Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

Канцэпцыя развіцьця грамадзянскай  супольнасці Беларусі 

Агульнае  палажэнне

 

Развіццё  грамадзянскай супольнасці (грамадскасці) ёсць адной з найважнейшых умоваў станаўлення Беларусі як дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавы.

Шляхам  аб'яднання ў дабраахвотныя асацыяцыі людзі ствараюць магчымасці для рэалізацыі сваіх інтарэсаў і мэтаў, для грамадскіх дыскусіяў, для самастойнага рашэння сваіх паўсядзённых праблемаў і для ўзаемадапамогі.

Удзел грамадзянаў  у кіраванні краінай не можа быць абмежаваны толькі рэгулярным галасаваннем на выбарах. Для належнага ўзаемадзеяння дзяржаўнай улады і грамадcтва неабходнае існаванне  іншых каналаў камунікацыі, якія б дазвалялі дзяржаўным органам улічваць меркаванне грамадcкасці ў іх паўсядзённай кіраўнічай дзейнасці ў перыяд паміж выбарчымі кампаніямі. Адным з такіх каналаў з'яўляецца дзейнасць грамадзянаў у межах структураў грамадзянскай супольнасці.

Улік  пазіцыі грамадскіх аб'яданняў і  супрацоўніцтва з імі падвышаюць якасць працы органаў улады і  садзейнічаюць легітымнасці публічнай палітыкі ў вачах грамадзянаў. Пры прыняцці рашэнняў, дзяржаўныя органы павінны ўлічваць спецыфічныя інтарэсы, каштоўнасці і мэты многіх членаў грамадства ды іх аб'яднанняў, а таксама сур'ёзна ставіцца да іх, нават калі група складае меншасць у грамадстве.

Як паказвае досвед дэмакратычных краінаў, самаініцыяваныя дзеянні грамадзянаў аказваюць пазітыўны ўплыў, бо прыводзяць да больш  эфэктыўнага функцыянаваньня грамадства на аснове самарэгулявання. Праца няўрадавых арганізацыяў не з'яўляецца альтэрнатывай працы ўраду, органаў мясцоваў улады ці дзяржаўнага кіравання. Аднак, супрацоўніцтва з няўрадавымі  арганізацыямі і спрыянне ім ідзе на карысць доўгатэрміновай стабільнасці і дэмакратычнаму правапарадку, часткова аблягчае “цяжар” дзяржавы і змяншае яе выдаткі. Такое партнёрства з'яўляецца ўвасабленнем ідэі сумеснай адказнасці дзяржаўных органаў і грамадзянаў за развіццё і прагрэс грамадства і за ўмовы жыцця ў краіне.

Адзначаем важнасць удзелу Беларусі ў праграме "Усходняе партнёрства" і падкрэсліваем значнасць каштоўнасцяў, якія адзначаныя ў дэкларацыі "Усходняга партнёрства", падпісанай усімі краінамі-удзельніцамі, у тым ліку і Рэспублікай Беларусь: дэмакратыя, вяршэнства закона, павага да правоў і свабод, прынцыпаў міжнароднага права, рыначная эканоміка, устойлівае развіццё, і прапануем гэты дакумэнт як сродак іх рэалізацыі.

Гэтая Канцэпцыя  пацвярджае гатоўнасць дабрахвотных аб'яднанняў грамадзянаў і органаў дзяржаўнай улады да супрацоўніцтва ў справе падтрымкі самаініцыяваных арганізацыяў і дзеянняў народу. Прававой асновай дакументу з'яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама міжнародныя стандарты, закладзеныя ў рэкамендацыі Савета Еўропы “Аб прававым статусе няўрадавых арганізацыяў у Еўропе”.

_______________________________________________



Для мэтаў  гэтага дакумента тэрмін “няўрадавыя арганізацыі” азначае розныя тыпы арганізацыяў, створаных у межах рэалізацыі свабоды аб'яднанняў, якія не ставяць сваёй мэтай атрыманьне прыбытку – грамадскія аб’яднанні, фонды, каапэратывы, асацыяцыі і г.д.

