Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці
ПРЭС-РЭЛІЗ
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў
17.11.2009
Культурна-асьветніцкаму аб’яднаньню са Слоніма “Залаты леў” адмовілі ў рэгістрацыі па абсурдных прычынах
Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама вырашыла адмовіць у рэгістрацыі слонімскаму аб’яднаньню “Залаты леў”. Асноўная падстава адмовы -- неадпаведнасьць заканадаўству асобных палажэньняў статута аб’яднаньня, у тым ліку датычных парадку ўнясеньня зьменаў у статут і парадку абскарджаньня рашэньняў органаў аб’яднаньня. Аднак самая абсурдная прычына адмовы ў рэгістрацыі, пазначаная чыноўнікамі ўпраўленьня юстыцыі, -- гэта сьцьвярджэньне, што ў “тэксьце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы “Залаты леў”.
Зь неканструктыўнай пазыцыяй органа юстыцыі ня згодны юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў: “Юрыдычныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня “Залаты леў” адсутнічаюць цалкам. Прэтэнзіі да статута не грунтуюцца на заканадаўстве і зьяўляюцца вынікам адвольнгага тлумачэньня чыноўнікамі нормаў права. Заснавальнікі маглі бы лёгка ў працоўным парадку задаволіць пажаданьні органа рэгістрацыі і ўнесьці ў статут патрэбныя выпраўленьні. Тым больш, заканадаўства прадугледжвае такую магчымасьць”.
Адзін зь ініцыятараў стварэньня Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня “Залаты леў” Алесь Масюк лічыць рашэньне абласнога ўпраўленьня юстыцыі палітычна матываваным: “Улады працягваюць палітыку нерэгістрацыі ў дачыненьні да асобаў, якіх яны залічылі ў апазыцыю. Усе недапрацоўкі статута мы маглі б выправіць цягам дня, а нас проста вырашылі забараніць. Паўторная спроба рэгістрацыі каштуе 10 базавых велічыняў. Магчыма, улады проста на нас зарабляюць грошы”. Прадстаўнікі арганізацыі намераныя аспрэчваць рашэньне рэгістравальнага органу ў судзе.
Мэтамі дзейнасьці Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Залаты леў” зьяўляюцца павышэньне культурна-асьветніцкай грамадзкай актыўнасьці жыхароў Слонімскага раёна для вырашэньня грамадзка значных праблемаў мясцовасьці, аб’яднаньне грамадзянаў, якія выступаюць за духоўнае, нацыянальнае і культурнае адраджэньне беларускага грамадзтва, павышэньне культурна-асьветніцкай ролі моладзі ў працэсе фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.
Заснавальнікі Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Залаты Леў” раней уваходзілі ў склад іншай няўрадавай арганізацыі – Слонімскага моладзёвага аб’яднаньня “Ветразь”, якое некалькі год таму было прымусова ліквідаванае рашэньнем суда на падставе адсутнасьці юрыдычнай адрэсы.
Кантактныя асобы:
Юрый Чавусаў, юрыст Асамблеі НДА, + 375296414347
Алесь Масюк, ініцыятар стварэньня Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня “Залаты леў”,
+ 375 29 9794275
Электронная пошта: preskantakt@belngo.info
Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці