Кампанія па вылучэньні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі

 

З ініцыятывы Асамблеі НДА у 2005 годзе была распачатая кампанія па масавым вылучэньні грамадзянаў у склад участковых выбарчых камісіяў. Мэта кампаніі — зьняць з галасаваньня заслону таямніцы, паставіць падлік галасоў і вызначэньне вынікаў выбараў пад кантроль грамадзянаў Беларусі.

Мэта кампаніі

Да ўдзелу ў кампаніі былі запрошаныя ўсе актыўныя і неабыякавыя асобы, якія адчувалі несумленнасьць і несправядлівасьць існай сыстэмы; людзі, здольныя праявіць рашучасьць, гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за будучыню народу й краіны.

Масавы ўдзел грамадзянаў у фармаваньні камісіяў стаў важным сродкам актывізацыі й абуджэньня беларускага грамадзтва, далучэньня актыўных і неабыякавых людзей да палітычнага жыцьця нашай краіны.

Хада кампаніі і вынікі

Далучэньне беларускіх грамадзянаў да ўдзелу у выбарах, а таксама арганізацыя грамадзкага кантролю за выбарамі адбывалася праз вылучэньне прадстаўнікоў грамадзянаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі шляхам збору подпісаў.

Уключэньне альбо неўключэньне прадстаўнікоў грамадзянаў у склад участковай камісіі не было паказьнікам эфэктыўнасьці кампаніі. Асноўнай задачай была зьмена стаўленьня грамадзтва да выбараў. Вельмі важна была мець інфармацыю пра колькасьць незалежных ад уладаў прадстаўнікоў у выбарчых камісіях, што сьведчыла б пра наяўнасьць або адсутнасьць грамадзкага кантролю за выбарамі.

Для вылучэньня ва ўчастковую камісію трэба было сабраць ня менш за 10 подпісаў выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчага ўчастку. Такім чынам у 50 гарадох краіны ва ўчастковыя камісіі былі вылучаныя 1120 прадстаўнікоў грамадзкасьці.

Агульная колькасьць сабраных подпісаў склала каля 15 000.

Аднак улады праігнаравалі волю грамадзтва. Толькі шэсьць з 1120 вылучаных шляхам збору подпісаў прадстаўнікоў супольнасьці былі ўключаныя ў склад камісіяў!

Гэтая кампанія, разам зь іншымі кірункамі грамадзка-палітычнай і агітацыйнай працы, пазытыўна паўплывала на грамадзкую думку ды сталася добрым падмуркам для папулярнай кампаніі “За Свабоду!”.