Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 


30 чэрвеня 2003 г., Менск

Беларусь

Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь

Аляксандру Лукашэнку,

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь

Генадзю Навіцкаму,

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь

Пятру Брыгадзіну,

Вярхоўнаму камісару па правах чалавека

ААН,

у Камітэт па правах дзіцяці ААН (CRC),

у Камітэт па эканамічных, сацыяльных

і культурных правах ААН (CESCR),

у Дзіцячы фонд ААН

 (UNIСEF),

у Арганізацыю ААН па пытаньнях адукацыі,

 навукі і культуры (UNESCO),

у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ,

у Бюро па дэмакратычных інстытутах

 і правах чалавека АБСЭ.

 

ЗАЯВА ПРАТЭСТУ

Спыніць зьнішчэньне Ліцэю!

Мы, кіраўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі, выказваем рашучы пратэст супраць ліквідацыі ўрадам Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй – адзіная ў Беларусі навучальная ўстанова ліцэйскага тыпу, дзе дзеці атрымліваць адукацыю на беларуская мове. Ліцэй вядомы ў краіне і за яе межамі высокай якасьцю выкладаньня, пра што сьведчаць дасягненьні яго вучняў і выпускнікоў. Якасьць ліцэйскай адукацыі прызнаецца і кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі.

Нягледзячы на гэта, пастановай ураду ад 25 чэрвеня і загадам Міністэрства адукацыі ад 26 чэрвеня прынятае рашэньне аб ліквідацыі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Тымсамым разбураецца ўнікальны беларускамоўны навучальны асяродак: больш за 200 юнакоў і дзяўчат пазбаўляюцца адзінай магчымасьці вучыцца на роднай мове. Зьнішчаецца адзіная ў Беларусі сярэдняя навучальная ўстанова, дзе пасьпяхова прымяняліся новыя мэтодыкі і праграмы эўрапейскага ўзроўню.

Такія дзеяньні беларускіх уладаў парушаюць Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь, Канвэнцыю аб правах дзіцяці, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Ліквідацыю ўрадам Беларусі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа мы расцэньваем як працяг барацьбы з грамадзянскай супольнасьцю і пабудовы аўтарытарнага грамадзтва з неабмежаваным дэспатызмам адной асобы. Ліквідацыя стаіць у адным шэрагу зь іншымі дзеяньнямі беларускага рэжыму за апошнія месяцы: ліквідацыя грамадзкіх аб’яднаньняў і прафэсійных саюзаў, закрыцьцё газэт, незаконныя арышты і несправядлівыя суды грамадзкіх актывістаў у апошнія месяцы. Такія дзеяньні мы расцэньваем як сьвядомую палітыку беларускіх уладаў.

Ліквідацыя Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа – гэта беспрэцыдэнтная па нахабстве і цынізме акцыя. Дзеці-навучэнцы ліцэю сталіся ахвярай абвешчанага ўладамі змаганьня з усімі праявамі іншадумства ў працэсе “ўмацаваньня ідэалягічнай працы ў дзяржаве”. У палітычных мэтах урад бессаромна парушае права дзяцей на атрыманьне адукацыі на роднай мове.

Гэтым крокам беларускі ўрад адкрыта супрацьпастаўляе сябе беларускаму грамадзтву.



У сувязі з выкладзеным мы заклікаем:

-  прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, урад Рэспублікі Беларусь, міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь адмяніць рашэньне аб ліквідацыі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа;

-  міждзяржаўныя арганізацыі ў межах сваіх магчымасьцяў паўплываць на ўрад Беларусі з мэтай прымусіць яго выконваць права грамадзян Беларусі на атрыманьне адукацыі на беларускай мове.


Прэс-рэліз 07 ліпеня 2003 г.
Тэкст заявы