Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

ПРЭС-РЭЛІЗ

Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў

18-12-2009

Адбыўся ўстаноўчы сход Асацыяцыі каардынацыі грамадзкіх арганізацыяў “Асамблеі НДА”

18 сьнежня ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход Асацыяцыі каардынацыі
грамадзкіх арганізацыяў “Асамблеі НДА”. Паўторны ў гэтым годзе.

Першая спроба легалізаваць Асамблею НДА скончылася няўдачай.

Прадстаўнікі Асамблеі НДА як тады, так і зараз лічаць рашэньне Мінюста
аб адмове ў рэгістрацыі неабгрунтаваным і несправядлівым. Аднак хочуць працаваць легальна. Таму і правялі ўстаноўчы сход.

“У пачатку года, калі мы спрабавалі дамагчыся рэгістрацыі, ва ўладаў
было куды больш магчымасьцяў прадэманстраваць свае добрыя намеры.


Па-першае, разглядаліся варыянты ўзаемадзеяньня з Эўропай. А
па-другое, пастаянна агучваліся пытаньні нашае рэгістрацыі на самым
высокім узроўні. Аднак улады так і не захацелі пашырыць легальныя
рамкі дзейнасьці сваім апанэнтам. Нягледзячы на гэта, мы хочам
працаваць законна”. -- Падкрэсьліў старшыня Рабочай групы Асамблеі
Сяргей Мацкевіч.

На ўстаноўчым сходзе Асамблеі НДА быў зацьверджаны статут і прынятыя дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі. У статуце адбыліся нязначныя касмэтычныя праўкі.

За час, які прайшоў з моманту першага ў гэтым годзе ўстаноўчага сходу,
ніхто зь ініцыятараў не адмовіўся ад свайго рашэньня. Заснавальнікамі
выступілі тыя ж самыя арганізацыі: Рэспубліканскае праваабарончае
грамадзкае аб’яднаньне  “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, грамадзкае
аб’яднаньне “Цэнтар па правах чалавека”, гарадзкое грамадзкае
аб'яднаньне «Цэнтар «Супольнасьць»,  Грамадзкае аб’яднаньне
шматдзетных сем’яў Верхнядзьвінскага раёну “Сям’я” ды іншыя.

Кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец спадзяецца, што нядаўняе абраньне Сяргея Мацкевіча, які прадстаўляў на Форуме
грамадзянскае супольнасьці Ўсходняга партнэрства незарэгістраваную
Асамблею, на пасаду сьпікера Форума зможа паўплываць на рашэньне
Мінюста адносна рэгістрацыі Асацыяцыі пазытыўным чынам.

Нагадаем, пры адмове ў рэгістрацыі Асамблеі НДА 9 красавіка Мінюст
адзначыў наступныя прычыны. Першая -- устаноўчая дамова аб стварэньні асацыяцыі зьяўляецца несапраўднай, паколькі кіраўнікі
арганізацыяў-заснавальнікаў Асамблеі падпісалі яе нібыта бяз згоды
кіруючых органаў сваіх аб’яднаньняў. Другая -- мэты арганізацыяў-аснавальнікаў не супадаюць са статутнымі мэтамі асацыяцыі. Трэцяя -- “назва АКГА “Асамблея НДА” не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, паколькі ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе членаў”. На думку заснавальнікаў Асамблеі НДА, пералічаныя Мінюстам прычыны робяць немагчымай рэгістрацыю любой асацыяцыі. Спробы абскарджаньня рашэньня Мінюста ў судовых інстанцыях плёну таксама не прынесьлі.

Кантактныя асобы:

Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі, Тэл.: +375296512397

Алёна Валынец, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА, 375296516127

Электронная пошта: preskantakt@belngo.info


Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці
Адбыўся ўстаноўчы сход Асацыяцыі каардынацыі грамадзкіх арганізацыяў “Асамблеі НДА”