Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

У Вільні адбыўся брыфінг на тэму “Артыкул 193-1: крымінальная адказнасьць за дзейнасьць NGO ў Беларусі”

2010-06-10

10 чэрвеня Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў супольна з Домам правоў чалавека ў Вільні зладзілі брыфінг на тэму “Артыкул 193-1: крымінальная адказнасьць за дзейнасьць NGO ў Беларусі”. Мерапрыемства адбылося за некалькі гадзінаў да пачатку IV рэгіянальнага кангрэсу НДА, на які зьяжджаюцца прадстаўнікі арганізацыяў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, Каўказу і Балтыі.  

“На дадзены момант у Вільні знаходзіцца вялікая колькасьць міжнародных аб’яднаньняў, таму мы і вырашылі напярэдадні кангрэсу праінфармаваць пра праблему існаваньня ў Беларусі крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць NGO, бо артыкул 193.1 зьяўляецца асноўнай перашкодай для разьвіцьця грамадзкага сэктару”, -- распавяла каардынатарка кампаніі «Стоп 193.1!» Асамблеі НДА Алёна Валынец.

Паслухаць пра праблему існаваньня артыкула 193.1 прыйшлі прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і супрацоўнікі амбасадаў. Усяго 24 асобы. 

Сярод выступоўцаў зь беларускага боку – старшыня Рабочае групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец, юрыст Юры Чавусаў, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка і праваабронца Валянцін Стэфановіч. 

Старшыня Рабочае групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч выступіў з дакладам на тэму “Панарама беларускага грамадзянскага сэктару”. Падчас яго выступу былі агучаныя зьвесткі пра стан беларускага грамадзкага сэктару, прававыя падставы дзейнасьці, колькасьць арганізацыяў і іхныя асноўныя праблемы. 

Алёна Валынец патлумачыла ідэю і зьмест кампаніі Асамблеі “Стоп 193.1”. Кіраўніца Выканаўчага бюро закранула пытаньні далейшых плянаў кампаніі, а таксама важнасьці ўдзелу міжнароднай грамадзкасьці ў дадзенай ініцыятыве. Апроч таго, наведнікам мерапрыемства былі прадэманстраваныя тэматычная мультымэдыйная прадукцыя.  

Палітыка-прававы кантэкст паўставаньня артыкула 193.1 КК акрэсьліў Юры Чавусаў. У межах дадзенага выступу – аповед пра гісторыю разьвіцьця абмежаваньняў на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі і ўмовы зьяўленьня артыкулу 193.1. Акрамя таго, Юры Чавусаў прывёў канкрэтныя прыклады выкарыстаньня артыкула. А менавіта былі ўзгаданыя справы Партнэрства і Маладога Фронту. 


Паведамленьне Вольгі Смалянкі датычылася зьместу і прававога аналізу артыкула 193.1 КК, а таксама суадносінаў гэтага дакумэнта з міжнародна-прававымі дакумэнтамі і агульнапрынятамі стандартамі ў галіне свабоды асацыяцыяў (Усеагульная дэклярацыя, нормы Рады Эўропы і г.д.). 

Абагульніў практыку выкарыстаньня артыкула 193.1 Валянцін Стэфановіч. Праваабаронца прывёў статыстыку асуджаных актывістаў, ўзбуджаных крымінальных справаў і вынесеных папярэджаньняў па дадзеным артыкуле, прааналізаваў іхнюю дынаміку. Ён адзначыў існыя праблемы і складанасьці з рэгістрацыяў грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў.  

Завяршаючы мерапрыемства, арганізатары зьвярнуліся да прысутных з просьбай далучацца да кампаніі Асамблеі “Стоп 193.1”.

 

Кантактныя асобы:

Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі, + 375296512397

Алёна Валынец, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА, + 375296516127

Электронная пошта: preskantakt@belngo.info