Грамадскасьць (“грамадзянская супольнасць”) азначае самаініцыяванае супрацоўніцтва людзей для рэалізацыі сваіх інтарэсаў, абмеркавання праблем грамадства і ўдзелу ў працэсах прыняцця рашэнняў ды іх выканання, а таксама аб'яднанні, асацыяцыі, інстытуты, якія робяць магчымым такое супрацоўніцтва.

Мэты Канцэпцыі:

  1. Стварэнне спрыяльных умоў для ўмацавання грамадскасці і развіцця дэмакратыі ў Беларусі.
  2. Наладжванне камунікацыі паміж органамі ўлады і аб'яднаннямі грамадзянаў.
  3. Падвышэнне ўзроўню грамадзянскай культуры грамадства, актывізацыя ўдзелу грамадзянаў у дзейнасці аб'яднанняў, працэсе прыняцця і выканання рашэнняў.

Асноўнымі задачамі Канцэпцыі з'яўляюцца:

  1. Удасканаленне нарматыўна-прававой базы, якая рэгулюе стварэнне і дзейнасць існтытутаў грамадзянскай супольнасці розных формаў;
  2. Распрацоўка і наладжванне эфектыўнага механізму камунікацыі паміж органамі ўлады і суб'ектамі грамадскасці;
  3. Стварэнне належных умоваў для росту грамадскай ініцыятывы і развіцця грамадзянскай супольнасці;
  4. Фармаванне грамадзянскай культуры;
  5. Развіццё валанцёрства і дабрачыннасці.

Прынцыпы  і каштоўнасці, якія ляжаць у аснове супрацоўніцтва

Узаемадзеянне органаў  улады з інстытутамі грамадскасці арганізуецца на аснове наступных каштоўнасцяў ды прынцыпаў:

1. Грамадская  актыўнасць.

Грамадская  актыўнасць, то бок самаініцыяваны і дабраахвотны ўдзел людзей у грамадскім жыцці і ў вырашэнні праблемаў мясцовых супольнасцяў з'яўляецца важнейшым элементам дэмакратычнага грамадства. Дзяржаўная ўлада падтрымлівае грамадскую актыўнасць шляхам стварэння спрыяльнага прававога асяродздзя, неперадузятага інфармавання людзей аб іх дзейнасці і ўцягнення грамадзян ды іх аб'яднанняў у планаванне і выкананне рашэнняў.

2. Грамадскі ўдзел. 

Аб'яднанні грамадзянаў  з'яўляюцца каналамі для прадстаўлення  розных інтарэсаў і каштоўнасцяў у грамадстве. Праз гэтыя каналы людзі атрымліваюць інфармацыю і выказваюць сваё меркаванне аб рашэннях. Калі асобы, якія прымаюць палітычныя рашэнні, уступаюць у дыялог з грамадствам ды ўлічваюць прапановы, выказаныя ў ходзе публічнага абмеркавання, падвышаецца ўзровень кампетэнцыі грамадства і ўзровень легітымнасці дзяржавы. 

3. Павага.

Пры распрацоўцы  і рэалізацыі палітыкі грамадскія ініцыятывы і дзяржаўная ўлада выконваюць розныя ролі, аднак іх ролі дапаўняюць адна адну. Дзяржава паважае права грамадзянаў  ставіць перад сабой мэты і рэалізоўваць сваю дзейнасць на падставе свабоды аб’яднанняў і ў парадку, вызначаным міжнароднымі пагадненнямі і нацыянальным заканадаўствам у гэтай сферы, стварае ўмовы для разнастайнай дзейнасці арганізацыяў, наладжвае ўзаемадзеянне з імі на прафесійна-профільнай аснове.

4. Партнёрства.

Партнёрства мае на ўвазе наладжванне канструктыўнага  ўзаемадзеяння для больш эфектыўнага  вырашэння пытанняў жыцця грамадства.

