Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Грамадзкасьць адзначыла 10-ю гадавіну Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”
У Менску 6 кастрычніка адбылася імпрэза, прысьвечаная 10-й гадавіне прыняцьця Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. На мерапрыемстве была прэзэнтаваная кніга “Права на аб’яднаньне. Беларусь 1994 - 2004” і было абвешчана пра пачатак выпрацоўкі калектыўных патрабаваньняў НДА аб зьменах заканадаўства, датычнага працы грамадзкіх аб’яднаньняў.
4 кастрычніка 1994 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12 скліканьня прыняў Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” — Закон, які быў неабходны, якога чакала грамадзкасьць, якім абгрунтавана ганарыліся аўтары, называючы яго правобразам законаў, што былі пазьней прынятыя ў постсавецкіх рэспубліках. Яго прыняцьцю спрыяла высокая грамадзянская актыўнасьць насельніцтва, імкненьне грамадзянаў да самаарганізацыі, да ўдзелу ў працэсах дэмакратызацыі інстытутаў улады, самаўпраўленьня, самадапамогі. Закон быў высока ацэнены экспэртамі міжнародных арганізацыяў.
У імпрэзе ўзялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў НДА з розных рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі шэрагу амбасадаў замежных краінаў і міжнародных арганізацыяў.
Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб адзначыў, што ўсе распрацоўшчыкі гэтага Закона 10 год таму разумелі, што станаўленьне беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратыі немагчымае без уласнай заканадаўчай базы. “Мы стараліся, каб закон быў вытрыманы ў духу дэмакратыі, даваў як мага большую свабоду для працы з грамадзтвам, для рэалізацыі права на аб’яднаньне. Але прыняты намі закон сёньняшняй уладзе не падабаецца, таму ўжо шмат разоў ён карэктаваўся ў іншы, недэмакратычны бок”, - адзначыў сп. Грыб.
Старшыня Беларускага Хельсынскага камітэту Тацьцяна Процька зьвярнула ўвагу на тое, што прынятыя за апошнія 10 год падзаконныя акты і дэкрэты прэзыдэнта дазваляюць чыноўнікам ад юстыцыі маніпуляваць Законам “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” на ўласны манэр: “Ім удалося вывернуць усё такім чынам, што Закон цяпер не дае магчымасьці для рэалізацыі права на аб’яднаньне, значным чынам гэтае права абмяжоўвае”.
Каардынатар Сыстэмы калектыўнай абароны НДА Юры Чавусаў адзначыў важнасьць прыняцьця Закону ў 1994 годзе: “Менавіта пасьля гэтага пачалі ўтварацца шматлікія грамадзкія аб’яднаньні, людзі бачылі сэнс яднаньня для вырашэньня агульных праблемаў. Па сваёй сутнасьці прыняты Закон – даволі дэмакратычны. Як адзначыў юрыст, за гэтыя 10 год нормы Закону “Аб грамадзкіх аб'яднаньнях” былі вывернутыя на недэмакратычны і несправядлівы капыл шляхам прыняцьця дэкрэтаў і падзаконных актаў, якія зараз істотна абмяжоўваюць свабоду аб'днаньняў. Таксама і практыка выкарыстаньня гэтага Закону з боку Міністэрства юстыцыі знаходзіцца ў супярэчаньні з духам прынятага 10 год таму Закона.
Сп. Чавусаў узгадваў мінулагоднюю дэлегалізацыю грамадзкіх арганізацыяў. “Замест прадэмакратычных арганізацыяў, выведзеных з легальнага поля дзейнасьці, улада прыдумала і “узаконіла” дзяржаўныя грамадзкія аб’яднаньні, каб стварыць бачнасьць існаваньня і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў нашай краіне”, - сказаў сп. Чавусаў. Ён зьвярнуў увагу на тое, што праз уладнае абмяжаваньне права на аб’яднаньне, дзяржава адмяжоўваецца ад грамадзтва, і ў хуткім часе можа стацца так, што такая дзяржава не спатрэбіцца грамадзтву.
Таксама вялася гутарка пра адпаведнасьць беларускага заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў, міжнароднаму заканадаўству. Намесьнік старшыні рады незарэгістраванай арганізацыі “Хельсынкі XXI”, скарга на нерэгістрацыю якой знаходзіцца ў камісіі па правах чалавека ААН, Барыс Звозкаў падкрэсьліў, што беларускія ўлады не зьбіраюцца выконваць Фундамэнтальныя прынцыпы статуса няўрадавых арганізацыяў у Эўропе, прынятыя Кабінэтам Міністраў Савета Эўропы. “Яны матывуюць гэта тым, што Беларусь не зьяўляецца чальцом Савета Эўропы, але гэта сьмешна”, - камэнтуе дзеяньні беларускага ўраду сп. Звозкаў. Ён таксама зазначыў, што паводле лёгікі беларускага мінюсту асьветніцкія арганізацыі могуць праводзіць асьветніцкую працу толькі сярод сваіх сябраў, правабарончыя могуць абараняць правы толькі сваіх сябраў. Тады незразумелым падаецца, чаму паводле той жа лёгікі арганізацыя выратаваньня на водах павінная ратаваць не сябраў сваёй арганізацыі. Ці, напрыклад, чаму яшчэ сябраў асацыяцыі урачоў-стаматолягаў не забавязалі лячыць зубы толькі чальцам асацыяцыі. Сп. Звозкаў выказаў апасеньні, што сёньняшняе невуцтва чыноўнікаў ад юстыцыі пасьля рэфэрэндуму можа перарасьці ў сапраўднае мракабесьсе.
Заключнае слова мела старшыня забароненага “Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў” Алена Танкачова, якая і прэзэнтавала кнігу “Права на аб’яднаньне. Беларусь 1994 - 2004”. У кнізе была зробленая спроба сыстэмнага аналізу заканадаўства, датычнага дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў у нашай краіне, а таксама практыка яго прымяненьня. Таксама ў выданьні апублікаваныя адказы Міністэрства юстыцыі і Канстытуцыйнага суда на Пратэст у сувязі з грубым парушэньнем права на аб’яднаньне па выніках аналізу заканадаўства і практыкі яго прымяненьня ў 1999 -2001, які быў разасланы ў Міністэрства юстыцыі, Канстытуцыйны суд, Пракуратуру, Палату прадстаўнікоў і іншыя дзяржаўныя органы. Сярод іншага ў кнізе зьмешчаныя вынікі апытаньня, праведзенага Незалежным таварыствам прававых дасьледаваньняў увосень бягучага году, датычнае існага прававога поля, у якім дзейнічаюць беларускія няўрадавыя арганізацыі. Былі названыя найбольш гучныя вынікі апытаньня. Так 50 % рэспрандэнтаў, даючы ацэнку стану прававога асяродзьдзя дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў за апошнія год, адзначылі, што ён крытычна пагоршыўся і толькі 6 % вырашылі, што ён палепшыўся. Большасьць апытаных не давярае судовым рашэньням у справах, датычных НДА, таксама усе рэпандэнты перакананыя, што беларускія суды толькі замацоўваюць рашэньні, раней прынятыя органамі юстыцыі.
У завяршэньне імпрэзы, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю з дня прыняцьця Закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” было абвешчана пра пачатак працы па выпрацоўцы калектыўных патрабаваньняў НДА аб зьменах заканадаўства. Яна мусіць распачацца ў бліжэйшы час, а вынікі будуць прэзэнтаваныя напрыканцы году на грамадзкіх слуханьнях з удзелам парлямэнтароў, грамадзкіх дзеячоў і прадстаўнікоў замежных структураў.
Алёна Андрэева