3

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2010

21 лютага 2011 году ў галерэі “Ў” прадстаўнікі Асамблеі НДА ўганаравалі найбольш заўважныя ў 2010 годзе ініцыятывы. 2010 год прайшоў пад знакам прэзідэнцкай кампаніі. Аднак, грамадзкія ініцыятывы й аб’яднаньні не перавяліся й спраўна дзейнічалі ў неспрыяльных умовах. 19 сьнежня 2010 адбыўся жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў, шэраг палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, журналістаў апынуліся ў турмах. Салідарнасьць і ўзаемапавагу можна адзначыць як асноўны прынцып дзейнасьці трэцяга сэктару ў 2010 годзе.

ЛЯЎРЭАТЫ

Кампанія году — “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ініцыятыва Беларускага Хельсінкскага камітэта і Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Грамадзкі лідэр году — Старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў, сябра Рабочай групы Асамблеі НДА, Жана Літвіна.

Рэгіянальная падзея году — Фэст маладзёвай журналістыкі “Твой стыль”, які адбыўся ў Горадні і ў якім прымалі ўдзел каля 150 рэпарцёраў-пачаткоўцаў.

Акцыя году — Акцыя Салідарнасьці з рэпрэсаванымі 19—20 сьнежня 2010 году.

Нечаканая рэгістрацыя году — Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы, якой першапачаткова было адмоўлена ў рэгістрацыі, пасьля чаго адмова пасьпяхова была аспрэчаная ў судзе.

Адмова году — аб’яднаньне “Берасьцейская вясна”. Колькасьць адмоваў у рэгістрацыі арганізацыі наблізілася да дзесяці.

Асяродак грамадзянскай супольнасьці  — Кнігарня “Ў”.

Выкарыстаньне віртуальнай прасторы ў грамадзкай дзейнасьці — блогерка Zmagarka (Тацяна Елавая), якая правяла ў Інтэрнэце грамадзкае расьсьледаваньне па падзеях 19—20 сьнежня.