Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Прэс-рэліз па выніках прэс-канфэрэнцыі 12 траўня 2003 г.
ПРЭС-РЭЛІЗ ВЫКАНАЎЧАГА БЮРО РГ АСАМБЛЕІ НДА
12.05.2003
КАМПАНІЯ “НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ” – СУПРАЦЬ ЦІСКУ НА ГРАМАДЗКІЯ АБ'ЯДНАНЬНІ
12 траўня адбылася прэс-канфэрэнцыя “Ліквідуецца грамадзкае аб'яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”. Хто наступны?” з нагоды пастановы Ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму аб ліквідацыі гэтай арганізацыі. Гомельскае абласное грамадзкае аб’яднаньне стала чацьвертым па ліку ў шэрагу зачысткі пасьля гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”, грамадзкага аб’яднаньня “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута”, грамадзкага аб’яднаньня “Моладзевы Хрысьціянска-сацыяльны Саюз”.
Сп. Карнеенка распавёў прысутным пра сутнасьць прэтэнзіяў Упраўленьня юстыцыі гомельскага аблвыканкама да гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. На думку чыноўнікаў, арганізацыя мае цэлы шэраг правінаў. Так, ГАГА парушыла правілы вядзеньня справаводзтва: блянк аб’яднаньня нібыта не адпавядае прынятаму ўзору. Таксама “Грамадзянскія ініцыятывы” абвінавачваюцца ва ўдзеле ў назіраньні за выбарамі ў мясцовыя саветы, у нямэтавым выкарыстаньні аргтэхнікі, атрыманай у бязвыплатнае карыстаньне. Пасьля выбарчай кампаніі 2001 году паводле аналягічнае скаргі з боку органаў юстыцыі ў адрас ГАГА “Грамадзянскіяі нціыятывы” з офісу была вывезеная амаль уся аргтэхніка, якую да сёньня не вярнулі.
“Мы не выключаем, што такі рэзкі крок у кірунку ліквідацыі арганізацыі з боку ўладаў зроблены ў адказ на нашае патрабаваньне аб узбуджэньні крымінальнае справы ў дачыненьні да галоўнага спэцыяліста Ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму Т.Стрыжнёвай і кансультанта упраўленьня Е. Марозавай, якія праводзілі праверку нашай дзейнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, што прывяло да ліквідацыі аргтэхнікі і значных эканамічных санкцыяў. Пасьля падачы скаргі ў суд менавіта гэтыя людзі прыйшлі правяраць статутную дзейнасьць Гомельскага абласнога грамадзкага абьяднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” ў чарговы раз”, – кажа сп. Карняенка.
Каардынатар калектыўнай абароны няўрадавых арганізацыяў сп. Чавусаў адзначыў, што чатыры зыскі аб ліквідацыі грамадзкіх абьяднаньняў утвараюць ланцуг, што падцьвярджаецца зьместам зыскавых заяваў.
“Нельга сказаць, што яны напісаны пад капірку, але наяўнасьць пэўнага шаблона відавочная. Скаргі маюць аднолькавую структуру і спасылаюцца на арт. 57 Грамадзянскага кодексу РБ, які быццам дазваляе ліквідаваць грамадзкія абьяднаньні нават за аднаразовыя парушэньні” – сказаў сп. Чавусаў.
Тым часам у Берасьцейскім абласным судзе распачалася справа па зыску аб ліквідацыі ГА “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута”. 2 траўня адбылося першае паседжаньне па справе. Прадстаўнікі абьяднаньня запатрабавалі ўдакладніць назву, пад якой арганізацыя фігуруе ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў Міністэрства юстыцыі. На іх думку, “незаконная” назва арганізацыі зарэгістраваная ў Рэестры. Суд адкладзены да атрыманьня запатрабаванай інфармацыі з Міністэрства юстыцыі.
Прысутны на прэс-канфэрэнцыі старшыня Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша” сп. Алесь Мілінкевіч распавёў пра разьвіцьцё сытуацыі вакол “Ратушы”. Сёньня з балянсу ГАГА “Ратуша” на балянс Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсітэта мусіць быць перададзены рызограф, які стаў прычынай да ліквідацыі арганізацыі. Акрамя таго ў суд скіраваныя сустрэчныя скаргі. Дата судовых паседжаньняў пакуль не прызначаная, але кіраўнік ацаніў шанцы на перамогу як вельмі малыя: “Нам усім вядома, што суд заўжды выконвае загады ўлады. Тым ня менш, будзе вельмі прыемна, калі выпадак з “Ратушай” станецца выключэньнем з правілаў”, - пракамэнтаваў сытуацыю сп. Мілінкевіч.
Старшыня Выканаўчага бюро РГ Асамблеі НДА сп. Алёна Валынец распавяла пра кампанію “Наша Салідарнасьць”, якая распачалася ў падтрымку ахвяраў “зачысткі” грамадзкіх арганізацыяў зь ініцыятывы Асамблеі НДА. Мэта кампаніі - прадэманстраваць салідарнасьць з арганізацыямі, якія апынуліся пад пагрозай закрыцьця і папярэдзіць факты прымусовага закрыцьця іншых грамадзкіх арганізацыяў.
3 траўня ў прыёмную міністра юстыцыі сп. Галаванава быў перададзены зварот, падпісаны шаснаццацьцю арганізацыямі-сябрамі ініцыятывы “Наша Салідарнасьць” з заклікам адклікаць з судоў зыскі аб ліквідацыі да грамадзкіх аб'яднаньняў “Ратуша”, “Маладзёжны Хрысьціянска-сацыяльны саюз”, “Варута”. Да сёньняшняга дня лёс ліста невядомы.
На 21 траўня заплянаваныя грамадзкія слуханьні па пытаньнях нерэгістрацыі і ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў, па шматлікіх парушэньнях заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях з боку прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі. Бягучая мэтадыялогу – прывядзеньне правапрымяняльнай практыкі ў дачыненьні грамадзкіх аб'яднаньняў у адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзейнага заканадаўства; абмеркаваньне прапановаў па зьменах заканадаўства краіны. “Мы запрашаем на грамадзкія слуханьні прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі, Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, Рады бясьпекі, дэпутатаў абодвух палатаў парлямэнту краіны і інш. Цяпер можна казаць пра два верагодныя сцэнары разьвіцьця падзеяў: калі дзяржчыноўнікі бяруць удзел у грамадзкіх слуханьнях ці адмаўляюцца ад дыялёгу з грамадзкімі арганізацыямі. Так ці інакш, дзеяньні беларускага трэцяга сэктару будуць адэкватныя”, - заявіла старшыня Выканаўчага бюро РГ Асамблеі НДА Беларусі сп. Алёна Валынец.