Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Прэс-рэліз па выніках акцыі 25 верасьня 2003 г.
25 верасьня 2003 г. ў межах кампаніі “Наша Салідарнасьць” адбылася акцыя, у якой узялі ўдзел каля 50 сябраў недзяржаўных арганізацыяў, якія былі юрыдычна ліквідаваныя, альбо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Мэта акцыі – выказаць сваё абурэньне дзеяньнямі мін’юста і прадэманстраваць, што, нягледзячы на юрыдычную забарону, арганізацыі працягваюць дзейнасьць.
Людзі ў накідках з назвамі арганізацыяў-ахвяраў “зачысткі”, якую ажыцьцяўляе ў грамадзкім сэктары Міністэрства юстыцыі, утварыўшы а 8:45 “жывы калідор”, на працягу 20 хвілінаў моўчкі сустракалі супрацоўнікаў міністэрства, якія ў гэты час ішлі на працу.
“Мы перакананыя, што гэтая “зачыстка” грамадзкіх арганізацыяў — палітычная замова. Мы разумеем, што Міністэрства юстыцыі й абласныя Ўпраўленьні юстыцыі – выканаўцы гэтае замовы. Нашая мэта — паказаць нязгоду зь дзеяньнямі тых, хто зараз крочыць на працу. Нам яшчэ невядома, ці яны сёньня не распачнуць зьнішчэньне яшчэ адной арганізацыі. Пра тое кажуць пытальнікі на накідках некаторых удзельнікаў акцыі, — кажа старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтар “Вясна” і старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі. — Кампанія “Наша Салідарнасьць” працягнецца. Калі раней мы спрабавалі наладзіць дыялёг з уладай, то зараз мы будзем выходзіць на вуліцы, і казаць рашучае “Не!” дзеяньням гэтае ўлады. Мы будзем працягваць нашую дзейнасьць нават калі афіцыйныя структуры будуць сьцьвярджаць, што мы існуем нелегальна”.
У акцыі бралі ўдзел сябры арганізацыяў “Вежа” (Берасьце), “Ратуша” (Горадня), “Грамадзянскія ініцыятывы” (Гомель), “Адукацыйны цэнтар “Пост”, “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” (Менск), “Праваабарончы цэнтар “Вясна”, “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”, “Прававая дапамога насельніцтву”, “Жаночы адказ”, “Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз” (усе рэспубліканскія арганізацыі) ды інш.
Супрацоўнікі мін’юста няўтульна адчувалі сябе пад позіркамі актывістаў забароненых арганізацыяў, і праходзілі праз шэраг апусьціўшы вочы долу, некаторыя нават спрабавалі абысьці “жывы калідор”, топчучы газоны.
Нагадаем, што кампанія “Наша Салідарнасьць” распачатая з ініцыятывы арганізацыяў-сябраў Асамблеі НДА Беларусі ў траўні бягучага году.