Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Не дамо “недатычную” вас інфармацыю!
Спэцыялісты ўпраўленьня юстыцыі менгарвыканкаму адмовіліся прадастаўляць грамадзянам краіны інфармацыю пра колькасьць НДА Менскага рэгіёну, а таксама пра колькасьць праверак і ліквідацыяў арганізацыяў, зьдзейсьненых у 2003 годзе. На думку чыноўнікаў, гэтая інфармацыя грамадзянаў ня тычыцца.
У лютым бягучага году былі накіраваныя запыты па інфармацыю пра стан НДА ў рэгіёнах краіны. Грамадзяне прасілі прадаставіць інфармацыю аб колькасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, зарэгістраваных у абласьцях краіны, колькасьці праверак і ліквідацыяў арганізацыяў. Гэтая дзейнасьць праводзіцца дзеля маніторынгу стану беларускіх НДА.
29 лютага атрыманы адказ з ўпраўленьня юстыцыі Менаблвыканкаму. Чыноўнікі адмовіліся прадаставіць інфармацыю, спасылаючыся на тое, што грамадзяне “ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй” маюць права атрымліваць зьвесткі толькі пра тыя арганізацыі, сябрамі якіх яны зьяўляюцца.
Спэцыяліст Упраўленьня юстыцыі Менаблвыканкама спн. Дзьмухайла так патлумачыла сытуацыю: “Такога кшталту інфармацыю мы маем, яна не зьяўляецца сакрэтнай, але паведаміць яе вам ня можам. Вы маеце права знаёміцца толькі з тымі зьвесткамі, якія закранаюць вашыя правы і інтарэсы. Дадзеная інфармацыя вас не датычыцца!”
Даведка:
Маніторынг існага становішча грамадзкіх арганізацыў ажыцьцяўляецца ў межах стратэгіі салідарных дзеяньняў няўрадавых арганізацыяў, якая была распрацаваная ў мінулым годзе. Маніторынг будзе ажыцьцяўляцца рэгулярна. Апрацаваныя вынікі маніторынга будуць скарыстаныя для прававога аналізу дзеючага заканадаўства ў параўнаньні з міжнароднымі стандартамі і заканадаўствамі суседніх краінаў. Гэта, у сваю чаргу, ляжа ў аснову прапановаў па зьменах беларускага заканадаўства з мэтай стварэньня ўмоваў для разьвіцьця НДА.
Алег Патоцкі