АСАМБЛЕЯ НДА найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднаньне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе разьвіцьцю дэмакратычнай прававой дзяржавы й уплывае на зьмены ў грамадзтве.

Заснаваная ў 1997 годзе, асацыяцыя на сёньняшні момант налічвае болей за 300 сябраў. Асамблея працуе таксама з НДА, якія не ўваходзяць у яе склад, але прэарытэтная ўвага аддаецца сваім сябрам — як зарэгістраваным арганізацыям, так і незарэгістраваным ініцыятывам.

map

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў спрабавала тройчы атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, аднак, з розных прычынаў, Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі. У склад Асамблеі ўваходзяць уваходзяць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. У ліпені 2011 году Асамблея была зарэгістраваная ў Літве.

ВІЗІЯ

Асамблея спрыяе разьвіцьцю арганізацыяў-сябраў і станаўленьню грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

МІСІЯ

Мы — аб’яднаньне грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, якія вызнаюць дэмакратыю й незалежнасьць  Беларусі як свае каштоўнасьці, дзеля прасоўваньня й пашырэньня ідэяў НДА, абароны сваіх правоў ды інтарэсаў, дапамогі ў станаўленьні арганізацыяў-сябраў.

ДЗЕЙНАСЬЦЬ

— Прасоўваньне й адстойваньне інтарэсаў НДА Беларусі шляхам салідарных дзеяньняў
— Спрыяньне разьвіцьцю НДА
— Забесьпячэньне камунікацыі паміж арганізацыямі-сябрамі
— Інфармацыйнае забесьпячэньне
— Падтрымка й разьвіцьцё ініцыятыўных групаў
— Маніторынг, аналіз і ацэнка стану грамадзкага сэктару й прававога становішча.

ПРЫНЦЫПЫ СЯБРОЎСТВА

— добраахвотны ўдзел і самастойнасьць арганiзацыяў-сябраў
— неўмяшаньне Асамблеі ва ўнутраныя справы арганізацыяў-сябраў Асамблеі
— роўныя правы сябраў Асамблеі
— дэмакратычныя працэдуры прыняцьця рашэньняў
— салідарнасьць і супрацоўніцтва сябраў Асамблеі дзеля дасягненьня агульных мэтаў.

 

СТРУКТУРА 

Кангрэс Асамблеі НДА — вышэйшы орган Асамблеі. Зьбіраецца адзін раз на два гады. У Кангрэсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі арганізацыяў-сябраў Асамблеі. Кангрэс зацьвярджае Стратэгічны плян разьвіцьця Асамблеі. Прымае стратэгічна важныя рашэньні. Разглядае і зацьвярджае Статут Асамблеі і ўносіць у яго зьмены. Абірае Рабочую групу — кіруючы орган Асамблеі паміж Кангрэсамі. Прымае заявы, звароты і іншыя дакумэнты ад імя Асамблеі. Кангрэс прымае і зацьвярджае справаздачу старшыні РГ, старшыні Рэвізійнай камісіі.

Рабочая група Асамблеі НДА — кіруючы орган Асамблеі НДА паміж Кангрэсамі, зьбіраецца раз на некалькі месяцаў і забясьпечвае выкананьне рашэньняў Кангрэсу. Склад РГ зацьвярджаецца Кангрэсам зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-сябраў Асамблеі, вылучаных галіновымі і тэрытарыяльнымі Круглымі сталамі. РГ абірае Старшыню і намесьніка(ў) РГ зь ліку сябраў РГ.

РГ зацьвярджае дакумэнты, якія рэглямэнтуюць функцыянаваньне структурных адзінак Асамблеі і мэханізмы іх каардынацыі, абапіраючыся на Статут. Зацьвярджае праграмы і пляны ў межах Стратэгічнага пляну Асамблеі. Вырашае пытаньні аб сяброўстве ў асацыяцыі згодна з Палажэньнем аб сяброўстве ў Асамблеі.

Праўленьне Рабочай групы Асамблеi НДА — орган Рабочай групы Асамблеi НДА, якi каардынуе працу структураў Асамблеi НДА, прадстаўляе iнтарэсы Асамблеi, зацьвярджае праекты. У яго уваходзяць Старшыня РГ, яго намесьнiкi i Кіраўнік Выканаўчага бюро Асамблеi. Кiраўнiком Праўленьня зьяўляецца Старшыня РГ. Праўленьне дзейнічае паміж пасяджэньнямі РГ, зьбіраецца раз на 2 тыдні.

Выканаўчае бюро Асамблеі НДА — стала дзеючы выканаўчы орган Асамблеі НДА. Забясьпечвае выкананьне рашэньняў Праўленьня і РГ Асамблеі НДА. Забясьпечвае функцыянаваньне структурных адзінак Асамблеі НДА.

Зьвязацца з намі