Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Рабочая група Асамблеі НДА заклікае Раду Міністраў распрацаваць закон “Аб некамэрцыйных арганізацыях” у шчыльнай супрацы з зацікаўленымі суб’ектамі

2010-04-16

У адпаведнасьці з плянам падрыхтоўкі законапраектаў, да сьнежня бягучага году Радай Міністраў мусіць быць распрацаваны праект Закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях”.  Плянуецца, што дадзены законапраект будзе ўнесены ў Парлямэнт у сакавіку 2011 года. У зьвязку з гэтым на пасяджэньні Рабочае групы Асамблеі НДА, якая адбылася 16 красавіка, прынятая адпаведная заява. “Відавочна, што распрацоўка гэтага законапраекта мусіць ажыцьцяўляцца з улікам меркаваньня зацікаўленых суб’ектаў беларускай грамадзянскай супольнасьці”, -- гаворыцца ў тэксьце дакумэнта.

Сябры Рабочае групы прапаноўваюць Радзе Міністраў распрацоўваць канцэпцыю і зьмест заплянаванага закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях” у дыялёгу з грамадзкімі структурамі. Акрамя таго, прадстаўнікі Асамблеі НДА заклікаюць профільныя беларускія экпэртныя цэнтры далучыцца да выпрацоўкі прапановаў па зьмесьце будучага законапраекта. А таксама зьвяртаюцца да міжнародных экспэртных арганізацыяў з просьбай аказаць мэтадычную і кансультацыйную дапамогу ў гэтым пытаньні.

Прынятую заяву мы будзем шырока распаўсюджваць. Асабліва сярод тых органаў, якія абавязаныя распрацоўваць закон “Аб некамэрцыйных арганізацыях.”, -- адзначыла кіраўнічка Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец.

Апроч прынятай заявы, сябры Рабочае групы абмеркавалі плян графіку дзейнасьці арганізацыі. Так, 12 траўня сябры Асамблеі НДА уздымуць праблему наяўнасьці ў Беларусі артыкула 193.1 КК у межах канфэрэнцыі Міжнароднага Пэрыядычнага дакладу (UPR), якая будзе адбывацца ў Жэневе з 10 па 21 траўня. У бліжэйшыя два тыдні зьявіцца шэраг новых  iнфармацыйных мерапрыемстваў у межах кампаніі.

Працягваюцца абмеркаваньні  Канцэпцыі садзеяньня органамі ўлады разьвіцьцю грамадзянскае супольнасьці ў рэгіёнах. Cябра Грамадзка кансультатыўнае рады Алег Гулак прапанаваў унесьці ў парадак дня аднаго з наступных паседжаньняў дадзенага органа разгляд Канцэпцыі, дакумэнт быў перададзены шэрагу чыноўнікаў. Дадзеная Канцэпцыя была распрацаваная Асамблеяй НДА і ужо некаторы час абмяркоўваецца грамадзкімі актывістамі ў Менску і рэгіёнах. На верасень заплянаваныя грамадзкія слуханьні па тэме Канцэпцыі з запрашэньнем уладаў і міжнародных экспэртаў.

Сяргей Мацкевіч, які зьяўляецца сьпікерам Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства, праінфармаваў пра арганізацыю працы НДА па дзейнасьці ў межах Усходняга партнэрства, унутры плятформаў. У бліжэйшчы час Асамблея зьбярэ грамадзкіх актывістаў дзеля працы ў перашай плятформе “Дэмакратыя і грамадзянская супольнасьць”. Таксама Асамблея ўвайшла ў аргкамітэт па арганізацыі правядзеньня нацыянальнага Форуму грамадзянскае супольнасьці праграмы Ўсходняе партнэрства. Беларускае мерапрыемства мусіць адбыцца напярэдадні другога Форуму грамадзянскай супольнасьці праграмы “Ўсходняе партнэрства”, якое запланаванае на лістапад гэтага году.

Пасяджэньне Рабочае групы скончылася ўскладаньнем кветак і накіраваньнем спачуваньняў у Польскую Амбасаду ў сувязі з трагедыяй пад Смаленскам.

 

Кантактныя асобы:

Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі, +375296512397

Алёна Валынец, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА, + 375296516127

Электронная пошта: preskantakt@belngo.info


Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці
Рабочая група Асамблеі НДА заклікае Раду Міністраў распрацаваць закон “Аб некамэрцыйных арганізацыях” у шчыльнай супрацы з зацікаўленымі суб’ектамі