Для дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня прадастаўляюцца наступныя дакумэнты:

lol1

1.Заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі, падпісаная кіраўніком аб’яднаньня (ці іншай асобай, упаўнаважанай для гэтага згодна статута аб’яднаньня), паводле ўстаноўленай формы згодна з дадаткам 1 да пастановы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2005 году № 48. Заява адрасуецца ў рэгіструючы орган і падаецца туды разам зь іншымі неабходнымі для рэгістрацыі дакумэнтамі (іх трэба пералічыць у заяве ў якасьці дадаткаў): Міністэрства юстыцыі для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў, абласныя або менскае гарадзкое галоўныя ўпраўленьні юстыцыі для мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў (калі мясцовае аб’яднаньне дзейнічае на тэрыторыі дзьвюх абласьцей, то падаваць трэба ва ўпраўленьне юстыцыі той вобласьці, дзе разьмяшчаецца юрыдычны адрас ствараемага аб’яднаньня).

Многія кампанэнты заявы залежаць ад зацьверджанага ўстаноўчым сходам статута і іншых рашэньняў устаноўчага мерапрыемства, і, натуральна, прозьвішчаў заснавальнікаў-кіраўнікоў. Таму дадзены дакумэнт мае сэнс рыхтаваць непасрэдна перад падачай на рэгістрацыю.

lol2

2. Статут аб’яднаньня ў двух экзэмплярах з дадаткам электроннай копіі (як правіла, электронная копія прадстаўляецца на USB-флэшцы або дыску). У статуце павінны быць у абавязковым парадку выкладзеныя зьвесткі, устаноўленыя заканадаўствам (гл. артыкулы 9-11 Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”). Заснавальнікам належыць уважліва і адказна падысьці да фармулёвак мэтаў, задачаў, прадмету і мэтадаў дзейнасьці і меркаванай структуры аб’яднаньня.

З прыкладным узорам статуту і парадамі па яго фармулёўкам і структуры можна азнаёміцца тут (с. 63-72).

lol3

3. Пратакол устаноўчага мерапрыемства. Устаноўчае мерапрыемства, у залежнасьці ад вызначанага ў статуце вышэйшага органа аб’яднаньня, можа быць праведзенае ў форме агульнага сходу (у ім павінны прымаць удзел усе заснавальнікі ствараемай арганізацыі) ці зьезду або канфэрэнцыі (у ім павінны прымаць удзел дэлегаты або прадстаўнікі, абраныя на тэрытарыяльных сходах заснавальнікаў). Незалежна ад таго, ці праводзіцца сход ці канфэрэнцыя, усе заснавальнікі арганізацыі павінны ўзяць удзел у мерапрыемстве, зьвязаным са стварэньнем арганізацыі (або асабіста на ўстаноўчым сходзе, або на сходзе па вылучэньні дэлегатаў). У пераважнай большасьці выпадкаў устаноўчыя мерапрыемствы праводзяцца ў форме сходаў.

Форма пратаколу ня вызначаная заканадаўствам, але ён павінен адпавядаць правілам справаводзтва і мець абавязковыя пункты парадку дня.

З прыкладным узорам пратаколу, у якім пазначаныя абавязковыя пункты парадку дня, можна азнаёміцца тут.

На сходзе павінны быць усё заснавальнікі, гэта значыць для рэспубліканскага аб’яднаньня — ня менш за 50 чалавек (можна больш), якія пражываюць ня менш як у чатырох абласьцях і горадзе Менску. Для мясцовага аб’яднаньня — ня менш за 10 заснавальнікаў, якія пражываюць ня менш як у дзьвюх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках на тэрыторыі дзейнасьці арганізацыі.

Ад моманту ўстаноўчага сходу заснавальнікам на працягу месяца трэба будзе падаць дакумэнты на рэгістрацыю.

