Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

Абмежаваньні для стварэньня асацыяцыяў і практыка рэгістрацыі

У сукупнасьці пералічаныя акты заканадаўства закладаюць складаныя крытэры і ўмовы для стварэньня аб’яднаньняў, а таксама ўсталёўваюць ускладнены парадак іх рэгістрацыі. На практыцы адмовы ў рэгістрацыі новых аб’яднаньняў у Беларусі зьяўляюцца вельмі распаўсюджанымі. Рэгіструючымі органамі зьяўляюцца органы міністэрства юстыцыі, іх рашэньні могуць быць абскарджаныя ў судзе. Аднак, суды па такіх скаргах ніколі не прызнаюць неабгрунтаванасьць рашэньняў аб адмове ў рэгістрацыі, заўжды прымаючы бок органаў юстыцыі.

Для рэгістрацыі палітычных партыяў неабходна ня меньш чым 1000 заснавальнікаў, якія прадстаўляюць большасьць абласьцей краіны і горад Менск. Падставы для адмовы ў рэгістрацыі сфармуляваныя ў заканадаўстве такім чынам, што дазваляюць органам юстыцыі выносіць адмову ў рэгістрацыі адвольна, на падставе ўласнага тлумачэньня ўяўных парушэньняў парадку стварэньня партыі. У выніку з 2000 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі. Шмат якім групам, якія хацелі стварыць палітычную партыю, улады адмовілі ў рэгістрацыі. Так, Партыі Свабоды і Прагрэса было чатыры разы адмоўлена ў пэрыяд 2003-2009 гг. (апошняя адмова была вынесеная міністэрствам юстыцыі ў траўні 2009 года). У траўні 2009 году было адмоўлена ў рэгістрацыі Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. На момант 1 чэрвеня 2009 году ў Беларусі маюць легальны статус толькі 15 палітычных партыяў. Пры гэтым некалькі групаў дзейнічаюць без легальнай рэгістрацыі (у якасьці “арганізацыйных камітэтаў па стварэньні партыі”), паколькі ня бачаць магчымасьці зарэгістравацца з-за свайго апазыцыйнага стаўленьня да дзеючых уладаў. Тэрытарыяльныя аддзяленьні партыяў таксама сутыкаюцца з адмовамі ў рэгістрацыі па нязначных падставах: напрыклад, у траўні 2009 года судом была прызнаная абгрунтаванай адмова ў рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ на падставе таго, што дакумэнты на рэгістрацыю былі пададзеныя ў рэгіструючы орган у кампутарным выкананьні неналежным шрыфтам.

Заканадаўства падзяляе грамадзкія аб’яднаньні на міжнародныя, рэспубліканскія і мясцовыя. Пры гэтым для першых двух катэгорыяў рэгіструючым органам зьяўляецца міністэрства юстыцыі, і яны могуць дзейнічаць на ўсёй тэрыторыі краіны. Але для стварэньня рэспубліканскага аб’яднаньня (гэта значыць аб’яднаньня нацыянальнага ўзроўню) неабходна ня меньш за 50 заснавальнікаў (па 10 заснавальнікаў ад чатырох абласьцей і горада Менска), што істотна абмяжоўвае магчымасьці стварэньня такіх арганізацыяў. Мясцовыя аб’яднаньні маюць права дзейнічаць толькі на тэрыторыі таго раёна, горада альбо вобласьці, дзе яны створаныя, і пад пагрозай санкцыяў (прыпыненьне дзейнасьці альбо ліквідацыя) ня маюць права ажыцьцяўляць якую-небудзь актыўнасьць па-за межамі гэтай тэрыторыі. Для іх рэгістрацыі, якая ажыцьцяўляецца абласнымі ўпраўленьнямі юстыцыі, неабходна ня меньш за 10 заснавальнікаў, якія мусяць прадстаўляць большасьць адміністратыўных адзінак гэтай мясцовасьці (заснавальнікі зь іншых мясьцінаў не дапускаюцца).

На 1 студзеня 2009 года паводле зьвестак міністэрства юстыцыі ў Беларусі мела зарэгістраваны статус толькі 2221 грамадзкае аб’яднаньне усіх тэрытарыяльных статусаў. Варта адзначыць, што гэтая колькасьць застаецца амаль нязьменнай на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя. Так, для параўнаньня, на 1 студзеня 2004 года міністэрства юстыцыі рапартавала пра наяўнасьць 2214 грамадзкіх аб’яднаньняў. Штогод у краіне рэгіструецца ад 50 да 100 новых аб’яднаньняў, аднак гэты прырост кампэнсуецца ліквідацыяй старых арганізацыяў (дабраахвотнай па волі заснавальнікаў альбо прымусовай па рашэньні суда). Пры ажыцьцяўленьні працэдуры рэгістрацыі органы юстыцыі, як правіла, умешваюцца ў заяўленыя заснавальнікамі мэты дзейнасьці, істотна зьмяняючы іх (так, напрыклад, было ў выпадку рэгістрацыі Праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Рух За Свабоду”) альбо трактуючы іх як падставу для адмовы ў рэгістрацыі (аб’яднаньні “Наша Вясна” і “Малады фронт”).

