Гісторыя Прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”

 

Гісторыя Прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”

Асамблея НДА заснавала сваю Прэмію, каб адзначаць найбольш пасьпяховыя крэатыўныя ідэі ў грамадзкім сэктары і прыцягваць да іх увагу беларусаў.

Першая цырымонія ўзнагароджаньня грамадзкіх лідэраў і няўрадавых арганізацыяў прайшла ў 2009 годзе.

Асамблеі важна, каб дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў была заўважаная аўтарытэтнымі грамадзкімі дзеячамі, беларускім грамадзтвам, а тыя актывісты, якія атрымаюць найвышэйшую адзнаку экспэртаў, адчулі ўдзячнасьць з боку грамадзянскай супольнасьці ды натхненьне на далейшую працу.

Прэмія ўручаецца ў розных намінацыях: лідэр году, кампанія году, месца году, крэатыў году, гарбуз году ды іншыя.

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2009

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2010

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2011

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2012

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2013

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2014

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2015

ЧЭМПІЁНЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ—2016

Гісторыя Прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”

ПРАЦЭДУРА ВЫЗНАЧЭНЬНЯ ПЕРАМОЖЦАЎ:

Вызначэньне намінацыяў

Сьпіс намінацыяў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” за бягучы год вызначаецца Праўленьнем Асамблеі НДА не пазьней за 1 сьнежня. За аснову бярэцца сьпіс намінацыяў папярэдняга году. Сябры Рабочай групы і Выканаўчага бюро Асамблеі НДА маюць права прапанаваць новыя намінацыі ці скасаваць старыя намінацыі. Кожная такая прапанова мусіць утрымліваць абгрунтаваньне і павінна быць накіравана праз электронную пошту на адрас Асамблеі НДА. Канчатковае рашэньне аб уключэньні ці скасаваньні намінацыяў прымаецца Праўленьнем Асамблеі.

Вылучэньне намінантаў

Сфармаваны Праўленьнем сьпіс намінацыяў дасылаецца сябрам РГ, ВБ і 10-ці экспэртам у галіне грамадзянскай супольнасьці для вылучэньня намінантаў. Кожны экспэрт, сябра РГ і ВБ мае права прапанаваць кандыдатаў на кожную намінацыю. Кожная кандыдатура павінна суправаджацца абгрунтаваньнем яе вылучэньня, пажадана са спасылкамі на інфармацыю ў Інтэрнэце.

Фармаваньне сьпісу для галасаваньня

Канчатковы сьпіс намінантаў для галасаваньня складаецца Праўленьнем Асамблеі. Праўленьне Асамблеі мае права не ўключаць у канчатковы сьпіс намінантаў кандыдатуры, якія не адпавядаюць фармальным крытэрам па кожнай намінацыі, а таксама кандыдатуры, па якіх адсутнічае інфармацыя, неабходная для вылучэньня. У выпадку неўключэньня кандыдата ў сьпіс намінантаў, Праўленьне Асамблеі дасылае інфармацыю аб гэтым з тлумачэньнем прычынаў усім сябрам РГ.

Максімальная колькасьць намінантаў па кожнай намінацыі ў канчатковым сьпісе – 7. Калі колькасьць вылучаных кандыдатаў больш за 7, скарачэньне адбываецца шляхам рэйтынгавага галасаваньня Праўленьня.

Галасаваньне

Бюлетэнь для галасаваньня са сьпісам намінацыяў і намінантаў дасылаецца па электроннай пошце журы, якое складаецца з:

  • Сябраў Рабочай Групы Асамблеі НДА;
  • Кіраўнікоў і экспэртаў уплывовых беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў (сьпіс вызначаецца Праўленьнем Асамблеі НДА);
  • Атрымальнікаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” мінулых гадоў;
  • Журналістаў.

Удзельнікі галасаваньня павінны да азначанага ў абвестцы тэрміну даслаць на электронны адрас запоўненыя бюлетэні для галасаваньня. Дапускаецца галасаваньне ня болей чым за адну кандыдатуру па кожнай намінацыі.

Падлік галасоў і падвядзеньне вынікаў

Праўленьне Асамблеі вызначае склад падліковай камісіі, якая ажыцьцяўляе падлік галасоў паводле атрыманых па электроннай пошце бюлетэняў. Калі ў бюлетэні для галасаваньня пазначана больш за адну кандыдатуру па намінацыі, галасаваньне па гэтай намінацыі для гэтага бюлетэня ня ўлічваецца.

Пераможцам у намінацыі абвяшчаецца кандыдат, які набраў найбольшую колькасьць галасоў.

Вынікі галасаваньня зацьвярджаюцца Праўленьнем Асамблеі НДА.