Грамадзкія актывісты Беларусі ініцыююць антыядравую кампанію. Падставай для дзеяньня сталіся шматлікія публікацыі ў афіцыйнай прэсе, у якіх выказвалася неабходнасьць будаўніцтва і ўвядзеньня ў эксплюатацыю ў Беларусі атамнай электрастанцыі.
У межах кампаніі плянуецца распрацоўка альтэрнатыўнага энэргетычнага пляну без выкарыстаньня атамнай энэргетыкі. Да працы будзе прапанавана далучыцца навукоўцам і эканамістам. З нагоды антыядравай кампаніі ў Кіеве ўжо адбылася канфэрэнцыя, у якой узялі ўдзел беларускія, украінскія і расейскія экалягічныя арганізацыі.
Варта адзначыць, што 2007 актывісты грамадзкага аб'яднаньня "Экадом" (адны з ініцыятараў кампаніі) зьвярнуліся ў Міністэрства энэргетыкі з запытам, у якім закраналася праблема ўдзелу грамадзкасьці ў абмеркаваньні будаўніцтва АЭС. Зь Міністрэства энэргетыкі быў атрыманы адказ за подпісам намесьніка міністра Міхадзюка. У ім пазначалася: "У рэспубліцы неабходна праводзіць працу па фармаваньні пазытыўнага грамадзкага стаўленьня да стварэньня ядравай энэргетыкі. (...) для падвышэньня даверу да ядравай энэргетыкі неабходна праводзіць шырокі комплекс інфармацыйна-асьветніцкай і адукацыйнай працы (...)".
Разам з тым, лідэрка грамадзкага аб'яднаньня "Экадом" Ірына Сухій лічыць, што "паводле Орхускай канвэнцыі, зацьверджанай Указам прэзыдэнта, у Беларусі прадугледжаны ўдзел грамадзкасьці ў абмеркаваньні пытаньня аб неабходнасьці будаўніцтва АЭС. На сёньня ёсьць небясьпека, што грамадзкасьць прыцягнуць толькі пры выбары месца для АЭС. Таму абмеркаваньне мусіць адбывацца менавіта паводле пытаньня будаваць ці не".
Мяркуецца, кампанія будзе рэалізоўвацца ў некалькіх кірунках: інфармацыйная праца з насельніцтвам, навукова-экспэртная ў распрацоўцы альтэрнатыўнага пляну і адукацыйныя мерапрыемствы для актывістаў.
І.Скорыкаў