Зьмест

Трэці сэктар у эпоху інфармацыяналізму

Вынаходніцтва ў пачатку 1970-х мікрапрацэсара і мікракампутара, а ў 1969-м стварэньне Міністэрствам абароны ЗША электроннай камунікатыўнай сэткі, што пазьней пераўтварылася ў сучасны Інтэрнэт, прывяло да зьяўленьня новай сацыяльнай структуры - інфармацыйнае грамадзтва. З гэтага часу, паводле М.Кастэльса, "інтэрактыўныя камутарныя сеткі растуць, ствараючы новыя формы і каналы камунікацыі, фармуючы жыцьцё і фармуючыся жыцьцём адначасова". А якое месца ў інфармацыйным грамадзтве належыць беларускім НДА? На гэтае пытаньне спрабуе адказаць аўтар матэрыялу.

Інтэрнэт укараняецца ў нашае жыцьцё даволі павольна, параўнальна зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы, але, здаецца, усё ж хутчэй, чым разьвіваецца грамадзянская супольнасьць. Пры ўсім гэтым, можна сьцьвярджаць, што беларускі грамадзянскі актывізм ужо ўвайшоў у сусьветнае Сеціва (а ў некаторых выпадках нават эміграваў туды, пакінуўшы неэлектроннае жыцьцё). Разам з тым, ён яшчэ далёкі ад асваеньня магчымасьцяў, даступных дзякуючы інфармацыйна-камунікатыўным тэхналёгіям. У гэтым артыкуле мы паспрабуем зрабіць агляд сродкаў і падыходаў, практыкаваных недзяржаўнымі арганізацыямі ды ініцыятывамі ў сьвеце, а таксама параўнаем стан электроннага актывізму ў Беларусі і іншых краінах.

Невялікая даведка

Амэрыканскія і заходнеэўрапейскія НДА выйшлі ў Сеціва практычна ў той жа час, калі зьявілася мода на "хатнія старонкі". Першымі матывамі падобнай актыўнасьці было, як і ўва ўсіх, жаданьне паспрабаваць новыя тэхналёгіі, "быць ня горшымі за астатніх". Крыху пазьней, з ростам аўдыторыі Інтэрнэту, стварэньне сайтаў стала больш рацыянальным: зь іх дапамогаю пачалі наладжваць сувязь з кліентамі і партнэрамі. Праўда, сувязь была аднабаковая, паколькі старонкі выконвалі ролю традыцыйных друкаваных бюлетэняў, толькі перанесеных на экран. Інтэрнэт-камэрцыя прастымулявала зьяўленьне сыстэмаў пераводу грошай праз Інтэрнэт, і грамадзкі сэктар адразу скарыстаўся гэтым шанцам, каб зьбіраць ахвяраваньні. А неўзабаве прыйшла інтэрактыўнасьць - магчымасьць ня толькі падаваць інфармацыю, але і ўзаемадзейнічаць. Блогі і сацыяльныя плятформы шырока выкарыстоўваюцца для дзейнасьці і прамоцыяў ідэяў групамі рознай сацыяльнай і палітычнай скіраванасьці.

Новыя формы актывізму

Новае асяродзьдзе спарадзіла таксама і новыя формы актывізму. Група хакераў, вядомая пад назвай Cult Of The Dead Cow ("Культ мёртвай каровы" - гэткая вясёлая назва), стварыла тэрмін хактывізм (hacktivism). Гэты панятак азначаў дзейнасьць у сфэры інфармацйных тэхналёгіяў на карысьць свабоднага распаўсюду інфармацыі і абароны правоў чалавека. Тэрмін на некаторы час стаў модным. Аднак хутка быў "размыты" ўчынкамі супольнасьцяў, якія называлі сябе хактывістамі, але займаліся, па-сутнасьці, кібэрхуліганствам і кібэрвандалізмам: зьнішчэньнем ці несанкцыянаванай мадыфікацыяй інфармацыі ў Сеціве, - апраўдваючы свае дзеяньні палітычнымі матывамі. Зьявіліся сеткавыя флэшмобы: адначасовыя дзеяньні мноства карыстальнікаў Інтэрнэту, скіраваныя на паралізацыю працы вызначаных сэрвэраў (масавыя звароты да нейкага сайту могуць перавысіць магчымасьці хостынгу) ці запаўненьне форумаў (альбо іншых формаў для камэнтаваньня) лёзунгамі, зваротамі, а можа, і проста якой-небудзь лухтой. Некаторы час была папулярнай практыка рассылкі сацыяльнага ці палітычнага спаму, аднак, разам з камэрцыйным спамам, яна неўзабаве стала ўспрымацца нэгатыўна, а дзе-нідзе была забароненая заканадаўча.

