Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Асамблея: прагрэсу ў сфэры свабоды аб’яднаньняў і правоў чалавека няма

Напярэдадні прыняцьця рашэньня адносна візавых санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску Асамблея НДА Беларусі заявіла пра адсутнасьць у краіне прагрэсу ў сфэры свабоды аб’яднаньняў і правоў чалавека. 

9 кастрычніка ў Варшаве заканчваецца 14 нарада АБСЭ па разглядзе выкананьня абавязальніцтваў у вобласьці чалавечага вымярэньня. У гэты ж прыкладна час заканчваецца тэставы пэрыяд, паводле якога будзе прынятае рашэньне адносна аднаўленьня ці прыпыненьня санкцыяў. Асамблея НДА у перадапошні дзень нарады АБСЭ паўдзельнічала ў абмеркаваньні ролі грамадзянскай супольнасьці ў дыялёгу паміж Беларусяй і ЭЗ. У прыватнасьці, Асамблея сумесна зь іншымі беларускімі арганізацыямі прэзэнтавала “Справаздачу аб разьвіцьці ў Беларусі”. Маніторынг рыхтавала каля 50 беларускіх і замежных аб’яднаньняў. 

Прадстаўнік дэлегацыі ад няўрадавых арганізацыяў і старшыня Рабочай групы Асамблея Сяргей Мацкевіч прэзэнтаваў ацэнку сытуацыі са свабодай асацыяцыяў у Беларусі напярэдадні вырашэньня пытаньня пра аднаўленьне візавых санкцыяў. 

Сяргей Мацкевіч: “Абяцаньні ўладаў наконт палітычнай лібэралізацыі засталіся толькі словамі. Да рэальных крокаў справа не дайшла. Мы спрабавалі данесьці прысутным актуальную інфармацыю на гэты конт. Напрыклад, пра тэндэнцыі нерэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Так, за паўгады было адмоўлена ў рэгістрацыі Асамблеі, “Нашай вясьне”, Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. Акрамя таго, дагэтуль не скасаваны артыкул 193.1, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістарванай арганізацыі. Нягледзячы на пастаянныя заявы прадстаўнікоў мінюста адносна скасаваньня артыкула 193.1, зьменаў ніякіх не назіраецца”. 

Нагадаем, прэзэнтацыя маніторынга – не адзінае мерапрыемства, якое зладзіла Асамблея НДА у межах сёлетняй нарады АБСЭ. У пачатку форума, 30 верасьня, Асамблея правяла круглы стол “193-1: Крымінальны перасьлед за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі”. Падчас мерапрыемства прысутных азнаёмілі са зьместам артыкула 193.1, палітыка-прававым кантэкстам яго ўзьнікненьня, распавялі ўдзельнікам пра практыку ўжываньня артыкула 193.1 КК у дачыненьні да ўдзельнікаў незарэгістраваных няўрадавых арганізацыяў ў 2006-2009 гг. Таксама падчас круглага стала была прадстаўленая грамадзкая кампанія “Стоп 193.1”, адбылася прэм’ера мультфільмаў, які высьмейваюць абсурднасьць артыкула 193.1. 

Даведка. Нарада АБСЭ па чалавечым вымярэньні – гэта штогадовы прадстаўнічы форум дзяржаваў-сябраў АБСЭ і эўрапейскай грамадзянскай супольнасьці. Сёлета на мерапрыемства працягвалася два тыдні: з 28 верасьян па 9 кастрычніка. На форуме прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх 56 краінаў-сябраў АБСЭ. У адрозьненьні ад папярэдніх падобных канфэрэнцыяў, дзе разглядаўся ўвесь комплекс абавязальніцтваў у гуманітарнай сфэры, дадзеная нарада засяродзілася на пытаньнях свабоды слова і правоў чалавека.


Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці
Асамблея: прагрэсу ў сфэры свабоды аб’яднаньняў і правоў чалавека няма