Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Паштоўкі для міністра
[4 кастрычніка]:
Зь ініцыятывы Асамблеі НДА Беларусі да 4 кастрычніка, 10-й гадавіны прыняцьця Закону “Аб грамадзхкіх аб’яднаньнях”, няўрадавыя арганізацыі Беларусі правялі кампанію “Паштоўка для Міністра”.
Закон “Аб грамадзкіх аб'яднаньнях” вызначыў парадак дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў у Беларусі, акрэсьліў прававое поле для структураў грамадзянскай супольнасьці, гарантаваў выкананьне свабоды аб'яднаньняў у беларускім грамадзтве. Аднак за гэтыя 10 год нормы гэтага акту былі вывернутыя на недэмакратычны і несправядлівы капыл шляхам прыняцьця дэкрэтаў і падзаконных актаў, якія зараз істотна абмяжоўваюць свабоду аб'яднаньняў. Таксама і практыка выкарыстаньня гэтага Закону з боку Міністэрства юстыцыі знаходзіцца ў супярэчаньні з духам гэтага Закону.
Таму, каб у 10 гадавіну прыняцьця Закона узгадаць пра тое значэньне, якое яму належыць, і павіншаваць галоўнага чыноўніка ад юстыцыі з гэтай датай, грамадзкія актывісты Беларусі накіроўвалі паштоўкі спадару міністру.
З розных куткоў краіны міністру юстыцыі Віктару Галаванаву да 4 кастрычніка ішлі віншавальныя паштоўкі, у якіх адзначалася значнасьць Закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” для беларускага грамадзтва.
Грамадзкія актывісты пісалі пра тое, што дзякуючы існаваньню такога закона яны атрымалі магчымасьць далучыцца да пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. За 10 год рознымі няўрадавымі арганізацыямі былі навязаныя шматлікія міжнародныя кантакты, праз якія грамадзкія актывісты іншых краінаў дазналіся пра Беларусь.
У многіх ліставаньнях да міністра Галаванава людзі распавядалі пра ўласны досьвед грамадзкай дзейнасьці і выказвалі спадзяваньне, што ў хуткім часе Закон будзе выконвацца настолькі дэмакратычна, наколькі ён напісаны.
Алёна Андрэева