Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

Прэс-рэліз кампаніі “Наша Салідарнасьць”

05.06.2003

 Дыпляматы – За “Нашу Салідарнасьць”

Сёньня, 5 чэрвеня, у рамках грамадзкай кампаніі “Наша Салідарнасьць”, зарганізаванай арганізацыямі-сябрамі Асамблеі НДА Беларусі, адбылася сустрэча грамадзкіх аб'яднаньняў – сябраў ініцыятывы з прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу міжнародных арганізацыяў. Падчас сустрэчы сябры ініцыятывы зьвярнуліся да прысутных прадстаўнікоў амбасадаў ЗША, Чэскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі, Украіны з просьбай паўплываць на дзеяньні беларускіх уладаў, скіраваныя на зьнішчэньне грамадзкага сэктару краіны. Сябры ініцыятывы выказалі надзею, што місія АБСЭ ў Беларусі стане пасярэднікам у арганізацыі дыялёгу паміж беларускімі грамадзкімі аб'яднаньнямі і ўладамі ў асобе Міністэрства юстыцыі дзеля спыненьня наступу на грамадзкі сэктар і пачатку працы па дэмакратызацыі беларускага заканадаўства адносна няўрадавых арганізацыяў.

Старшыня Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб'яднаньня “Ратуша” Алесь Мілінкевіч пазнаёміў прысутных з асноўнымі абвінавачваньнямі ў адрас сваёй арганізацыі. Ён назваў пазыцыю, якой прытрымліваюцца ўлады цягам апошняга часу адносна грамадзкіх аб'яданьняў, “палітычна матываванай”. Яго фактычна падтрымаў старшыня Гомельскага абласнога грамадзкага аб'яданьня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карнеенка: “Улады падаўляюць усе магчымыя формы грамадзкай актыўнасьці”. На яго думку, гэта адбываецца па некалькіх кірунках, самыя “праблемныя” зь якіх - беларускае заканадаўства і выкарыстаньне кантралюючых органаў як каральных.

Спадар Карнеенка адзначыў, што нават у параўнаньні з украінскімі і расейскімі законамі аб грамадзкіх аб'яднаньнях беларускія неапраўдана жорсткія і скіраваныя на максымальны кантроль і падаўленьне любой ініцыятывы. Самы яскравы прыклад – інстытут юрыдычнага адрасу. “Паводле беларускіх законаў, грамадзкія аб’яднаньні рэгіструюць толькі пры наяўнасьці юрыдычнага адрасу ў адміністрацыйных памяшканьнях. Інакш ініцыятыва застаецца незарэгістраванай. Але па лёгіцы нашага заканадаўства шмат у якіх населеных пунктах легальная грамадзянская актыўнасьць проста ня можа весьціся - бо там проста няма адміністрацыйных памяшканьняў”.

Андрэй Казакевіч, намесьнік старшыні ГА “Моладзевы Хрысьціянска-сацыяльны саюз”, суд над якой праходзіць на гэтым тыдні, назваў палітыку, абраную беларускімі ўладамі ў дачыненьні да НДА, дзіўнай і іррацыянальнай. На яго думку, у выніку выцісьненьня грамадзкай актыўнасьці з прававога поля прайграюць усе – і НДА, якія сыходзяць у падпольле, і ўлады, якія ня могуць кантраляваць іх дзейнасьць, і простыя грамадзяне.

            У сваіх выступах прэзыдэнт БАЖу Жана Ліцьвіна і старшыня “Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначылі, што беларускія ўлады жадаюць атрымаць поўны інфармацыйны і ідэалягічны кантроль над грамадзтвам, адсюль такія агрэсіўныя і бескампрамісныя дзеяньні ў адносінах да грамадзкіх аб’яднаньняў, да недзяржаўных СМІ.

У зьвяз з гэтым старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар па правах чалавека” Вера Страмкоўская прапанавала ў рамках кампаніі “Наша Салідарнасьць” скіраваць адмысловы ліст у ААН. У ім зьвярнуцца да гэтай арганізацыі з просьбай накіраваць у Рэспубліку Беларусь спэцдакладчыка, які б прасачыў, як беларускі урад забясьпечвае правы на свабоду аб’яднаньня і свабоду слова ў нашай краіне.

Падчас сустрэчы арганізацыі-сябры Асамблеі адзначылі, што са свайго боку яны імкнуцца наладзіць дыялёг з прадстаўнікамі ўладаў, у тым ліку у рамках кампаніі “Наша Салідарнасьць”. Гэта засьведчыў ліст да Міністра юстыцыі Віктара Галаванава, а таксама грамадзкія слуханьні ў рамках кампаніі па абмеркаваньні пытаньняў рэгістрацыі, правядзеньня праверак дзейнасьці і ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у Рэспубліцы Беларусь, на якія былі запрошаныя беларускія чыноўнікі.

“Але мы просім Урады вашых краінаў паўплываць на дзеяньні беларускіх уладаў, скіраваныя на зьнішчэньне грамадзкага сэктару краіны”, - зьвярнуўся да прысутных дыпляматаў сп. Бяляцкі. Ён выказаў надзею, што місія АБСЭ ў Беларусі стане пасярэднікам у арганізацыі дыялёгу паміж беларускімі грамадзкімі аб'яднаньнямі і ўладамі ў асобе Міністэрства юстыцыі дзеля спыненьня наступу на грамадзянскі сэктар і пачатку працы па дэмакратызацыі беларускага заканадаўства адносна няўрадавых арганізацыяў.