Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Беларускія ўлады ня выканалі рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН, згодна зь якімі адмовы ў рэгістрацыі і ліквідацыі беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў прызнаныя неабгрунтаванымі і парушаючымі Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. На дадзены момант у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь вынесеныя тры рашэньні Камітэту, датычныя парушэньня свабоды асацыяцыяў у наступных выпадках: адмова ў рэгістрацыі Праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню “Хельсінкі - ХХІ” (падзеі 2001 г.); ліквідацыя ў судовым парадку Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” (падзеі 2003 г.); ліквідацыя ў судовым парадку Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” (падзеі 2003 г.). Шматлікія спробы дамагчыся выкананьня гэтых рашэньняў Камітэту праз абскарджваньне ў нацыянальных судовых і іншых інстанцыях не прынесьлі посьпеху сябрам гэтых арганізацыяў і яны працягваюць працаваць у форме незарэгістраваных аб’яднаньняў, пад рызыкай крымінальнага перасьледу за такую дзейнасьць.
У траўні 2008 году ў Вярхоўным судзе была разгледжаная наглядная скарга сябраў “Вясны” Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча на рашэньне Вярхоўнага суда ад 26 кастрычніка 2007 году, згодна зь якім рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” было пакінута ў сіле. Заснавальнікамі гэтай арганізацыі выступілі сябры ліквідаванага ў судовым парадку Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, якія меркавалі, што рэгістрацыя новай арганізацыі можа быць адэкватным узнаўленьнем іх права на асацыяцыю, парушэньне якога было зафіксаванае рашэньнем Камітэта па правах чалавека ААН. Аднак і ў гэтым выпадку Вярхоўны суд палічыў, што скарга не падлягае задавальненьню. Пазьней сябры “Вясны” яшчэ двойчы падавалі дакумэнты на рэгістрацыю новага аб’яднаньня, але зноўку сутыкнуліся з адмовамі