3

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2009

23 сьнежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджаннья найбольш выбітных грамадзкіх ініцыятываў ды кампаніяў. Пераможцы намінацыяў вызначаліся сябрамі Працоўнай групы Асамблеі НДА, якая складаецца з 38 прадстаўнікоў арганізацыяў пры ўдзеле незалежных экспэртаў. Прадстаўнікі найбольш заўважных у 2009 годзе грамадзкіх ініцыятываў атрымалі сымбалічныя ўзнагароды ад Асамблеі НДА.

ЛЯЎРЭАТЫ

Нерэгістрацыя году — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Грамадзянская кампанія году — супольная ініцыятыва беларускіх праваабаронцаў “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”.

Рэгіянальная падзея году — масавы і “баявы” Форум Асамблеі НДА Магілёўскай вобласьці, які сабраў пад адным дахам больш за 80 актывістаў дэмакратычных аб’яднаньняў Магілёўшчыны.

Крэатыў году — выправа Дзядоў Марозаў у пракуратуру, якія дамагаюцца адмены крымніальнага артыкула 193.1 у межах кампаніі Stop 193.1.

За дзейсную дабрыню — група ініцыятыўных блогераў, якія самаарганізаваліся дзеля дапамогі дзіцячаму дому.

За чалавечнае стаўленьне да жывёлаў — кампанія ў абарону бяздомных жывёлаў, якая ладзілася цэлым шэрагам арганізацыяў і асобаў: грамадзкімі аб’яднаньнямі “Эгіда” і “Ратаваньне”, “Абаронім жыцьцё”, “Заасьвет”, былымі валянтэрамі “Фаўна гораду”, “Ініцыятыва”, “Беларуская музычная альтэрнатыва” ды інш.

Найбольш абсурдная адмова году — Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Чыноўнікі адмовілі ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі “Залаты леў”, таму што “ў тэксце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы “Залаты леў”.