецца фальсыфікацыя нягледзячы ні на што, то ў адпаведнасьці са здаровым глуздам яны будуць сьвядома маляваць лічбы. Можна і больш за 15 адсоткаў сфальсыфікаваць. Іншая справа, што калі падтрымка вельмі актыўная дзякуючы тым жа валянтэрам, то фальсыфікацыю цяжэй прыхаваць. Як паказвае практыка, заўжды знойдзецца хоць адзін участак у акрузе, дзе падлічваюць галасы сумленна. Напрыклад, прыяжджаюць назіральнікі з АБСЭ, і ўжо сябры камісіі тады нічога не вырашаюць. І калі розьніца паміж гэтым участкам і іншым аказваецца істотнай, то выплывае на паверхню зьдзейсьненае ў выніку фальсыфікацыяў. Гэта, канечне, ня значыць, што вынікі выбараў будуць ануляваныя. Безумоўна, не. Аднак фальсыфікацыя лепей заўважная.

Нягледзячы ні на што, я лічу, што ўдзельнічаць у выбарах трэба. Гэта выдатная школа для маладых і актыўных людзей, што жадаюць рабіць пасьпяховую кар'еру, не абавязкова палітычную, а ўвогуле прафэсійную. Трэба скарыстаць гэтую ці не адзіную легальную ў Беларусі магчымасьць паказаць сябе ў публічнай прасторы.

Гутарылі Ю.С і М.Б.