На цяперашні час дзейнасьць актывістаў у Сеціве можа быць падзеленая на наступныя клясы:

1. Пошук інфармацыі.

Інтэрнэт - гіганцкая звалка інфармацыі, зь якой, карыстаючыся пошукавымі сэрвісамі, можна сыстэматызавана выцягваць карысныя зьвесткі. Гэта тычыцца ня толькі пошуку навінаў, партнэраў ці фундатараў. Не адыходзячы ад кампутара, цалкам рэальна ўсур'ёз адукавацца (зрэшты, каб напоўніцу скарыстаць з гэтае магчымасьці, трэба чытаць па-ангельску). Таксама распаўсюджваецца такі від дзейнасьці, як он-лайнавае сьледзтва / дасьледаваньне, калі шляхам пошуку і аналізу навінаў, блогаў і абвестак, якія могуць захоўвацца гадамі ў сеціве, можна ацэньваць рэпутацыю чыноўнікаў і ўстановаў, высьвятляць цікавыя сувязі і заканамернасьці. Ужо неаднойчы выкарыстоўваліся спадарожнікавыя здымкі з сэрвісу GoogleMaps, каб вывесьці на чыстую ваду карупцыянэраў. Напрыклад, чыноўнік дэкляруе мізэрныя прыбыткі, але позіркам зьверху можна паглядзець на ягоны дом з дваром за высокім плотам, дзе знаходзяцца басэйн, аранжарэя ды гараж на пяць аўто.

2. Распаўсюд інфармацыі.

Калі раней распаўсюд інфармацыі ўлучаў у сябе публікацыю на сайтах ды рассылку электроннай пошты, дык цяпер гэта цэлае мастацтва. Апрача разьлікаў са сфэры грамадзкіх стасункаў (дзе і калі варта разьмясьціць інфармацыю, падаць яе як прыватнае меркаваньне ў асабістым дзёньніку ці афіцыйна), актывісты засвойваюць тэхналягічныя формы падачы інфармацыі: відэа, аўдыё, інтэрактыўнае асяродзьдзе. З паказальных прыкладаў: актывіст з Тунісу Самі Бэн Гарбія (Sami Ben Gharbia) скарыстаўся паслугамі ўжо памянёнага GoogleMaps і стварыў інтэрактыўную мапу сваёй краіны, дзе разьмясьціў вязьніцы і лягеры туніскага рэжыму. Навёўшы курсор на адпаведную пазнаку, атрымліваеш сьпіс палітычных зьняволеных са спасылкамі на матэрыялы справаў, звароты, фота і відэа з удзелам зьняволеных. На момант напісаньня матэрыялу гэты сайт абрынуўся пад цяжарам масы зацікаўленых наведнікаў. Думаю, наўрад ці гэтая інфармацыя выклікала б такі ж ажыятаж, калі б была пададзеная звыклым тэкставым сьпісам.

3. Электроннае супрацоўніцтва (remote collaboration)

Гэты панятак азначае супольнае і скаардынаванае выкананьне працы людзьмі, разрозьненымі геаграфічна, але злучанымі празь Сеціва. Найстарэйшы і адзін з найпрасьцейшых сродкаў - форум, які і да сёньня ёсьць зручным спосабам правядзеньня абмеркаваньняў. Але цяпер, канечне, арсэнал значна шырэйшы. Сэрвісы "імгненных паведамленьняў" ды ip-тэлефанія даюць магчымасьць весьці перамовы ў рэальным часе, у тым ліку зь відэатрансьляцыяй. Безумоўна, электоранне супрацоўніцтва не абмяжоўваецца толькі перамовамі ды ўзгадненьнямі. Існуюць сродкі супольнае працы над тэкставай і графічнай інфармацыяй. Просты і папулярны спосаб калектыўна працаваць над масівам тэкстаў - wiki. Звычайна гэта сайт, зьмест якога можа быць у нескладаны спосаб адрэдагаваны любым карыстальнікам. Пры гэтым заўсёды можна прагледзець хто, калі і якія зьмены ўнес у тэкст. На такім прынцыпе працуе буйнейшы сеціўны даведнік Wikipedia. Сродкі электроннага супрацоўніцтва нярэдка інтэграваныя ў іншыя сэрвісы. Так, напрыклад, карыстальнікі Gmail маюць магчымасьць сумеснага рэдагаваньня дакумэнтаў і табліцаў з дапамогаю GoogleDocs.

Працяг чытайце ў наступным нумары "Асамблеі".