Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

Дэмакратызацыя Беларусі пачнецца з дыялёгу дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці

 

01-03-2010

 

Так вырашылі грамадзкія лідэры Гомельшчыны падчас абмеркаваньня праекта Канцэпцыі спрыяньня органамі ўлады разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці Беларусі”, распрацаванага Асамблеяй НДА.

28
лютага ў Гомелі экспэрты і грамадзкія дзеячы абмеркавалі праект Канцэпцыі разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці. Паводле мадэратара сустрэчы Ўладзімера Кацоры, на сустрэчы прысутнічала 14 рэгіянальных экспэртаў па трэцім сэктары і лідэраў найбольш заўважных НДА. “Вузкае кола ўдзельнікаў было абумоўленае фарматам мерапрыемства. Мы хацелі арганізаваць плённае абмеркаваньне, каб кожны мог выказацца, таму не ініцыявалі масавую сустрэчу”, -- адзначыў Уладзімер Кацора.

Старшыня БХК Алег Гулак прэзэнтаваў праект Канцэпцыі перад грамадзкім актывам рэгіёна. Прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Гомельскай вобласьці (з Гомеля, Мазыра, Жлобіна, Сьветлагорску, Рэчыцы і г.д.) зазначылі, што зьяўленьне Канцэпцыі ў варунках актывізацыі беларуска-эўрапейскага дыялёгу своечасовае. Удзельнікі абмеркаваньня
Канцэпцыі лічаць, што беларускія ўлады па-ранейшаму далёкія ад усьведамленьня карысьці НДА ў вырашэньні праблемаў грамадзтва. Аднак, паводле грамадзкіх актывістаў, апошнім часам назіраюцца пазытыўныя тэндэнцыі. Да прыкладу, на сустрэчы прыводзіўся аргумэнт адносна перагляду стаўленьня дзяржавы да бізнэсу пад ціскам эканамічнага крызісу. Прадпрымальніцкія структуры прапанавалі ўладам свае канцэпцыі паляпшэньня бізнэс-клімата ў краіне. Адпаведна, магчымасьці праграмы Ўсходняе Партнэрствамогуць паспрыяць наладжваньню канструктыўных адносінаў дзяржавы і грамадзкага сэктару ў Беларусі.

Як зазначыў сябра Праўленьня Асамблеі НДА Алег Гулак, “Канцэпцыя мусіць падказаць уладам шляхі стварэньня грамадзянскіх ініцыятываў і ўдасканаленьня заканадаўства ў сфэры дзейнасьці НДА”.

З мэтай папулярызацыіКанцэпцыі спрыяньня органамі ўлады разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці БеларусіАсамблея НДА зладзіла падобныя сустрэчы ў іншых абласных цэнтрах краіны. Апроч таго, праект дакумэнта быў перададзены на азнаямленьне сябрам Грамадзка-кансультатыўнай Рады.

Нагадаем, Канцэпцыя была распрацаваная Асамблеяй НДА. Паводле задумы стваральнікаў, дадзены дакумэнт павінен падказаць уладам шляхі стварэньня спрыяльных умоваў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, ажыўленьня грамадзянскіх ініцыятываў і ўдасканаленьня заканадаўства аб дзейнасьці НДА. Падобныя дакумэнты прынятыя ў некаторых краінах ЭЗ (напрыклад, у Харватыі, Вугоршчыне, Брытаніі, Францыі, Эстоніі ды інш.), а таксама ў шэрагу дзяржаваў СНД – Украіне і Казахстане на ўзроўні заканадаўства.

 

Кантактныя асобы:

 

Алег Гулак, старшыня БХК, + 375296099499


Уладзімер Кацора, сябра Рабочай групы Асамблеі НДА, + 375296548656

Электронная пошта: preskantakt@belngo.info