Юры Чавусаў
2007 год не адзначыўся істотнымі зьмяненьнямі ў сфэры заканадаўчага рэгуляваньня дзейнасьці грамадзкіх аб'яднаньняў і іншых некамэрцыйных арганізацыяў. Бадай што найбольш важнай навэляй тут абяцае быць адмена памяншальнага каэфіцыенту ставак па арэндзе памяшканьняў, што на фоне значнага падвышэньня коштаў на арэнду офісаў непазьбежна ўскладніць дзейнасьць усіх грамадзкіх аб'яднаньняў. Таксама і новы закон "Аб процідзеяньні экстрэмізму" ўтрымлівае нормы, якія патэнцыйна могуць пагражаць няўрадавым арганізацыям. Аднак пакуль пра практычны ўплыў гэтых зьменаў казаць яшчэ рана.
Нягледзячы на тое, што нарматыўна-прававая база для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў засталася нязьменная (зрэшты, яна, здаецца, дасягнула максымальна магчымай жорсткасьці), практыка дзяржаўнага кіраваньня ў гэтай галіне ў пэўнай ступені зьмяняецца. Пакуль нельга казаць пра новы прававы клімат для дзейнасьці НДА. Але пад ціскам зьнешнеэканамічных праблемаў улады вымушаныя наладжваць стасункі з Захадам, што прымушае пазьбягаць неапраўданага залішняга ўціску на НДА. Таму ўлады пайшлі на своеасаблівую "адлігу" (альбо імітавалі яе), узяўшы паўзу ў нарошчваньні рэпрэсіяў. Палітычны імпульс для абмежаваньня дзейнасьці НДА ў пэўнай ступені паменшыўся.
Калі браць пад улік колькасныя паказьнікі абмежаваньняў свабоды аб'яднаньняў, то 2007 год відавочна пазначаны некаторым адступленьнем ад ранейшай палітыкі татальнага вынішчэньня незалежных ад дзяржаўнай улады асяродкаў. Раней, у 2003-2005 гадах, у дачыненьні да дзяржаўнае палітыкі ў гэтай сфэры ўжывалася трапнае слоўца "зачыстка", цяпер жа сытуацыя хутчэй падобная да стану халоднае вайны: бакі ня маюць ілюзіяў адносна стаўленьня іншага суб'екту да сябе, шчыра нэгатыўна ставяцца адзін да аднаго і, у прынцыпе, былі б ня супраць зьнішчыць апанэнта, аднак правілы гульні робяць такое зьнішчэньне тактычна невыгодным. Тая частка НДА, якая традыцыйна ставіла перад сабою мэты дэмакратызацыі грамадзтва, канчаткова палярызавалася на палітызаваную частку, што ўваходзіць у палітычную апазыцыю разам з дэмакратычнымі партыямі, і на дэпалітызаваную частку, што ставіць больш далёкасяжныя мэты зьмяненьня грамадзкай сьвядомасьці. Але абедзьве плыні дэмакратычных грамадзкіх структураў адкінулі рэвалюцыйную рыторыку бурлівага 2006 году і размаўляюць на мове дыялёгу, непазьбежнасьці пераменаў і ў прынцыпе гатовыя замірыцца з тым, што правілы гульні вызначае ўлада. А адміністрацыя не зьмяніла свайго адмоўнага стаўленьня да "падрыўных" НДА, але пры гэтым была вымушаная крыху зьменшыць жорсткасьць і інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў.
