CIVIL SOCIETY CHAMPIONS—2013

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2013

23 сьнежня 2013 году ў памяшканьні “Арт Сядзібы” адбылася пятая штогадовая цырымонія ўручэньня прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”. Журы зь ліку лідэраў трэцяга сэктару і мінулагодніх пераможцаў абіралі найлепшых у дзевяці намінацыях. Сёлета паступіла рэкордная колькасьць прапановаў па кожнай намінацыіі — агулам больш за 160 прапановаў.

ЛЯЎРЭАТЫ

Грамадзкі лідэр году — Сяргей Міхалок, лідэр гурта “Ляпіс Трубяцкі”. Прэмію атрымаў прэсавы сакратар гурту Зьміцер Безкаравайны.

Кампанія году — агульнанацыянальная кампанія “Зробім лепш!”, удзел у якой узялі 27 грамадзкіх арганізацыяў з 14 гарадоў Беларусі. У межах кампаніі былі зладжаныя шэраг самых разнастайных мерапрыемстваў, якія аб’ядналі больш за шэсьць тысячаў чалавек па ўсёй краіне. Кампанія завершылася вялікім фэстам “Зробім лепш!” у менскім клюбе “Рэпаблік”. Прэмію атрымала інфармацыйная каардынатарка кампаніі Анастасія Александровіч.

Новая ініцыятыва — моўныя курсы “Мова ці кава”, што цягам году праходзілі ў сталічнай галерэі “Ў”.  Прэмію атрымала аўтарка  курсаў, журналістка Кацярына Кібальчыч.

Рэгіянальная падзея — народныя бунты супраць ліквідацыі сьвіньняў у сувязі зь небясьпекаю распаўсюду афрыканскай чумы. Атрымаць прэмію ў Менск прыехала актыўная ўдзельніца кампаніі Кацярына Мыуыкантава зь вёскі Сумарокава (Магілёўскі раён).

Месца году — менская пляцоўка “ЦЭХ”.

Крэатыў году — PRацоўня сацыяльнай рэклямы за крэатыўную прамоцыю НДА і прыватная ініцыятыва па ўсталяваньні ў Астравецкім раёне помніка паўстанцам Каліноўскага мэцэнатам Мікітам Забудам.

СМІ году інтэрнэт-тэлебачаньне парталаTUT.by. Статуэтку і дыплём атрымала рэдактарка TUT.BY-TV Алёна Андрэева.

Найлепшы сайт НДА — сайт Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Лапаць году Ірына Бійнік, арганізатарка велапрабегу “Стылягі на роварах”. За арганізацыю велапрабегу ёй прысудзілі да штрафу ў два мільёны беларускіх рублёў. Ірына адзначыла, што па сёньняшні дзень яна змагаецца супраць гэтага абсурднага штрафу. 

ЧАМУ ГЭТА АКТУАЛЬНА?

Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначыў, што 2013 год быў багаты на падзеі ў жыцьці трэцяга сэктару:

— Так, адбыўся Форум грамадзянскай супольнасьці і Саміт Усходняга партнэрства, у Беларусі праходзілі разнастайныя грамадзка значныя кампаніі. Калі мы кажам пра грамадзянскую супольнасьць, варта памятаць, што за ўсім гэтым стаяць людзі, якія ахвяруюць свае сілы, час, энэргію, каб нашае жыцьцё станавілася лепшым.

У 2013 годзе мы з радасьцю сустракалі на волі Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча. Але разам з тым актыўна змагаліся і працягваем змагацца за вызваленьне астатніх палітвязьняў.

Увесь год мы змагаліся і супраць цемрашальства і абсурду ўладаў, спрабавалі ўзрушыць грамадзтва, каб яно было неабыякавым і салідарным, прапаноўвалі свае зьмены ў грамадзтве.

Падрабязны артыкул з падзеі:  У Менску ўганаравалі Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці. Лідэр году – Сяргей Міхалок (фота+відэа)

Фотарэпартаж з цырымоніі