Як і ў выпадку палітычных партыяў, практыка рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў дае шмат прыкладаў адмовы ў рэгістрацыі, якія заўжды пацьвярджаюцца падчас судовага абскарджаньня. Падставы для адмовы вельмі часта не грунтуюцца на законе, альбо выкліканыя нязначнымі хібамі ў афармленьні дакумэнтаў. Практычна ніколі не даецца магчымасьць зарэгістраваць аб’яднаньне, калі заснавальнікі адкрыта дэманструюць неляяльнасьць існаму рэжыму. Напрыклад, толькі за вясну 2009 года было адмоўлена ў рэгістрацыі Грамадзкаму праваабарончаму аб’яднаньню “Наша Вясна”, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў, Маладзёжнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Маладыя Сацыял-дэмакраты”, Маладзёваму грамадзкаму аб’яднаньню “Модэс”, Грамадзкаму аб’яднаньню “Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз” іншым.

Варта адзначыць, што дзясяткі аб’яднаньняў беспасьпяхова падаюць заяўкі на рэгістрацыю напрацягу дзесяцігоддзяў. Так, першая спроба рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня “Малады фронт” была зьдзейсьненая напрыканцы 1990-х гадоў. Апошнія дзьве адмовы ў рэгістрацыі былі вынесеная менскім гарадзкім упраўленьнем юстыцыі ў 2007 годзе. Пры гэтым выпадак гэтай арганізацыі красамоўна сьведчыць пра дыскрымінацыю грамадзянаў у пытаньні свабоды асацыяцыі: падставай для адмовы ў рэгістрацыі быў прызнаны той факт, што адзін з заснавальнікаў быў асуджаны да крымінальнага пакараньня за дзейнасьць гэтага незарэгістравнага аб’яднаньня (хоць такое абежаваньне ў правах не прадугледжанае законам). Таксама і ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі Грамадзкаму праваабарончаму аб’яднаньню “Наша Вясна” было прызнана, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі зьяўляецца прыцягненьне яе заснавальнікаў да адміністратыўнай адказнасьці. У цэлым рашэньні аб адмове ў рэгістрацыі прымаюцца не на законных падставах, а кіруюцца палітычнай мэтазгоднасьцю і вельмі часта зьяўляюцца неабгрунтаваным абмежаваньнем у праве на стварэньне аб’яднаньняў.

У траўні 2009 года было абвешчана аб падрыхтоўцы новых зьменаў у Законы “Аб палітычных партыях” і “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, якія яшчэ больш ускладняюць магчымасьці рэгістрацыі новых партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў праз значнае пашырэньне магчымымых падставаў для адмовы ў рэгістрацыі. Практычна, гэты законапраект скіраваны на тое, каб зрабіць законнай існую практыку беспадстаўных і адвольных адмоваў у рэгістрацыі новым грамадзкім аб’яднаньням.

Сур’ёзнай перашкодай для рэгістрацыі новых аб’яднаньняў зьяўляецца неабходнасьць мець офіснае памяшканьне ў нежылым будынку як для агульнанацыянальнай, так і для самай малой арганізацыі. Любое грамадзкае аб’яднаньне ці, нават, невялікае аддзяленьне палітычнай партыі альбо грамадзкага аб’яднаньня (такія аддзяленьні могуць стварацца і трыма заснавальнікамі) ня можа быць зарэгістравана з адрасам на прыватнай кватэры заснавальніка.

Аналягічна і практыка па пытаньні рэгістрацыі прафэсійных саюзаў дэманструе неспрыяльнае стаўленьне да аб’яднаньняў, што не ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, якая падтрымлівае ўрад. Напрыклад, у студзені 2008 года міністэрствам юстыцыі было адмоўлена ў рэгістрацыі прафсаюза дробнага бізнэсу “Разам”, фіксуюцца шматлікія адмовы ў рэгістрацыі суполак Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых прафсаюзаў, што ўваходзяць у склад Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Адсутнасьць свабоды аб’яднаньня працоўных у прафэсійныя саюзы неаднаразова рабілася прадметам крытыкі на адрас Беларусі з боку Міжнароднай арганізацыі працы, і ў тым ліку была падставай для пачатку ў дачыненьні да Беларусі спэцыяльных працэдураў расьследваньня і санкцыяў.

Заканадаўства падзяляе рэлігійныя арганізацыі на рэлігійныя аб’яднаньні, якія валодаюць усёй паўнатой правоў юрыдычнай асобы, і рэлігійныя суполкі, якія ня маюць многіх правоў (напрыклад, ня маюць права ствараць канфэсійныя сродкі масвай інфармацыі і навучальныя ўстановы). Рэлігійныя аб’яднаньні таксама маюць складанасьці з рэгістрацыяй, паколькі для стварэньня такога аб’яднаньня неабходна наяўнасьць ня менш чым дзесяці зарэгістраваных суполак у розных рэгіёнах краіны, якія дзейнічаюць на працягу ня меньш чым дваццаці год і кожая налічвае ня меньш дваццаці прыхажанаў. З-за гэтай сыстэмы абмежаваньняў такія канфэсіі, як Таварыства Сьвядомасьці Крышны, якія ня маюць неабходнай колькасьці суполак, робяцца пазбаўленыя магчымасьці зарэгістраваць рэлігійнае аб’яднаньне і дзейнічаць раўнапраўна зь іншымі канфэсіямі.