champ

 

Кампанія супраць прыняцьця закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях” была ініцыяваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтрам прававой трансфармацыі ў сакавіку 2011 году ды працягвалася да студзеня 2012. Да кампаніі далучыліся 112 некамэрцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-прававых формаў і накірункаў дзейнасьці, якія агулам налічваюць больш за 270 тысячаў чалавек.

У сакавіку 2011 году некамэрцыйныя арганізацыі Беларусі распаўсюдзілі калектыўны зварот па праекце Закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. Нагодай для звароту стала верагоднасьць прыняцьця гэтага законапраекту ў рэдакцыі, што не адпавядае інтарэсам грамадзкасьці.

У 2010 годзе паводле ініцыятывы заканадаўчай улады пачалася распрацоўка праекта закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. Гэты нарматыўны акт закранаў інтарэсы ўсіх грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў, партыяў, прафсаюзаў ды іншых некамэрцыйных арганізацыях (НКА). Цягам усяго 2010 году законапраект быў у закрытым доступе для зацікаўленых арганізацыяў, а праца над ім ажыцьцяўлялася без прыцягненьня шырокага кола грамадзскасьці.

Такая закрытасьць і нежаданьне чыноўнікаў выслухаць прапановы прадстаўнікоў трэцяга сэктару, чые інтарэсы закране будучы закон, стала нагодай да выпрацоўкі агульнага звароту. У звароце былі ўлічаныя інтарэсы арганізацыяў розных накірункаў дзейнасьці. На грунце экспэртных высноваў з боку айчынных і замежных экспэртаў беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці выпрацавалі агульны падыход да зьместу новага закону.

У адказ на калектыўны зварот дзяржаўныя органы паведамілі, што распрацоўка праекта закону яшчэ далёкая ад сканчэньня. Апроч гэтага, Парлямэнт спаслаўся на неўключэньне праекта Закону “Аб НКА” у плян падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год.

Улетку 2011 году ў часе паўзы распрацоўкі праекта, было прынятае рашэньне правесьці грамадзкую кампанію з мэтаю паўплываць на зьмест законапраекту і іншых заканадаўчых актаў, якія палягаюць у сфэры інтарэсаў НКА.

За ўвесь пэрыяд кампаніі былі праведзеныя шэраг круглых сталоў, напісаныя калектыўныя звароты, праведзеныя перамовы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, маніторынгі, інфармацыйная кампанія ў інтэрнэце ды шэраг іншых мерапрыемстваў.

У студзені 2012 году запрацаваў сайт, прысьвечаны маніторынгу прававога стану НКА і свабоды асацыяцыяў. На сайце можна было знайсьці аналітычныя матэрыялы, справаздачы датычныя правядзенья кампаніяў для прасоўваньня інтарэсаў некамэрцыйных арганізацыяў у галіне заканадаўства.

Па выніках працы ў 2011 годзе кампанія па прасоўваньні інтарэсаў некамэрцыйных арганізацыяў пры распрацоўцы закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях” была адзначаная як “Кампанія году” і атрымала прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”.

На дадзеным момант кампанія можа лічыцца завершанай, бо законапраект адкладзены і прымацца бліжэйшым часам ня будзе. Аднак досьвед кампаніі будзе выкарыстоўвацца арганізатарамі кампаніі ў выпадку ініцыяваньня дзяржавай новых нарматыўна-прававых актаў, што закранаюць інтарэсы НКА, а таксама ў прасоўваньні ідэяў па неабходнасьці рэфармаваньня заканадаўства аб НКА.

ПАДРАБЯЗНАЯ ХРАНАЛЁГІЯ КАМПАНІІ

Сакавік 2011. Распаўсюд калектыўнага звароту сярод няўрадавых арганізацыяў.

Жнівень 2011. Сустрэча дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі Вольгі Смалянкі й юрыстконсульта Асамблеі НДА Юрыя Чавусава ў офісе праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі з прадстаўнікамі праграмаў, якія ажыцьцяўляюцца офісам. На сустрэчы была агучаная пазыцыя беларускіх НКА адносна рэфармаваньня заканадаўства.

13 жніўня 2011. Сустэча юрыста Асамблеі НДА Юрыя Чавусава з Ms Andrea Cox (Pontis, Slovakia) у Менску, на якой былі абмеркаваныя пэрспэктывы дасьледчай працы, якія падтрымліваюцца Pontis у Беларусі. У часе сустрэчы Юрый Чавусаў паведаміў прадстаўніку арганізацыі пра значнасьць закону аб НКА і пэрспэктывах закону для грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

29 верасьня 2011. Сайд-івэнт на нарадзе АБСЭ па чалавечым вымярэньні ў Варшаве па пытаньнях зьменаў у беларускае заканадаўства аб НКА “Freedom of Association in Belarus: How to Improve Conditions of NGO Work”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел: Вольга Смалянка (Цэнтар прававой трансфармацыі), Юрый Чавусаў (юрыст Асамблеі НДА), Сяргей Мацкевіч (старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА). Яны зрабілі для ўдзельнікаў нарады даклад па рэгістрацыі НКА у Беларусі, па досьведу супрацы разнастайных беларускіх НКА з мэтай калектыўнай абароны сваіх інтарэсаў.