Памяшканьне, дзе праходзіць устаноўчае мерапрыемства, павінна быць арэндаванае або прадастаўленае бясплатна па дамове (добрым варыянтам будзе правядзеньне сходу там, дзе знаходзіцца юрыдычны адрас). Не дапускаецца правядзеньне ўстаноўчых мерапрыемстваў у жылых памяшканьнях. Правядзеньне ўстаноўчых мерапрыемстваў пад адкрытым небам патрабуе афармленьня дазволу мясцовых уладаў у адпаведнасьці з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах.

lol4

4. Дакумэнт банку, які пацьвярджае аплату дзяржаўнай пошліны, — падаецца ў арыгінале (заяўнікам мэтазгодна пакінуць сабе копію).

Для рэспубліканскага аб’яднаньня памер пошліны складае 10 базавых велічыняў, гэта значыць 23 рубель. Рэквізыты для аплаты пошлінаў для рэспубліканскіх і міжнародных аб’яднаньняў дасяжныя тут.

Пры рэгістрацыі мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў памер пошліны складае 5 базавых велічыняў, гэта значыць 11 рублёў 50 капеек. Рэквізыты для аплаты можна знайсьці на сайтах абласных упраўленьняў юстыцыі, але пры гэтым ня варта блытаць гэтыя рэквізыты з тымі, на якія выплачваюцца пошліны для рэгістрацыі іншых камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацыяў — для грамадзкіх аб’яднаньняў вызначаны спэцыяльныя рэквізыты.

Заснавальнікам мэтазгодна прасачыць, каб б у квітанцыі была відаць назва арганізацыі, за рэгістрацыю якой выплачваецца пошліна.

У выпадку адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі 50% сумы пошліны можна будзе вярнуць.

lol5

5. Сьпіс заснавальнікаў, падпісаны кіраўніком аб’яднаньня (ці іншай асобай, упаўнаважанай для гэтага згодна статуту аб’яднаньня), паводле ўстаноўленай формы згодна з дадаткам 2 да пастановы Міністэрства юстыцыі. Заснавальнікамі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі дзейнасьці арганізацыі. У гэтым сьпісе павінны быць вельмі дакладныя дадзеныя, у тым ліку аб хатніх і працоўных тэлефонах (пры адсутнасьці тэлефону варта пазначыць “тэлефону няма”), пра месца жыхарства (у тым ліку дакладныя афіцыйныя назвы вуліц, напрыклад “Бульвар Тараса Шаўчэнкі”, а не “Бульвар Шаўчэнкі”), гэтак жа ня варта пры ўказаньні месца працы ўжываць малазразумелыя скарачэньні і г.д. У сьпісе маюць быць уласнаручныя подпісы ўсіх заснавальнікаў (як правіла, гэта зручна рабіць на ўстаноўчым мерапрыемстве). Таму мэтазгодна спачатку сабраць дадзеныя і аформіць іх у выглядзе гэтай электроннай табліцы, праверыць іх правільнасьць, і толькі потым зьбіраць подпісы ў надрукаваным дакумэнце.

Недакладнасьці ў сьпісах заснавальнікаў часта становяцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі, таму да падрыхтоўкі гэтага дакумэнту належыць падысьці асабліва старанна.

lol6

6. Сьпісы сябраў выбарных органаў аб’яднаньня (як правіла гэта кіруючы орган, такі як праўленьне, і кантрольны, такі як кантрольна-рэвізійная камісія (форма сьпісу зьяўляецца афіцыйна зацьверджанай). Гэта вельмі падобна на сьпіс заснавальнікаў, але ў адрозьненьне ад сьпісу заснавальнікаў, ён не падпісваецца ўсімі, дастаткова толькі подпісу кіраўніка (так што пры неабходнасьці яго прасьцей апэратыўна зрабіць перад падачай). Сьпісы трэба рабіць асобна — асобны сьпіс праўленьня і асобны сьпіс кантрольна-рэвізійнага органа (для рэспубліканскіх, як правіла, гэта кантрольна-рэвізійная камісія, для мясцовых арганізацыяў дапускаецца аднаасобны орган у выглядзе рэвізора).