5. Незалежнасць.

 

Дзяржаўныя  органы паважаюць незалежнасць няўрадавых арганізацыяў і прызнаюць іх права на здзяйсненне кантрольных функцый ад імя грамадскасці.  Органы улады не ўмешваюцца ў дзейнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці за выключэннем выпадкаў, усталяваных заканадаўствам.

6. Адказанасць.

Дзейнасць у інтарэсах грамадства мае на ўвазе, што аб'яднанні грамадзянаў, як і органы дзяржаўнай улады праяўляюць адкрытасць, адказнасць і справаздачацца грамадству аб сваёй дзейнасці.

7. Роўныя магчымасці.

Стварэнне органамі ўлады аднолькавых умоваў для  дзейнасці няўрадавых арганізацыяў. Усе грамадзяне і іх аб'яднанні павінны мець роўны доступ да ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Формы супрацоўніцтва:

Супрацоўніцтва  органаў дзяржаўнай улады і суб'ектаў  грамадскасці можа адбывацца ў розных формах у залежнасці ад мэтаў і  характару дзейнасці, упаўнаважанасці суб'ектаў, маштабу ўзаемадзеяння (агульнадзяржаўны, мясцовы):

  • Законатворчасць – удзел прадстаўнікоў грамадскасці ў абмеркаванні і распрацоўцы  законаў, нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць стварэнне і дзейнасць  няўрадавых арганізацыяў, ў тым ліку – законаў аб сацыяльна-эканамічным развіцьці дзяржавы, інтарэсах групаў насельніцтва, правоў і свабод грамадзянаў, інш.
  • Ацэнка дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх галінах (культура, адукацыя, ахова здароўя, занятасць, ахова навакольнага асяродздзя, сацыяльны дабрабыт ды інш.)
  • Здзяйсненне грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў улады што да вырашэння пытанняў, якія маюць грамадскае значэнне, у форме грамадскага маніторынгу падрыхтоўкі і выканання рашэнняў, экспертызы іх эфектыўнасці.
  • правядзенне органамі выканаўчай улады маніторынгу і аналізу грамадскай думкі, забеспячэнне своечасовага публічнага рэагавання на прапановы і заўвагі грамадства.
  • Падтрымка і ўмацаванне самаарганізацыі і дабраахвотнай дзейнасці грамадзянаў на карысць супольнасці.
  • выкананне супольных праектаў інфармацыйнага, аналітычна-дасьледчыцкага, дабрачыннага і сацыянага характару.
  • Пашырэнне інфармаванасці грамадства аб спрыяльнай ролі грамадзянскай супольнасці дзеля фармавання грамадзянскай культуры і развіцця валанцёрства ды дабрачыннасці.
  • Развіццё сацыянага прадпрымальніцтва як важнага кампаненту сацыяльнага развіцця.
  • Пашырэнне механізмаў дзяржаўнага сацыяльнага заказу як эфектыўнага сродку дагаварнога партнерства дзяржавы і няўрадавых арганізацыяў дзеля вырашэння грамадскіх праблемаў.

                   Маніторынг  рэалізацыі Канцэпцыі 

Маніторынг  рэалізацыі Канцэпцыі праводзіцца  органамі ўлады і няўрадавымі  арганізацыямі супольна альбо паасобку. Кожны год адбываецца ацэнка рэалізацыі Канцэпцыі (напрыклад, на сталадзеючай штогадовай канферэнцыі альбо слуханнях).

План  дзеянняў

Канцэпцыя зяўляецца рамкавым пагадненнем, якое служыць агульнай асновай супрацоўніцтва паміж грамадскім сэктарам і ўладамі. Дэтальны план рэалізацыі Канцэпцыі, у якім адлюстраваны комплекс мерапрыемстваў і больш прадметныя рашэнні праблем, выпрацоўваецца дадаткова па ўзгадненні бакоў.