Канфэрэнцыя "Інтэлектуалы і грамадзянская супольнасьць", што адбылася ў першай дэкадзе сьнежня 2007, пакінула неадназначнае ўражаньне. Рэч у тым, што ў самой назьве форуму арганізатары запраграмавалі сытуацыю апазыцыі грамадзянскай супольнасьці і інтэлектуалаў. Калі пагадзіцца з такім штучным разьмежаваньнем, то паўстае пытаньне легітымнасьці інтэлектуалаў, якія не рэпрэзэнтуюць структураў трэцяга сэктару.
Ляйтматывам большасьці выступаў былі нараканьні на адсутнасьць прыдатных камунікацыйных пляцовак для кшталтаваньня ўласных праектаў. Падобныя выказваньні гучалі з вуснаў "інтэлектуальнага дэндзі" Ўладзімера Мацкевіча, намесьніца старшыні рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ніны Шыдлоўскай, арганізатара круглых сталоў пры часопісе "ARCHE" Дзяніса Мельянцова і etc.
Уладзімер Мацкевіч артыкуляваў праблему адсутнасьці ў краіне публічнай прасторы досыць спэцыфічным чынам. Маўляў, да моманту ягонага прыезду ў Беларусь у 1993 годзе тут не назіралася ні самастойнай інтэлектуальнай традыцыі, ні грамадзянскай супольнасьці. Паводле спадара Мацкевіча, ад таго часу з-за ляноты грамадзкіх лідэраў мала што зьмянілася.
Дзяніс Мельянцоў распавёў прысутным пра праграму мінімум сэрыі круглых сталоў з прадстаўнікамі незалежнай экспэртнай супольнасьці. Як вынікала зь ягонага выступу, у межах праекту плянавалася ня столькі стварыць пэўную інтэлектуальную супольнасьць, колькі наладзіць камунікацыю паміж палітыкамі, грамадзкімі актывістамі, журналістамі і аналітыкамі. У выніку вымалеваўся прадукт, дакладней, ядро інтэлектуальнага прадукту, якое атрымае выгляд друкаванага выданьня. Дакладчык заўважыў, што ў працэсе арганізацыі сустрэчаў прадстаўнікоў інтэлектуальных супольнасьцяў паўстала праблема нямоцнай цікавасьці дэмпалітыкаў да экспэртных меркаваньняў.
Адна з цэнтральных праблемаў форуму, якая пастаянна ўсплывала ў працэсе дыскусіі, - замкнёнасьць інтэлектуальных супольнасьцяў. На думку ўсё таго ж Мацкевіча, ніводзін з асяродкаў не гатовы працаваць у рэчышчы стварэньня ведаў, адэкватных сёньняшнім беларускім рэаліям. Інакш кажучы, усе беларускія цэнтры інтэлектуальнага жыцьця не гатовыя ўспрыняць ідэі Мацкевіча. У такім разе паўстае пытаньне самадастатковасьці створанай камандай Уладзімера Мацкевіча Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў. Няўжо гэтая структура не выконвае задачы "рэтрансьляцыі вучэньня ў масы"? Такая пастаноўка пытаньня ставіць пад сумнеў прэтэнзіі Мацкевіча на манаполію грамадзянскай адукацыі. Зрэшты, пры спрыяльных для беларускага трэцяга сэктару варунках, якія б спарадзілі разнастайнасьць дасьледніцкіх, інтэлектуальных і навуковых асяродкаў, падобных дыскусіяў не магло б паўставаць у прынцыпе.
Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што астатнія ўдзельнікі канфэрэнцыі ня надта ахвотна ўвязваліся ў спрэчкі з эпатажным інтэлектуалам Мацкевічам. І справа тут ня столькі ў вонкавай бездакорнасьці ягонай канцэпцыі, пры азнаямленьні зь якой крытычныя інтэлектуалы папаўняюць шэрагі адэптаў мэтадалёгіі, колькі ў нежаданьні самога спадара Мацкевіча прыслухоўвацца да меркаваньняў сваіх апанэнтаў.
Інтэсіўныя рэпрэсіі ў дачыненьні да трэцяга сэктару падштурхоўваюць ягоных лідэраў і ідэолягаў наладжваць дадатковыя камунікацыйныя каналы, у тым ліку і праз арганізацыю падобных сэмінараў. Гэтая тэндэнцыя мае аб'ектыўны характар. Пытаньне легітымнасьці інтэлектуалаў здымаецца, калі яны не супрацьпастаўляюць сябе грамадзянскае супольнасьці, а ёсьць ейнымі прадстаўнікамі.
Алег Яцко