Калі ў арганізацыі акрамя кіруючага і кантрольна-рэвізійнага органа ёсьць і іншыя выбарныя органы (гэта можа быць выканаўчая дырэкцыя, назіральны савет і г.д.) — сьпісы іх сябраў таксама павінны быць прадастаўленыя.

lol7

7. Дакумэнт, які пацьвярджае наяўнасьць юрыдычнага адрасу аб’яднаньня (месца знаходжаньня кiруючага органа). Афармленьнем варта займацца ў першую чаргу, гарантыйны ліст павінны ўтрымліваць дакладную поўную назву аб’яднаньня і фармулёўку накшталт “для разьмяшчэньня юрыдычнага адрасу ў выпадку дзяржаўнай рэгістрацыі”, акрамя гарантыйнага ліста павінная быць копія тэхпашпарту і плян памяшканьня, па магчымасьці завераныя ўласьнікам (можна не натарыяльна, але зь пячаткай), гэтак жа павінна быць бачна, што памяшканьне арганізацыі дае менавіта яго ўласьнік. Форма гарантыйнага ліста не ўстаноўленая, але рэкамэндуемы намі ўзор можна паглядзець тут.

З асаблівасьцямі афармленьня юрыдычнага адрасу арганізацыі можна азнаёміцца тут.

lol8

8. Дакумэнт аб аплаце за паведамленьне аб дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднаньня ў дадатку да часопіса “Юстыцыя Беларусі” — інфармацыю аб аплаце гэтага паведамленьня можна знайсьці на сайце часопісу.

У залежнасьці ад статуту могуць спатрэбіцца і іншыя дакумэнты. Напрыклад, калі вы ўсталюеце ў статуце, што кіраўніка арганізацыі выбірае не вышэйшы орган, такі як агульны сход, а кіруючы, такі як Праўленьне, то трэба будзе рабіць пратакол Рады або Праўленьня аб абраньні старшыні (са старшынёй кантрольна-рэвізійнай камісіі — аналягічна).

Дакумэнты прадастаўляюцца ў рэгіструючы орган на беларускай або расейскай мове і павінны быць выкананыя на паперы фармату А4 з выкарыстаньнем машынапіснай або электроннай тэхнікі, тэкст з адзінарным або палутарным міжрадковым інтэрвалам з захаваньнем патрабаваньняў справаводзтва, шрыфт Times New Roman памерам 15 або 14. Лепш рыхтаваць дакумэнты на адной мове: або ўсё па-беларуску, або ўсё па-расейску.

Такім чынам, дзеяньні заснавальнікаў пры стварэньні рэспубліканскага або мясцовага грамадзкага аб’яднаньня мэтазгодна пабудаваць у наступнай пасьлядоўнасьці:

— Заснавальнікі вызначаюць назву арганізацыі (поўную на расейскай, поўную на беларускай мове, скарочаную на расейскай, скарочаную на беларускай мове) зыходзячы з патрабаваньняў заканадаўства. Праверыць, ці няма ўжо зарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня з такой назвай можна на сайце адзінага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў;

— Заснавальнікі знаходзяць і афармляюць юрыдычны адрас (дакумэнт №7 у сьпісе вышэй);

— Паралельна заснавальнікі зьбіраюць дадзеныя для сьпісу заснавальнікаў па ўстаноўленай форме (дакумэнт №5 у сьпісе вышэй), афармляюць яго па форме ў выглядзе табліцы, правяраюць правільнасьць усіх дадзеных і пасьля гэтага зьбіраюць подпісы ўсіх заснавальнікаў;

— Заснавальнікі складаюць праект статуту;

— Заснавальнікі праводзяць ўстаноўчае мерапрыемства;

— Афармляюцца пратакол устаноўчага мерапрыемства і ўсе астатнія патрабуемыя дакумэнты;

— Аплата дзяржаўнай пошліны і аб’явы аб рэгістрацыі;

— Падача дакумэнтаў у рэгіструючы орган.