Фактар замежнага ціску абумовіў агульнае памяншэньне размаху перасьледу структураў незалежнага грамадзтва. Тыя юрыдычныя перашкоды, якія раней ускладнялі стварэньне і дзейнасьць грамадзкіх аб'яднаньняў (складаная рэгістрацыя і практыка прымусовае ліквідацыі) у 2007 годзе ня зьніклі, аднак інтэнсіўнасьць іх узьдзеяньня не павялічылася - як падаецца, да гэтых варункаў беларуская грамадзянская супольнасьць папросту прызвычаілася. З 2003 году паведамленьні пра ліквідацыю НДА сталі для Беларусі будзённасьцю. Але ў 2007 годзе такіх паведамленьняў паменела - найбольшы розгалас мелі ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня "Стары горад" (адно з найстарэйшых аб'яднаньняў Берасьцейшчыны) і Беларускага літаратурнага фонду. У жніўні 2007 году судовая справа аб ліквідацыі Грамадзкага аб'яднаньня "Цэнтар "Супольнасьць" нечакана скончылася не забаронай арганізацыі, а міравым пагадненьнем паміж упраўленьнем юстыцыі і аб'яднаньнем. Цягам 2007 году ў Беларусі ў судовым парадку былі ліквідаваныя 26 грамадзкіх аб'яднаньняў, што пацьвярджае выснову пра зьмяншэньні маштабу рэпрэсіяў у дачыненьні да трэцяга сэктару (меней было толькі ў 2002 годзе).
Як падаецца, цяпер дэмакратычных НДА з зарэгістраваным статусам засталося так няшмат, і дзейнічаюць яны настолькі ціха і законапаслухмяна, што ўладам не было патрэбы ў працягу "зачысткі" грамадзянскага сэктару. Нэгатыўныя палітычныя наступствы працягу ліквідацыйнай кампаніі пераважваюць палітычную карысьць ад забароны нешматлікіх легальных дэмакратычных НДА. Ліквідацыйная актыўнасьць органаў юстыцыі цяпер скіраваная хутчэй на палітычныя партыі і іх арганізацыйныя структуры.
Насуперак перасьцярогам, кампанія ўнясеньня зьменаў у статуты грамадзкіх аб'яднаньняў дзеля прывядзеньня іх у адпаведнасьць з рэдакцыяй Закону "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" ад 2005 году збольшага не суправаджалася праблемамі. Нягледзячы на тое, што сотні НДА ўнесьлі зьмены ў свае статуты са значным спазьненьнем за вызначаны ў законе тэрмін, органы юстыцыі пайшлі ім насустрач і рэгістравалі новыя рэдакцыі статутаў. Нават улетку 2007 году некаторыя грамадзкія аб'яднаньні яшчэ прыносілі ў органы юстыцыі новыя статуты - і чыноўнікі даволі ляяльна ставіліся да гэтага, рэгістравалі зьмены. Збольшага кампанія па прывядзеньні статутаў у адпаведнасьць закону адбылася бяз стратаў для беларускага грамадзянскага сэктару.
Што ж тычыцца адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў, то ў 2007 годзе практыка была надзвычай багатая, у тым ліку паўсталі новыя падыходы органаў юстыцыі і судоў што да магчымых падставаў для адмовы. Так, было двойчы адмоўлена ў рэгістрацыі Праваабарончага аб'яднаньня "Рух "За свабоду", лідэрам якога зьяўляецца Аляксандар Мілінкевіч. Ня здолелі дамагчыся рэгістрацыі аб'яднаньне маладых сацыял-дэмакратаў, ГА ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС "Ліквідатар", аб'яднаньне пэнсіянэраў "Старэйшыны", аб'яднаньне "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва".
Таксама двойчы ў 2007 годзе адмовілі ў рэгістрацыі "Маладому Фронту", што выглядае цынічным, калі прыгадаць шматлікія крымінальныя справы за сяброўства ў гэтым аб'яднаньні. Суд пацьвердзіў адмовы ў рэгістрацыі гэтай арганізацыі, у тым ліку і беспрэцэдэнтную падставу для адмовы: заснавальнікі арганізацыі ўжо прыцягваліся да адміністратыўнай, а таксама крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць у складзе незарэгістраванага грамадзкага аб'яднаньня - такім чынам, падставай ёсьць не недахоп ва ўстаноўчых дакумэнтах альбо ў працэдуры заснаваньня, а асобы і пэрсанальныя якасьці саміх заснавальнікаў.
