Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

Прэс-рэліз па выніках прэс-канфэрэнцыі 7 траўня 2003 г.


КАМПАНІЯ “НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ” – ЗА АХВЯРАЎ “ЗАЧЫСТКІ” ГРАМАДЗКАГА СЭКТАРУ

3 траўня 2003 года стартуе кампанія “Наша Салідарнасьць”, ініцыяваная грамадзкімі арганізацыямі краіны. Мэта кампаніі - прадэманстраваць салідарнасьць з арганізацыямі, якія апынуліся пад пагрозай закрыцьця: Гарадзенскае абласное грамадзкае аб’яднаньне “Ратуша”, грамадзкае аб’яднаньне “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута” (Баранавічы), грамадзкае аб’яднаньне “Моладзевы Хрысьціянска-сацыяльны Саюз” (Рэспубліканская арганізацыя). Стратэгічная мэта кампаніі – папярэдзіць факты прымусовага закрыцьця іншых грамадзкіх арганізацыяў. Дзеля гэтага на 21 траўня ініцыятыўная група “Нашай Салідарнасьці” заплянавала зладзіць грамадзкія слуханьні.


Пачаткам кампаніі “Наша Салідарнасьць” стаў калектыўны зварот ад імя кіраўнікоў шэрагу буйных грамадзкіх аб'яднаньняў (грамадзкае аб'яднаньне “Незалежнае таварыства правававых дасьледаваньняў”, грамадзкае аб'яднаньне “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын”, грамадзкае аб'яднаньне “Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны”, грамадзкае аб'яднаньне “Цэнтар па правах чалавека”, грамадзкае аб'яднаньне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, грамадзкае аб'яднаньне “Прававая дапамога насельніцтву”, грамадзкае аб'яднаньне “Фонд імя Льва Сапегі”, Магілёўскае грамадзкае аб'яднаньне “Кола сяброў”, Рэспубліканскае праваабарончае грамадзкае аб'яднаньне “Беларускі Хельсынскі камітэт”, гарадзкое грамадзкае аб'яднаньне “Цэнтар “Супольнасьць”, грамадзкае аб'яднаньне “Дыярыюш”, грамадзкае аб'яднаньне “Правааборончы цэнтар “Вясна”, Рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне “Прававая ініцыятыва”) да міністра юстыцыі сп. Галаванава з заклікам адклікаць з судоў зыскі да вышэйзгаданых грамадзкіх арганізацыяў.

“Мы, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, выказваем сур'ёзную занепакоенасьць у сувязі з праблемай у вобласці рэалізацыі і забесьпячэньня канстытуцыйнага права грамадзян на аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь.

Мы заклікаем Вас адклікаць заявы аб прымусовай ліквідацыі грамадзкіх аб'яднаньняў. У сувязі з узьніклай праблемай намі прынятае рашэньне аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў па абмеркаваньні пытаньняў рэгістрацыі, правядзеньня праверак дзейнасьці і ліквідацыі добраахвотных аб'яднаньняў грамадзянаў”, - гаворыцца ў звароце.

Пачатак кампаніі “Наша Салідарнасьць” камэнтуе старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Беларусі сп. Алесь Бяляцкі.

“Мы ня мусім маўчаць, калі грамадзкім арганізацыям-сябрам Асамблеі пагражае закрыцьцё. Можна толькі здагадвацца, зь якой нагоды менавіта ў гэты час паднятая хваля “зачысткі” трэцяга сэктару, які будзе яе працяг і калі яна скончыца. Але ўжо зараз можна казаць пра яе катастрафічныя для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці вынікі. Таму мы абавязаныя праявіць сваю моц і спыніць палітычны перасьлед грамадзкага сэктару”.

На 21 траўня ініцыятывай “Наша Салідарнасьць” заплянаваныя грамадзкія слуханьні па пытаньнях нерэгістрацыі і ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў, па шматлікіх парушэньнях заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях з боку прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі. Стратэгічная мэта слуханьняў – разам з запрошанымі прадстаўнікамі мінюста, заканадаўчых уладаў абмеркаваць прапановы грамадзкіх арганізацыяў па зьменах заканадаўства Рэспублікі Беларусь і прывядзеньні яго ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь. Сябры ініцыятывы спадзяюцца, што на слуханьні прыйдзе запрашаны міністар юстыцыі сп. Галаванаў.

У выпадку, калі прадстаўнікі мінюсту адмовяцца ад удзелу ў грамадзкіх слуханьнях, мы так ці інкаш абмяркуем пастаўленыя пытаньні. Але іх магчымая адмова ад удзелу яскрава засьведчыць нежаданьне Міністэрства юстыцыі шукаць шляхі выхаду зь існуючай крытычнай сытауцыі”, - заявіла старшыня праўленьня Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў сп. Алена Танкачова.