20120616_minsk_asambleya_86

 

Першы ўстаноўчы Кангрэс Асамблеі прайшоў 22-23 лютага 1997 году. У ім удзельнічалі 250 няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Да канца 1997 году іх стала 500. Асамблея пачала прымаць у склад усе НДА, якія падзяляюць асноўныя прынцыпы раўнапраўя, самастойнасьці і вызнаюць дэмакратыю, незалежнасьць Беларусі, правы чалавека як свае каштоўнасьці.

Падчас I Кангрэсу Асамблеі НДА былі прапанаваныя ідэі інфармацыйнага абмену паміж сябрамі НДА, стварэньня сыстэмы ўзаемадапамогі і калектыўнай абароны паміж сябрамі НДА, прыцягненьня новых чальцоў у Асамблею.

II Кангрэс Асамблеі НДА прайшоў 14 лістапада 1998 году. У ім удзельнічала 394 няўрадавых арганізацыяў. Па ягоных выніках летам 2000 году, была праведзеная кампанія “SOS! Трэці сэктар” па абароне правоў НДА і выпраўленьня нэгатыўных наступстваў прымусовай дзяржаўнай перарэгістрацыі.

III Кангрэс Асамблеі НДА прайшоў 2-3 сьнежня 2000 году. Асацыяцыя прыняла рашэньне аб рэгістрацыі Асамблеі, быў зацьверджаны яе Статут, прынятае рашэньне аб правядзеньні мабілізацыйнай кампаніі падчас прэзыдэнцкіх выбараў і назіраньню за выбарамі 2001 году.

IV Кангрэс Асамблеі НДА адбыўся 5-6 кастрычніка 2002 году, на ім прайшоў фэстываль грамадзкіх арганізацыяў “Грамадзкія арганізацыі для грамадзянаў”, прайшлі круглыя сталы па тэмах узаемадзеяньня НДА і дзяржавы, СМІ, рэсурсаў і супрацоўніцтва НДА паміж сабой.

V Кангрэс Асамблеі НДА прайшоў 1-2 траўня 2004 году ў Менску, у ім узялі ўдзел 220 дэлегатаў і 40 гасьцей. На Кангрэсе быў прэзэнтаваны Стратэгічны плян Асамблеі, прайшло абмеркаваньне працы ў новых умовах і альтэрнатыўных мэханізмаў прызнаньня забароненых беларускіх НДА, распрацаваны і зацьверджаны мэханізм грамадзкага прызнаньня грамадзянскіх ініцыятываў.

VI Кангрэс Асамблеі НДА адбыўся 6-7 сакавіка 2009 году. Была прынятая рэзалюцыя адносна ўдзелу грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў праекце “Ўсходняе партнэрства”, рэзалюцыя супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі і падпісаная заява “Аб спыненьні ўсіх формаў палітычнага перасьледу”.

VII Кангрэс Асамблеі НДА прайшоў 16-17 чэрвеня 2012 году. Былі прынятыя рэзалюцыі з заклікам вызваліць палітвязьняў, прызначыць спэцдакладычка ААН па Беларусі. Гучалі патрабаваньні спыненьня рэпрэсіяў супраць “трэцяга сэктару” з боку дзяржавы, неабходнасьці кансалідацыі й салідарнасьці. Фотарэпартаж зь мерапрыемства.