У пэрыяд 2003-2005 гг. у Беларусі была зьдзейсьненая хваля прымусовых ліквідацыяў грамадзкіх аб’яднаньняў праз рашэньні судоў. Падставы для ліквідацыі пры гэтым былі часьцей за ўсё не абгрунтаваныя заканадаўча, альбо грунтаваліся на нязначных і дробных парушэньнях падзаконных актаў (накшталт правілаў афармленьня папяровых бланкаў). У 2003 годзе было ліквідавана 51 грамадзкае аб’яднаньне, у 2004 годзе – 38 аб’яднаньняў, у 2005 годзе – 68 аб’яднаньняў. Надалей штогод ліквідоўвалася ад 20 да 30 аб’яднаньняў. Варта адзначыць, што сярод ліквідаваных арганізацыяў былі вядомыя і аўтарытэтныя аб’яднаньні, якія зьяўляліся тварам беларускай грамадзянскай супольнасьці – аб’яднаньні Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Незалежны Інстытут Сацыяльна-Палітычных і Эканамічных Дасьледваньняў, “Ратуша” (Гродна), Грамадзянскія інцыятывы (Гомель), Прававая Дапамога Насельніцтву, Незалежнае Таварыства Прававых Дасьледваньняў і дзясяткі іншых праваабарончых, моладзевых, дасьледчых і сацыяльных арганізацыяў. Пры гэтым большасьць гэтых арганізацыяў працягвалі дзейнічаць, нягледзячы на тое, што ўлады адмаўлялі ім у спробах зарэгістравацца наноў і ня гледзячы на наяўнасьць крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць без рэгістрацыі.
Прымусовая ліквідацыя праз рашэньне Вярхоўнага суда ужываецца і ў дачыненьні да палітычных партыяў. У 2004 годзе была ліквідаваная Беларская Партыя Працы, у 2007 годзе – Экалягічная партыя зялёных “БЭЗ” і Партыя Жанчын “Надзея”.
Арт. 22: Свабода асацыяцыі