Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Вярхоўны суд адмовіў у рэгістрацыі беларускага аддзяленьня Міжнароднай хэльсінскай асацыяцыі
2010-05-26
Беларускі мін'юст тлумачыць украінскае заканадаўства.
26 траўня судзьдзя Вярхоўнага Суда Рыма Філіпчык абвесьціла рашэньне па скарзе заснавальнікаў беларускага аддзяленьня Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Міжнародная хэльсінская асацыяцыя па правах чалавека". Праваабаронцы абскарджвалі ў судзе адмову ў рэгістрацыі, якая была вынесеная Міністэрствам юстыцыі.
У выніку разгляду справы суд прыйшоў да высновы, што адмова ў рэгістраціы была абгрунтаваная і не задаволіў скаргу.
Спрэчка ў гэтым працэсе вялася вакол патрабаваньняў беларускага заканадаўства што да колькасьці заснавальнікаў, неабходных для рэгістрацыі арганізацыйных структураў міжнародных грамадзкіх аб'яднаньняў, створаных і зарэгістраваных у іншых краінах. Варта адзначыць, што да вынясеньня рашэньня аб адмове ў рэгістрацыі аддзяленьня Міжнароднай хэльсінскай асацыяцыі, міністэрства ўжывала працэдуру прыпыненьня працэсу рэгістрацыі, што сьведчыць пра выпраўляльны характар недахопаў, якія маглі быць дапушчаныя пры стварэньні гэтай арганізацыйнай структуры.
Незвычайным момантам гэтага працэсу было тое, што Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь паклала ў аснову свайго рашэньня ўласнае тлумачэньне ўкраінскага заканадаўства (цэнтральныя органы згаданага грамадзкага аб'яднаньня размешчаныя ў Кіеве). Беларускія чыноўнікі абвесьцілі, што рашэньне аб стварэньні беларускага аддзяленьня, прынятае вышэйшым органам асацыяцыі, не адпавядае патрабаваньням украінскага заканадаўства і зьяўляецца юрыдычна нікчэмным. Вярхоўны суд вырашыў не чакаць адказу з украінскага Міністэрства юстыцыі па гэтым пытаньні, хаця такі запыт быў скіраваны заснавальнікамі арганізацыі.
"У гэтым працэсе абмежаваньне свабоды аб'яднаньняў, якое практыкуецца беларускім міністэрствам юстыцыі, ужо выходзіць за межы Беларусі і распаўсюджваецца і на суседнія краіны. Шкада, што гэта адбываецца са згоды Вярхоўнага суда, рашэньне якога выклікае сур'ёзныя сумневы" - пракамэнтаваў вынікі справы юрыст Юры Чавусаў, які ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці ад імя Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі Хэльсінскі Камітэт".
Кантактнaя асобa:
Юры Чавусаў, прадстаўнік грамадзкасьці, юрыст: +375 29 641 43 47
Электронная пошта: preskantakt@belngo.info