12 кастрычніка 2011. Актывісты кампаніі атрымалі інфармацыю пра тое, што Палата Прадстаўнікоў без публічнага абмеркаваньня прыняла шэраг законаў, якія істотна абмяжоўваюць магчымасьці ў грамадзкай дзейнасьці ў Беларусі (Праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, Праект Закону Рэспублікі Беларусь “Аб унясеньні дадаткаў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь, унесеныя Пастановай Прэзыдыюма Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь “Аб унясеньні дадаткаў у парадк дня сёмай сэсіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня” ў парадак дня сёмай сэсіі Савета Рэспублікі. З гэтай нагоды была распрацаваная супольная заява лідэраў аўтарытэтных НКА і накіраваная ў парлямэнт, Савет міністраў, Канстытуцыйны суд. Заяву падпісалі прадстаўнікі дзесяці вядучых грамадзкіх аб’яднаньняў краіны.

13 кастрычніка 2011. Прэс-канфэрэнцыя лідэраў НДА, дзе была агучаная заява пра пагрозу значнага абмежаваньня правоў чалавека на ўзроўні заканадаўства. Прадстаўнікі Асамблеі НДА і праваабарончага цэнтру “Вясна” наведалі Амбасады краінаў ЭЗ і ЗША і паведамілі пра ўвядзеньне новых рэпрэсіўных законаў.

28 кастрычніка 2011. Канстытуцыйны суд пастанавіў прызнаць новыя законы адпаведнымі Канстытуцыі Беларусі.

24-25 кастрычніка 2011. Прадстаўнікі кампаніі агучылі сваю пазыцыю адносна законапраекта аб НКА на Беларускім сацыяльным форуме “Улада – бізнэс – грамадзтва: разам паляпшаем якасьць жыцьця” ў Гомелі. Ад прадстаўнікоў сацыяльных арганізацыяў была атрыманая інфармацыя пра тое, што праект закона аб НКА па-ранейшаму знаходзіцца на дапрацоўцы, і ён хучтэй за ўсё будзе зноў вынесены на разгляд парлямэнта ў 2012 годзе.

Сьнежань 2011. Каардынатары кампаніі разам з прадстаўнікамі Фонду “Ідэя” выступілі з ініцыятывай увесьці ў беларускае заканадаўства норму аб аднаадсоткавых адлічэньнях падаткаў на карысьць НКА.

6 сьнежня 2011. Вольга Смалянка (Цэнтар прававой інфармацыі) выступіла ў этэры партала TUT.by з інтэрвію па пытаньнях рэфармаваньня заканадаўства аб дабрачыннасьці.

15 сьнежня 2011. Выступ прадстаўніка кампаніі Юрыя Чавусава на канфэрэнцыі “Узаемадзеяньне грамадзкага й дзяржаўнага сэктару ў сфэры жыльлёвага кіраваньня: мадэль дыялёгу”. У часе канфэрэнцыі абмяркоўвалася законатворчая дзейнасьць з дэпутатамі парлямэнту. Па выніку была створаная ініцыятыўная група па дапрацоўцы Пастановы аб грамадзкіх саветах у сфэры ЖКГ.

3 студзеня 2012. Каардынатары кампаніі падалі зварот вядучых НДА у Мінюст новаму міністру юстыцыі Алегу Сьліжэўскаму з прапановай канкрэтных дзеяньняў, скіраваных на прывядзеньне норматворчага працэсу ў адпаведнасьць з патрэбамі НКА.

14 студзеня 2012. Вольга Смалянка ўзяла ўдзел у ток-шоў на тэлеканале АНТ, прысьвечанаму пытаньням дабрачыннасьці.

23 студзеня 2012. Адбылася прэзэнтацыя маніторынгу прававога стану НКА і свабоды асацыяцыяў у Беларусі за 2011 год.

У студзені таксама быў складзены й выдадзены зборнік маніторынгавых і аглядных матэрыялаў па асноўных падзеях у галіне права НКА ў Беларусі за 2011 год.

7 лютага 2012. Кампанія была ўзнагароджаная прэміяй “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” ў намінацыі “Кампанія году”.

ДАКУМЭНТЫ ПА ТЭМЕ:

Кніга “Пэрспэктывы распрацоўкі закону аб некамэрцыйных арганізацыях: матэрыялы абмеркаваньняў у грамадзянскай супольнасьці” (RU)

Book “Prospects of the law “On Noncommercial Organizations” elaboration. Materials discussed in cival society” (ENG)