Гэткі прыём органы юстыцыі спрабавалі скарыстаць і пры адмове ў рэгістрацыі Праваабарончага аб'яднаньня "Вясна", заснавальнікі якога раней прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці, але Вярхоўны суд зьняў гэтую падставу для адмовы, абмежаваўшыся канстатаваньнем іншых недахопаў у пададзеных на рэгістрацыю паперах. Прыклад "Вясны" прадэманстраваў невыкананьне ўладамі рашэньня Камітэту ААН па правах чалавека, які ліквідацыю "Вясны" ў 2003 годзе прызнаў парушэньнем Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Нягледзячы на гэтую несуцяшальную практыку, сыстэма рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў у 2007 годзе ў пэўнай ступені зьмянілася да лепшага. Гэта зьвязана са скасаваньнем Камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) у 2006 годзе, чаго самі грамадзкія актывісты намагаліся з 1999 году, ад часу заснаваньня гэтай камісіі. Цяпер працэс рэгістрацыі стаў калі ня простым, то, прынамсі, больш празрыстым і апэратыўным. Больш ня трэба паўтара году чакаць - для вынясеньня рашэньня па пададзеных на рэгістрацыю дакумэнтах органы юстыцыі звычайна прытрымліваюцца ўстаноўленага ў законе тэрміну ў адзін месяц. Дый сама колькасьць арганізацыяў, што атрымалі рэгістрацыю, у 2007 годзе павялічылася ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. Зразумела, што большасьць з гэтых арганізацыяў у той альбо іншай ступені змаглі давесьці сваю ляяльнайсьць да дзейснай улады, а частка нават створаная з ініцыятывы ўладаў, як знакамітыя аб'яднаньні з шэрагу "Белая Русь". Але рэгістрацыю часам атрымліваецца здабыць і сапраўдным незалежным ад дзяржавы НДА непалітычнага характару дзейнасьці - сацыяльным, культурніцка-краязнаўчым, экалягічным. Таму было б не зусім справядліва канстатаваць абсалютую непераадольнасьць знакамітага рэгістрацыйнага бар'еру, хоць палітычная цэнзура ў гэтай сфэры застаецца надзвычай жорсткай.
Па-ранейшаму вялікае значэньне мае наяўнасьць крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных грамадзкіх аб'яднаньняў, але збольшага ўплыў гэтых нормаў прэвэнтыўны - практыка прыцягненьня да адказнасьці тут ахоплівае пераважна палітычныя арганізацыі, а для ўсіх астатніх структураў зьяўляецца фактарам застрашэньня (згадаем папярэджаньне аб магчымым распачацьці справы паводле гэтага артыкулу, вынесенае сябрам Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і ініцыятывы "За чысты Барысаў"). У 2007 годзе паводле артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу быў асуджаны кіраўнік гомельскага аддзяленьня РНЕ і восем сяброў "Маладога Фронту". Маладафронтаўцам былі прысуджаныя пакараньні ў выглядзе штрафаў і папярэджаньне.
Але абагульняючы праваўжывальную практыку ў стасунках дзяржавы і структураў грамадзянскае супольнасьці, можна адзначыць пэўны пераход ад жорсткіх і відавочна антыправавых абмежаваньняў да больш тонкіх і цывілізаваных мэханізмаў кантролю за грамадзянскай супольнасьцю з боку дзяржавы. Крымінальны перасьлед застаецца небясьпекай для актывістаў незарэгістраваных палітычных НДА, аднак для большасьці грамадзкіх аб'яднаньняў ён ёсьць стымулам трымацца за легальны статус альбо ўсё ж такі здабыць рэгістрацыю, а таксама выконвае функцыю застрашэньня. Пры гэтым асноўная ўвага дзяржаўнай улады скіраваная на стварэньне праўладных аб'яднаньняў самай рознай скіраванасьці, а таксама на ўскладненье дзейнасьці НДА сродкамі, якія ня маюць характару наўпроставых рэпрэсіяў.