Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Канцэпцыя спрыяньня органамі ўлады разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, распрацаваная Асамблеяй НДА, ідзе ў рэгіёны
16-01-2010
Некалькі дзясяткаў дэлегатаў ад няўрадавых арганізацыяў Віцебшчыны ўхвалілі праект дакумэнта, адзначыўшы ягоную практычнасьць і своечасовасьць.
Грамадзкі актыў Віцебскай вобласьці сабраўся на ініцыяваны Асамблеяй НДА круглы стол дзеля абмеркаваньня дакумэнта, прыняцьце якога дазволіла б істотна палепшыць сытуацыю з грамадзкімі аб’яднаньнямі ў краіне. Прадстаўнікі НДА зь Віцебску, Гарадку, Верхнядзьвінску, Сянна і іншых гарадоў рэгіёну выказалі свае камэнтары наконт мэтазгоднасьці прасоўваньня Канцэпцыі на ўсіх узроўнях улады. Сябра Рабочай групы Асамблеі зь Віцебску Віталь Броўка адзначыў жывы характар сустрэчы, што сьведчыць пра зацікаўленасьць да Канцэпцыі з боку грамадзкіх суб’ектаў рэгіёну. Віталь Броўка: “На мерапрыемстве гучалі розныя меркаваньні. Некаторыя адзначалі, што пабудаваць грамадзянскую супольнасьць у супрацоўніцве з існай уладай немагчыма. Аднак у цэлым, удзельнікі заўважалі, што канцэпцыя зьяўляецца вартай увагі. На думку удзельнікаў, неабходна запускаць яе у практычную плашчыню і дамагацца ўнясеньня асобных ейных элемэнтаў, альбо ўсяго дакумэнта ў заканадаўства”.
Алег Гулак, ініцыятар распрацоўкі Канцэпцыі (сябра Праўленьня Асамблеі і старшыня БХК), які прысутнічаў на круглым стале ў Віцебску, лічыць, што абмеркаваньне праекта Канцэпцыі ў рэгіёнах само па сабе ілюструе практычнасьць дадзенага дакумэнта. Так, паводле праваабаронцы, грамадзкія лідэры маюць патрэбу ў наяўнасьці дакумэнта, на падставе якога можна было б узаемадзейнічаць з уладамі як на ўзроўні Адміністрацыі прэзыдэнта, так і мясцовых адміністрацыяў. “Сёньняшняя сустрэча – гэта пачатак дзеяньня Канцэпцыі. Структуры грамадзянскай супольнасьці прымяраюць дакумэнт на сябе. Гэта ужо амаль тое, дзеля чаго ўласна Канцэпцыя і ствараецца”, -- падкрэсьліў Алег Гулак.
Падобныя абмеркаваньні праекта Канцэпцыі ў Беларусі ладзяцца Асамблеяй НДА не ўпершыню. Так, аналягічныя сустрэчы з грамадзкімі актывамі рэгіёнаў адбываліся раней у Магілёве і Гомелі, а таксама ў Менску.
Кантактныя асобы:
Алёна Валынец, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА, 375296516127
Алег Гулак, старшыня БХК, 375296099499
Віталь Броўка, сябра Рабочай групы Асамблеі НДА, 375298146247
Электронная пошта: preskantakt@belngo.info