22 лютага Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, найбуйнейшае згуртаваньне айчынных грамадзкіх аб’яднаньняў, адзначае сваё пятнаццацігодзьдзе.
У лютым 1997 году на ўстаноўчым кангрэсе Асамблеі ўзялі ўдзел 250 арганізацыяў, якія былі яднаныя агульнымі каштоўнасьцямі і бачаньнем супольных інтарэсаў. Сярод іх былі аўтарытэтныя няўрадавыя арганізацыі, такія як "Аб'яднаны шлях", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінскі камітэт, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Праваабарончы цэнтар “Вясна’96”, ПЭН-цэнтар, Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, Фонд “Дзецям Чарнобыля”, Фонд імя Льва Сапегі, Цэнтар "Супольнасьць", але таксама дзесяткі моладзевых, экалягічных, краязнаўчых ды дабрачынных арганізацыяў ды ініцыятываў з усёй Беларусі.
На сёняшні дзень сябрамі Асамблеі НДА зьяўляюцца больш за 300 арганізацыяў. Намаганьнямі Асамблеі былі праведзеныя шэраг гучных агульнанацыянальных кампаніяў, сярод іх можна адзначыць “SOS! Трэці сэктар”, “Выбірай”, “Зробім лепш”, Кампанія вылучэньня ў выбарчыя камісіі, "За свабоду!", “Стоп 193.1!” ды іншыя. Ад 2009 году Асамблея адзначае ды ўзнагароджвае “Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці”.
“Асамблея ўзьнікла тады, калі мусіла. Узьнікла, як згуртаваньне тых грамадзкіх структураў, якім балела за свабоду й дэмакратыю, за незалежнасьць і беларускую мову. Тых, хто бараніў гэтыя каштоўнасьці задоўга да таго, як незалежныя грамадзкія арганізацыі былі перайменаваныя ў "трэці сэктар", да таго, як зьявіўся "public business", - узгадвае Вінцук Вячорка, старшыня Рабочай групы Асамблеі з 1999 па 2000 год. “Наша Асамблея - паводле маштабу зьява беспрэцэдэнтная ў рэгіёне - тады здолела згуртаваць сотні арганізацыяў і дзясяткі тысячаў людзей, якія хацелі бачыць Беларусь незалежнаю, адроджанаю, без дыктатуры й нэакамсамолаў. Мець і адстойваць прынцыповую пазыцыю ў найгалоўнейшых пытаньнях жыцьця краіны. Зычу Асамблеі, якая вытрымала праверку часам і нягодамі, ды кожнаму ейнаму сябру быць вернымі тым самым пачатным каштоўнасьцям.” – сказаў сп-р Вячорка.
Асамблея НДА ня толькі выступае камунікатарам паміж арганізацыямі-сябрамі й дапамагае па розных аспэктах, а таксама займаецца выданьнем рознага кшталту аналітычнай, даведачнай і дапаможнай літаратуры па праблемах трэцяга сэктару Беларусі.
Паводле Віталя Васількова, сябра ўсіх Рабочых групаў Асамблеі НДА ад самага пачатку, 15 гадоў Асамблея пачэсна выконвае сваю першапачатковую місію - дапамагае разнастайным ініцыятывам людзей ды некамэрцыйным арганізацыям. “Усё тое, што назапашана й распрацавана за гэтыя гады намаганьнямі сябраў Асамблеі НДА – мэтадычныя выданьні, дапаможнікі, сэмінары – безумоўна, у будучыні будзе запатрабаванае”, - адзначыў Віталь Васількоў.
За гэты час Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў спрабавала тройчы атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, аднак, з розных прычынаў, Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі. У склад Асамблеі ўваходзяць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. У ліпені 2011 году Асамблея была зарэгістраваная ў Літве.
“Супольнымі высілкамі мы працягваем агучваць і адстойваць інтарэсы ўсяго сэктару перад дзяржавай, спрыяць разьвіцьцю й посьпеху арганізацыяў-сябраў, прасоўваць каштоўнасьці дэмакратыі й грамадзянскага ўдзелу ў грамадзтве" - адзначыў Сяргей Мацкевіч, цяперашні старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА. Ён таксама заклікаў усіх сябраў Асамблеі падтрымліваць лістамі вязьня сумленьня Алеся Бяляцкага, які ўзначальваў Рабочую групу Асамблеі ў пэрыяд 2000-2004 гг.
Сёлета мае адбыцца VII Кангрэс Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, да ўдзелу ў якім запрашаюцца як сябры Асамблеі, так і іншыя прадстаўнікі трэцяга сэктару.