Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у артыкуле 36 устанаўлівае, што кожны мае права на свабоду аб’яднаньняў. Асобныя катэгорыі дзяржаўных службоўцаў (вайскоўцы, супрацоўнікі органаў унутраных справаў і інш.) ня могуць быць сябрамі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія перасьледуюць палітычныя мэты. Асноўныя палажэньні стварэньня і дзейнасьці аб’яднаньняў устаноўленыя Грамадзянскім кодэксам. Пры гэтым дэтальнае прававое рэгуляваньне кожнага з магчымымых відаў аб’яднаньняў ажыцьцяўляецца спэцыяльнымі законамі: адносна палітычных партыяў гэта Закон Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” (прыняты ў 1994 годзе, цяпер дзейнічае рэдакцыя ад 2005 года, у якую таксама ўносіліся зьмены), адносна прафэсійных саюзаў гэта Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прафэсійных саюзах” (прыняты ў 1992 годзе, са зьменамі і дапаўненьнямі), адносна рэлігійных аб’яднаньняў гэта Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” (прыняты ў 1992 годзе, цяпер дзейнічае рэдакцыя ад 2002 года, у якую таксама ўносіліся зьмены). Асацыяцыі грамадзянаў, якія не зьяўляюцца палітычнымі, прафэсійнымі альбо рэлігійнымі аб’яднаньнямі, зьяўляюцца грамадзкімі аб’яднаньнямі дзейнасьць якіх рэгулюецца спэцыяльным Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” (прыняты ў 1994 годзе, цяпер дзейнічае рэдакцыя ад 2005 года, у якую таксама ўносіліся зьмены).
Апроч таго, некаторыя пытаньні дзейнасьці аб’яднаньняў рэгулююцца актамі прэзыдэнта (дэкрэты і ўказы). Гэтыя акты, прынятыя прэзыдэнтам адзінаасобна, маюць большую юрыдычную сілу ў параўнаньні з законамі, і, часам, значна зьмяняюць прававое рэгуляваньне аб’яднаньняў у параўнаньні з устаноўленым законам парадкам. Так, Дэкрэт прэзыдэнта ад 26 студзеня 1999 года № 2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў” зацьвердзіў асобы парадак рэгістрацыі аб’яднаньняў (які значна абмяжоўваў працэдуру рэгістрацыі і ўмовы стварэньня аб’яднаньняў у параўнаньні з устаноўленым адпаведнымі законамі парадкам) і абавязаў усе ўжо зарэгістраваныя аб’яднаньні прайсьці перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з новай працэдурай (у выніку сотні арганізацыяў не здолелі выканаць новы парадак і страцілі рэгістрацыю).
Шэраг іншых актаў прэзыдэнта, а таксама распарадчых актаў ураду і міністэрстваў рэгулюе асобныя пытаньні стварэньня і дзейнасьці аб’яднаньняў (уплата дзяржаўнае пошліны пры рэгістрацыі, падача справаздачаў аб сваёй дзейнасьці, падаткаабкладаньне, атрыманьне ахвяраваньняў, выдача дазволу на атрыманьне замежных ахвяраваньняў і інш). Сярод іх істотным актам зьяўляецца пастанова міністэрства юстыцыі ад 30 жніўня 2005 года № 48, якая ўстанаўлівае узоры і правілы падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў, а таксама іх тэрытарыяльных структураў і саюзаў гэтых арганізацыяў.