БАРАНІ СВАЁ! 2014

Барані сваё! 2014 Асамблея абвясьціла кампанію “Барані сваё!” у 2014 з мэтай гуртаваньня грамадзкіх актывістаў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў абароне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасьці (мовы, культуры, гістарычнай памяці) беларускага народу й пачуцьця гістарычнай прыналежнасьці беларусаў да эўрапейскага культурна-цывілізацыйнага абшару.

ЗРОБІМ ЛЕПШ! 2002-2014

ЗРОБІМ ЛЕПШ! 2002-2014

Агульнанацыянальная кампанія “Зробім лепш!” распачалася ў 2002 годзе разнастайнымі акцыямі й мерапрыемствамі, арыентаванымі на вырашэньне канкрэтных лякальных праблемаў (сацыяльных, экалягічных і г.д.) з мэтай наладжваньня лепшага кантакту з насельніцтвам. Штогод цягам некалькіх месяцаў па ўсёй Беларусі грамадзкімі актывістамі праводзяцца акцыі й кампаніі, скіраваныя на паляпшэньне сьвету вакол сябе. Даведайцеся асаблівасьці кампаніі “Зробім лепш!” у 2002, 2003, 2013 і 2014 гадах.

ВЫБІRIGHT: ПРАВА ПА ВЫБАР 2010-2011 

Кампанія, распачатая напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, мела на меце падштурхнуць грамадзянаў Беларусі зрабіць уласны сьвядомы выбар. Дзеяньні ў часе кампаніі мусілі стварыць супольную каштоўнаснасную аснову для пазытыўнай матывацыі разнастайных групаў у грамадзтве. У 2010 годзе адбыліся конкурсы, круглыя сталы, была выдадзеная музычная складанка ВыбіRight. Кампанія стварала варункі для абуджэньня сьвядомага выбару грамадзянаў, які пасьля мусіць пераўтварыцца ў сьвядомую ініцыятыву і дзеяньне.

КАМПАНІЯ СУПРАЦЬ ПРАЕКТУ ЗАКОНУ “АБ НЕКАМЭРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ”

З нагоды распрацоўкі праекту закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях” Асамблея НДА супольна з Цэнтрам прававой трансфармацыі ініцыявала напісаньне калектыўнага звароту ў Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў, які падпісалі 112 арганізацыяў, што аб’ядноўваюць больш за 270 тысячаў сябраў. У звароце ўтрымліваліся заўвагі па законапраекце. Вынікам кампаніі сталася непрыняцьцё ў 2011 годзе закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. Падрабязная хада кампаніі.

“СТОП 193.1” пачатая ў 2009

Кампанія мае на мэце дасягнуць скасаваньня артыкула 193.1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) праз ціск на ўлады і ўплыў на міжнародныя інстытуцыі, супольныя дзеяньні, інфармаваньне насельніцтва аб праблеме. У межах кампаніі стала вядзецца маніторынг сытуацыі, былі праведзеныя шэраг флэш-мобаў, зьнятыя мульцікі, праведзеныя круглыя сталы ды іншыя захады. У 2011 годзе да кампаніі далучылася ініцыятыва “Права на веру”.

КАМПАНІЯ ПА ВЫЛУЧЭНЬНІ ГРАМАДЗЯНАЎ ВА ЎЧАСТКОВЫЯ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ 2005-2006

Кампанія па вылучэньні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі

З ініцыятывы Асамблеі НДА у 2005 годзе была распачатая кампанія па масавым вылучэньні грамадзянаў у склад участковых выбарчых камісіяў. Мэта кампаніі — зьняць з галасаваньня заслону таямніцы, паставіць падлік галасоў і вызначэньне вынікаў выбараў пад кантроль грамадзянаў Беларусі, а таксама зьмяненьне стаўленьня грамадзтва да выбараў. Як вынік у 50 гарадох краіны ва ўчастковыя камісіі былі вылучаныя 1120 прадстаўнікоў грамадзкасьці (зь якіх улады ўключылі толькі 6 чалавек). Агульная колькасьць сабраных подпісаў склала каля 15 000. Падрабязная хада кампаніі.

ЗА СВАБОДУ! 2005-2007

Грамадзкая кампанія “За Свабоду!”

Кампанія “За свабоду!”, скіраваная на актывізацыю прыхільнікаў пераменаў праз прамоцыю свабоды як падставовай каштоўнасьці, была распрацаваная ды ініцыяваная ў межах Асамблеі НДА. Палягала ў шырокамаштабнай візуалізацыі прыхільнікаў свабоды, арганізацыйна-мэтадалягічнай падтрымцы актывістаў. Слоган “За свабоду!” набыў значную папулярнасьць і быў падхоплены палітычнымі сіламі. Падрабязная хада кампаніі “За Свабоду!”.

НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ 2003-2005

Кампанія па абароне НДА і ўзаемнай падтрымцы “Наша салідарнасьць” была пачатая як рэакцыя на прымусовую ліквідацыю шэрагу грамадзкіх арганізацыяў увесну 2003 году. У межах кампаніі адбываліся акцыі пратэсту, былі падпісаныя калектыўныя звароты (на адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, старшыні Канстытуцыйнага суду, парлямэнтароў замежных краінаў), праведзеныя грамадзкія слуханьні, круглыя сталы, падрыхтаваныя прапановы да зьменаў заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях у Беларусі ды інш.

КАМПАНІЯ “ЗА СВАБОДНАЕ ВЕРАВЫЗНАНЬНЕ” 2002

Кампанія "За свабоднае веравызнаньне" 2002 г.

Кампанія была скіраваная супраць новага Закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных аб’яднаньняў”. Актывістамі кампаніі былі разасланыя лісты дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у якіх утрымліваўся абгрунтаваны зварот да непрыняцьця новага Закону, а таксама былі праведзеныя адкрытыя грамадзкія слуханьні. Вынікам кампаніі стала стварэньне грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне” з мэтай не дапусьціць ушчамленьня правоў вернікаў і захаваць традыцыі талерантнасьці і духоўнай свабоды ў краіне.

ВЫБІРАЙ! 2001

Мабілізацыйная кампанія напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе, якая была праведзеная арганізацыямі-сябрамі Асамблеі. Уключала ў сябе распрацоўку канцэпцыі кампаніі з цэласным вобразам і пасланьнямі, распаўсюд матэрыялаў і арганізацыю шматлікіх акцыяў.

SOS! ТРЭЦІ СЭКТАР 1999

Кампанія была скіраваная на памяньшэньне нэгатыўных наступстваў перарэгістрацыі НДА, якая была абвешчаная ўладамі ў 1999 годзе. Дзякуючы аб’яднаным высілкам праваабарончых арганізацыяў-сябраў Асамблеі, беларускія НДА былі забясьпечаныя кваліфікаванай юрыдычнай дапамогай. Шэраг арганізацыяў здолелі адстаяць сваё права на існаваньне праз суд. Было зьдзейсьнена некалькі дзясяткаў выездаў у рэгіёны, аказаная дапамога 300 НДА у падрыхтоўцы дакумэнтаў, скаргаў.