CIVIL SOCIETY CHAMPIONS—2014

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2014

13 студзеня 2015 году ў Арт Сядзібе прайшла шостая цырымонія ўручэньня прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла выбітныя і яскравыя акцыі ў грамадзкім сэктары за 2014 год. Сёлета ў журы ўвайшло 100 чалавек зь ліку лідэраў трэцяга сэктару, мінулагодніх пераможцаў і журналістаў, якія стала пішуць пра НДА.

ЛЯЎРЭАТЫ

Грамадзкі лідэр годувядоўцы моўных шоў. Прэмію атрымалі выкладчыкі моўных курсаў “Мова нанова”, “Мова ці кава”, “Мова веда” і “Мова TUT” — Алёна Андрэева, Аляксей Шэін, Валерыя Кустава, Глеб Лабадзенка, Алеся Літвіноўская і іншыя.

Кампаніяй году была названая кампанія “Пазнач сябе беларусам”. Цягам 2014 году моладзь з Арт Сядзібы правяла шэраг акцыяў па прамоўцыі беларускіх сымбаляў, вышымаек, былі зладжаныя два Дні вышыванкі і раздадзеныя 5 кілямэтраў стужкі з нацыянальным арнамэнтам.

У намінацыі “Новая ініцыятыва” журы адзначыла дзеяньні групы экспэртаў у абарону Курапатаў. Археолягі, архітэктары, інжынеры, юрысты, культуролягі, журналісты ў 2014 годзе аб’ядналі свае намаганьні, каб юрыдычна бараніць ахоўныя межы Курапатаў ад незаконнага скарачэньня й забудовы.

Рэгіянальнай падзеяй назвалі Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы. Дарэчы, сёлета падзея адзначыла свой 20-гадовы юбілей.

Пераможцамі ў намінацыі “Крэатыў году” сталі футбольныя фанаты за салідарную акцыю на матчы “Беларусь-Украіна”, які прайшоў 9 кастрычніка на Барысаў-Арэне.

За ануляваньне віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай антыпрэмію “Гарбуз году” прысудзілі Ўпраўленьню па грамадзянству й міграцыі ГУУС Мінгарвыканкаму й Аддзелу па грамадзянству й міграцыі Першамайскага РУУС г. Менску.

У намінацыі “Мэдыя/журналіст году” перамог Марат Гаравы з газэты “Новы час”.

Найлепшым сайтам НДА журы прызнала інфармацыйна-мэтадачны партал для настаўнікаў www.nastaunik.info.

ЧАМУ ГЭТА АКТУАЛЬНА?

Адкрываючы цырымонію ганараваньня старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначыў, што па ўзроўню грамадзкай актыўнасьці, прыцягненьню новых сябраў, нават рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці 2014 год ня моцна адрозьніваўся ад папярэдніх, але было ў ім нешта такое, што дазваляе з большым аптымізмам глядзець у будучыню:

— Мы заўважаем вяртаньне беларусаў да сваіх спрадвечных каштоўнасьцяў, да жаданьня беларусаў нарэшце быць беларусамі. І хоць гэта пакуль адбываецца ў дастаткова вузкіх колах, ёсьць тэндэнцыя і відавочны патэнцыял той сілы, якая ў нас, у беларусаў, унутры, — пракамэнтаваў Мацкевіч.

Падрабязны артыкул з падзеі: Асамблея назвала чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці 2014 году

Фотарэпартаж з цырымоніі