Адбылася прэзэнтацыя брашуры “Сьведчаньні перасьледу беларускіх НДА ”
“Паводле лёгікі Міністэрства юстыцыі шанец на рэгістрацыю маюць толькі тыя грамадзкія аб’яднаньні, якія маюць падтрымку дзяржаўных органаў,” – сказала юрыст Алена Танкачова на прэзэнтацыі выданьня “Сьведчаньні перасьледу беларускіх няўрадавых арганізацыяў”.
Асаблівая ўвага на прэзэнтацыі, якая адбылася ў Менску ўчора, 14 верасьня, была нанадзена апублікаванай у брашуры перапісцы паміж міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым і намесьнікам старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Гэтыя раней невядомыя дакумэнты сьведчаць пра сыстэму кантролю за стварэньнем новых грамадзкіх аб'яднаньняў у Беларусі. Вядомы юрыст, старшыня забароненага “Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў” Алена Танкачова адмовілася даць нейкую прававую ацэнку апублікаваным дакумэнтам, бо “яны ня маюць нічога агульнага з прававымі нормамі”. У прыватнасьці, у дадзеных дакумэнтах міністр юстыцыі раіць Алегу Праляскоўскаму адмовіць у рэгістрацыі шэрагу арганізацыяў на падставе таго, што сярод іх заснавальнікаў фігуруюць такія вядомыя асобы – Алег Воўчак, Сяргей Адзінец, Лявон Баршчэўскі, Віктар Карнеенка. Гэта сьведчыць пра наяўнасьць у краіне сьпісаў неляяльных да рэжыму людзей, правы якіх незаконным чынам абмежаваныя з-за іх палітычных перакананьняў. У тым жа звароце да сп.Праляскоўскага міністар юстыцыі раіць адмовіць у рэгістрацыі арганізацыі, якая ставіла за мэту абарону правоў хворых на СНІД, з-за таго, што “ніхто з заснавальнікаў ня інфікаваны ВІЧ”. Гэтая інфармацыя магла быць атрыманая толькі шляхам грубага парушэньня таямніцы прыватнага жыцьця грамадзянаў, – яна сьведчыць пра наяўнасьць сакрэтных сьпісаў хворых на СНІД (існаваньне такіх сьпісаў супярэчыць беларускаму заканадаўству).
Юры Чавусаў, каардынатар Сыстэмы Калектыўнай абароны беларускіх НДА, адзначыў, што з гэтых дакумэнтаў вынікае, што сапраўднай прычынай нерэгістрацыі Асамблеі НДА быў пэрсанальны склад заснавальнікаў. “Гэтыя падставы істотна адрозьніваюцца ад тых, што былі названыя прадстаўнікамі мінюста ў Вярхоўным судзе падчас мінулагодняга судовага абскарджваньня нашай нерэгістрацыі. Калі шэрагу арганізацыяў, у тым ліку і нам, адмаўляюць у рэгістрацыі з-за асобаў заснавальнікаў, можна весьці гаворку пра тое, што Міністэрства юстыцыі мае сьпіс людзей, якім ня можна рэгістраваць няўрадавыя арганізацыі”, - адзначыў сп.Чавусаў. Ён таксама паведаміў, што ў сувязі з новымі адкрытымі акалічнасьцямі нерэгістрацыі Асамблеі ў Вярхоўны суд Беларусі была накіраваная скарга з патрабаваньнем перагляду рашэньня аб нерэгістрацыі Асамблеі.
Выданьне “Сьведчаньні перасьледу беларускіх няўрадавых арганізацыяў” выдадзенае ў межах Сыстэмы Калектыўнай абароны беларускіх НДА накладам у 250 асобнікаў. У ім зьмешчаныя вынікі маніторынгу перасьледу беларускіх НДА у 2003 і 2004 гадах, пададзеныя зьвесткі пра ліквідацыі і праверкі грамадзкіх аб’яднаньняў, сьпісы чыноўнікаў і судзьдзяў, што спрычыніліся да рэпрэсіяў супраць структураў грамадзянскай супольнасьці. Мэта выданьня – падаць грамадзтву інфармацыю пра падзеі і абставіны, пры якіх значную частку беларускай грамадзянскай супольнасьці выціснулі з легальнага поля дзейнасьці. У самы блізкі час яго атрымаюць грамадзкія актывісты, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных органаў і судоў, якія непасрэдна спрычыніліся да мінулагодняй зачысткі.
Усе ахвотныя атрымаць выданьне могуць зьвяртацца на адрас ngo@belngo.info.
Алёна Андрэева
Кампанія "Наша салідарнасьць"