2

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2011

7 лютага ў Менску ў “Арт-сядзібе” адбылася цырымонія ўзнагароджаньня прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. Пераможцы атрымалі ганаровыя дыплёмы й гадзіньнікі з выяваю пэрсанажу Вож Проста Вож.

ЛЯЎРЭАТЫ

Грамадзкі лідэр году — Алесь Бяляцкі, праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, які знаходзіцца за кратамі праз сваю дзейнасьць. Прэмію за Алеся Бяляцкага атрымалі праваабронцы Валянцін Стэфановіч і Тацяна Рэвяка.

Месца году — галерэя “Ў”.

Найлепшая грамадзкая ініцыятыва — “Народны журналіст”.

Рэгістрацыя году — Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.

Адмова году — “Цэнтар разьвіцьця валянтэрства” па прычыне адмовы кіраўніка цэнтру Мікалая Кванталіяні супрацоўнічаць з КДБ.

Найлепшая кампаніяй году — Кампанія па зборы подпісаў за непрыняцьце закону аб некамэрцыйных арганізацыях, якую праводзілі супольна Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі.

Найлепшая рэгіянальная падзея — Страйк супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі гораду Барысава. Супрацоўнікі ЖКГ пабаяліся прыехаць у Менск, таму прызы за іх атрымаў барысаўскі журналіст Міхаіл Васільеў, які асьвятляў гэтую падзею. Разам з дыплёмам, гадзіньнікам і кубкам у Барысаў перадалі цьвікі зь бел-чырвона-белымі стужкамі як сымбаль непахіснасьці характару барысаўскіх пралетарыяў.

Крэатыў году — віртуальны абменьнік — сайт Prokopovi.ch. Самі стваральнікі сайту не рызыкнулі прыйсьці за ўзнагародай і ў звароце папрасілі пакінуць да лепшых часоў прызы ў офісе Асамбле НДА.

 

ЧАМУ ГЭТА АКТУАЛЬНА?

— Мы традыцыйна адзначаем тых людзей, якія акурат ствараюць грамадзянскую супольнасьць. Для беларускага грамадзтва вельмі важна бачыць прыклад тых, хто мае пазыцыю, хто ўмее яе выказаць. Гэтаму й прысьвечаная прэмія “Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці”.

2011 год, на маю думку, мае адметнасьць. Звычайна ў Беларусі грамадзкая актыўнасьць прывязаная да палітычнага календара. Сёлета не было ніякіх выбараў, але можна адзначыць разнастайнасьць і крэатыўнасьць формаў грамадзянскай актыўнасьці. Было з чаго выбіраць. Мінулы год паказаў, што нягледзячы на пагаршэньне ўмоваў, грамадзянская пазыцыя выказваецца. Спадзяемся, што 2012 год дасьць нам яшчэ больш намінантаў і гонару, — адзначыў Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА.